Другі «Кар’ерны форум» сабраў 3 красавіка ў «Прэзідэнт-атэлі» больш за тысячу студэнтаў і тры дзясяткі паспяховых кампаній, каб яны змаглі ўсталяваць трывалыя сувязі і знайсці найлепшы старт у прафесіі.
Арганізавала вялікае кар’ерна-адукацыйнага мерапрыемства ўпраўленне кадраў БДУ.
«Узаемадзеянне 3.0» – менавіта такі слоган у «Кар’ернага форума», што значыць узамадзеянне па сувязі «універсітэт-працадаўца-студэнт». Ён стаў працягам мадэлі «Універсітэта 3.0», якая прадугледжвае стварэнне ўнутры універсітэтаў інтэграванага адукацыйнага, навуковага і прадпрымальніцкага асяроддзя для камерцыялізацыі навуковых распрацовак, а таксама павышэнне якасці і эфектыўнасці практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыялістаў. «Такі падыход змяняе вектар адукацыі. «Кар’ерны форум» дазволіць выкладчыкам па-новаму зірнуць на працэс адукацыі», – адзначыў рэктар Андрэй Кароль. БДУ даручана распрацоўка і рэалізацыя эксперыментальнага праекта па ўкараненні новых падыходаў у развіцці вучэбнай, навуковай і прадпрымальніцкай інфраструктуры універсітэта па мадэлі «Універсітэт 3.0». Важную ролю ў інавацыйнай канцэпцыі грае «Кар’ерны форум».
Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт не толькі рыхтуе спецыялістаў, але і дапамагае знайсці месца працы. Для гэтага БДУ падпісвае кантракты з паспяховымі праверанамі ўстановамі, якія зацікаўленыя ў маладых перспектыўных выпускніках, і заахвочваюць іх дзейнасць. Але не ўсе прэферэнцыі студэнтам апошніх курсаў! Універсітэт прапануе і дамаўляецца на месца для стажыроўкі студэнтаў малодшых курсаў. У перапынках паміж інфармацыйнымі блокамі студэнты маглі пазнаёміцца з 30 кампаніямі-удзельніцамі форуму, запісацца на сумоўе і стажыроўкі.
«Для Альфа-Банка гэта перш за ўсё магчымасць расказаць пра сябе, як пра брэнд, які ідзе ў рытме з моладдзю, аб тым, якія людзі нам патрэбныя, пагутарыць з прэтэндэнтамі на вакансіі, даць параду і проста расказаць пра магчымасці. Усім прапаноўвалася запоўніць невялікую анкету з пазнакай, якая сфера цікавіць студэнта і чым ён хоча займацца ў банку. Студэнтам трэба загадзя задумвацца аб працы, праходзіць практыку, розныя стажыроўкі, удзельнічаць у праектнай дзейнасці ва ўніверсітэце, валанцёрскіх праграмах. Часта кажуць, што пры ўладкаванні на працу ў першую чаргу глядзяць на вопыт, а не на веды. Ініцыятыўнасць, камунікатыўныя навыкі, мэтанакіраванасць, матывацыя — часам гэтыя якасці кажуць самі за сябе і цэняцца нашмат больш» – кажа HR-спецыяліст «Альфа-Банка» Юлія Алімбекава.
Начальнік упраўлення кадраў БДУ Наталля Няпеўная падкрэсліла арыентаванасць форума на студэнтаў, а рэктар адзначыў патрэбу развіваць іх асобасныя навыкі. Для студэнтаў зладзілі 9 майстар-класаў, дзе вучылі ствараць рэзюме і будаваць паспяховую кар’еру. Папулярным стаў матывацыйны інтэнсіў «Актуальны ўчора, сёння, заўтра». Да трансляцыі падключылася каля 15 тысяч чалавек! І не дарма:
«Самым цікавым, на мой погляд, былі майстар-клас па soft skills і матывацыйны інтэнсіў. Спікеры прыводзілі прыклады з уласнага вопыту, давалі разгорнутую інфармацыю. Больш за ўсіх зачапіла Аміна Ідыгава. Захапляльны чалавек, цікавая прэзентацыя і неверагодная энергетычная падача. На такіх людзей хочацца раўняцца і развівацца самому» – кажа студэнтка Вольга Папова.
На «Кар’ерным форуме» працавалі асобныя секцыі для студэнтаў, каардынатараў падраздзяленняў і кампаній.