Як сумясціць запатрабаванні працадаўцаў з магчымасцямі ўніверсітэтаў па падрыхтоўцы маладых спецыялістаў, абмеркавалі эксперты на панэльнай дыскусіі ў рамках «Кар’ернага форуму» БДУ.
Наталля Чайлытка, дырэктар кадравага цэнтра «Статус»:
– Распавяду пра праблемы, з якімі сутыкнулася ў сваёй практыцы. Выпускаецца значна больш спецыялістаў, чым патрабуецца для працадаўцаў, напрыклад, эканамісты, юрысты, нават будаўнікі ўжо не так запатрабаваныя… Кіраўнікі арганізацый адзначаюць, што хацелася б, каб ВНУ рыхтавалі спецыялістаў, якія прыйдуць на рынак бізнес-паслуг, у вытворчую сферу. Універсітэты павінны глыбей вывучаць запатрабаванні рынку. Калі гэты маніторынг будзе наладжаны і будуць выпускацца такія спецыялісты, то ў студэнтаў цяжкасцяў у пошуку працы будзе значна менш. Яшчэ ў 1966 годзе была распрацавана методыка скіраванасці прафесій (тыпалогія прафесій Голанда – заўв. Рэд.). Іх усяго 5. Таму калі ўвесці прафарыентацыйнае тэсціраванне ва ўніверсітэтах і па заканчэнні школы, то мы зможам пазбегнуць трапляння студэнтаў не ў тую сферу, зменшыць нездаволенасць прафесіяй. Што да навучальнага працэсу, то я часта чую ад выпускнікоў: «Нас вучылі не практыцы, а тэорыі – і цяпер мы нікому не патрэбныя».
І напрыканцы адзначу, чаму «бюджэтнікаў» неахвотна бяруць працадаўцы. Наймальнік павінен быць упэўнены, што за 2 гады малады спецыяліст прынясе яму карысць. А калі выпускнік не дасць выніку, то кампанія нясе вялікія рызыкі, бо звольніць такога супрацоўніка нельга, а плаціць яму трэба. Даследаванне нашага цэнтра паказала, што 70 % студэнтаў павінны працаўладкоўвацца на перадапошнім курсе, тады ў іх ёсць шанец пасля ВНУ атрымаць такую ж працу: ужо будзе досвед і адпаведная зарплата.
Сяргей Маркаў, вядучы інжынер аддзела па рабоце з персаналам IBA і выкладчык БДУ:
– У нашай кампаніі працуе шмат выпускнікоў па размеркаванні. Самыя лепшыя студэнты – гэта бюджэтнікі. Наадварот, IT-кампаніі лічаць плюсам тое, што студэнты адпрацоўваюць пасля выпуску два гады. Таму што добрых спецыялістаў можна ўтрымаць на два гады, бо яны мігруюць з праекта на праект. Студэнт вольны выбіраць праект з прыдатнымі ўмовамі каманднай працы, стаўленнем да спецыялістаў, узроўнем зарплаты. Цяпер асноўныя спецкурсы па выбары, практыка-арыентаваныя курсы, якія дазваляюць павялічыць кампетэнцыі, неабходныя для працы ў IT, даюцца ў магістратуры. IT-кампаніі запаўняюць гэты прабел, праводзячы свае трэнінгі і навучанне для студэнтаў 3–4 курсаў. Паколькі я прадстаўляю і кампанію IBA, і ФПМІ БДУ, то ведаю, што нашы студэнты працуюць ужо з другога курса. Калі яны яшчэ ў школе займаліся робататэхнікай, то ўжо на малодшых курсах працуюць у кампаніі. Патрабуецца, вядома, кампраміс паміж вучобай і адукацыяй, таму што тады надаецца менш увагі навучальнаму працэсу. Наша адукацыя дае фундаментальныя веды, і нашы спецыялісты высока каціруюцца ў свеце.
Важнае пытанне амаладжэння выкладчыцкага складу, бо калі розніца ва ўзросце паміж студэнтам і выкладчыкам 50 гадоў, то вельмі складана знайсці разуменне: студэнт не атрымлівае патрэбных сучасных ведаў, не паглыбляецца ў мора інфармацыйных disruption technologies (disruption – прарыў). Сёння студэнты не ўспрымаюцца ў кампаніі як людзі, якія павінны адразу ўліцца ў праект і працаваць на ўзроўні тых, хто 5–8 гадоў у кампаніі. У сілу сваёй маладосці яны павінны прапанаваць вось гэтыя прарыўныя тэхналогіі, інавацыйныя метады і нестандартныя ідэі.
Наталля Бурэц, HRM кампаніі Qulix Systems:
– Выпускнікі БДУ складаюць вялікі працэнт супрацоўнікаў нашай IT-кампаніі. У нас працуюць матэматыкі, да іх падцягваюцца радыёфізікі, у якіх ужо ўведзены новыя спецыяльнасці, звязаныя з камп’ютарнымі тэхналогіямі. Для прыкладу, калі мы шукалі спецыяліста ў юрыдычны аддзел, яго начальнік загадзя сказала, што ў прыярытэце выпускнікі БДУ. Толькі пасля БДУ мы разглядаем рэзюмэ іншых спецыялістаў. Такія падыходы і ў іншых дэпартаментах.
Бачанне прадстаўнікоў
студэнцтва
Крысціна Кутасава, спецыяліст па персанале кампаніі Qulix Systems і выпускніца БДУ 2017 года:
– Кампанія Qulix Systems – мой першы працадаўца. Аднак у мяне быў актыўны шлях пошуку, да гэ-тага прайшла 17 сумоўяў, і ў выніку я атрымала дзве прапановы з сумежнымі функцыямі. А пра кампанію Qulix Systems я даведалася якраз на кар’ерным форуме БДУ 2017 года. Універсітэт прапанаваў мне яшчэ два варыянты працаўладкавання і нават выкладанне на кафедры.
Выбар напрамку спецыяльнасці ў мяне быў усвядомлены. На першым курсе нам выкладалі агульны менеджмент, потым можна было абраць напрамак – «кіраванне персаналам», «кіраванне нерухомасцю» ці «кіраванне фінансамі». Я доўга думала, у чым бы мне хацелася развівацца, і самая апошняя прынесла заяву на кафедру.
На сёння я адпрацавала ў кампаніі ўжо год. І вельмі задаволена тым, як усё склалася.
Ульяна Чаркун, студэнтка 2 курса факультэта філасофіі і сацыяльных навук:
– Мне пашанцавала, я студэнтка толькі 2 курса і планавала пайсці на працу з курса трэцяга, але цяпер ужо працую ў Медыяцэнтры БДУ. Месца я знайшла па ўласнай спецыяльнасці, а яна спецыфічная – «сацыяльныя камунікацыі». У медыяцэнтры прыдатная пасада знайшлася.
Магчымасці для студэнтаў ва ўніверсітэце ёсць, аднак іх бывае цяжка знайсці. На факультэце актыўна заклікалі шукаць практыку, але як, нам было невядома. Ёсць, зразумела, інфармацыйныя рэсурсы, парталы па пошуку працы, стажыровак, але знайсці сапраўды штосьці якаснае складана. Дапусцім, тыя ж групы «Укантакце» з аб’явамі «праца ў Мінску» прапануюць вакансіі грузчыкаў на адзін вечар, афіцыянта ў рэстаране, што таксама нядрэнна, але многія студэнты шукаюць працу па спецыяльнасці. І калі вы хочаце знайсці перспектыўнае месца, то трэба шукаць, з майго асабістага досведу, па знаёмстве: напрацоўваць сацыяльны капітал, хадзіць на мноства сустрэч, розныя канферэнцыі, любыя сумоўі, нават калі яны не пад сілу.
Бачанне прадстаўнікоў
універсітэта
Вераніка Дабравольская, намеснік начальніка ўпраўлення кадраў БДУ:
– Нюансаў у працаўладкаванні вельмі шмат. Не пагаджуся, нібыта мы рыхтуем не тых спецыялістаў, у якіх мае патрэбу галіна эканомікі. Раней, калі студэнт накіроўваўся па размеркаванні, наймальнік пра яго нічога не ведаў, акрамя спецыяльнасці ў дыпломе. А сёння для працадаўцаў адкрыта мноства магчымасцяў: можна зрабіць замову на падрыхтоўку пэўных спецыялістаў, прыйсці на адкрытую пляцоўку, тыпу кар’ернага форуму, і нават на размеркаванне. Дарэчы, мы можам размяркоўваць і «платнікаў».
Студэнты БДУ праходзяць практыку ў кампаніях ужо пасля першага курса. І мы ім таксама дапамагаем. З гэтага года запусцілі праграму «Практыкум пошуку працы», якая накіравана развіваць у студэнтаў новыя навыкі, навучыць іх правільнаму праходжанню сумоўяў. Таксама ў нас працуе сайт cv.bsu.by, на якім у вольным доступе можна размясціць вакансію і рэзюмэ – і працадаўца можа паглядзець, якімі кампетэнцыямі валодае выпускнік БДУ.
Летась мы размеркавалі звыш 3 тысяч выпускнікоў, і пераразмеркаванняў – 3–5 %. І нічога дрэннага ў гэтым няма, калі выпускнік мае магчымасць знайсці сябе і калі працадаўцы ідуць яму насустрач. Так, для ўніверсітэта і спецыялістаў, якія курыруюць дадзеныя пытанні, гэта пэўная нагрузка, але, каб вырашаць гэтыя пытанні, існуе пляцоўка ўніверсітэта. Мы запрашаем усіх да ўзаемадзеяння як на кар’ерным форуме, так і да кропкавага супрацоўніцтва, пачынаючы з самых малодшых курсаў. У нас мноства актыўнасцяў, якія мы будзем шырока прасоўваць, каб працадаўцы мелі магчымасць непасрэднага кантакту. Мы рады ўсім і гатовыя да навін і прапаноў.
Сяргей Ходзін, прарэктар па вучэбнай рабоце і інтэрнацыяналізацыі адукацыі БДУ:
– Калі спрагназаваць на 5 гадоў наперад, якія спецыялісты будуць запатрабаваны, яшчэ можна, то сапраўды ведаць, кім ты захочаш быць і працаваць, толькі скончыўшы школу, даволі цяжка. Свет развіваецца вельмі дынамічна, кожны год змяняецца спецыфіка працы многіх спецыялістаў. Важна паспрабаваць правільна абраць напрамак і, галоўнае, быць творчым. Бо што сёння нас аддзяляе ад робата? Гэта творчасць. Мы рэкамендуем студэнтам ісці на практыку калі не ў тую кампанію, то хоць бы ў тую сферу, дзе яны збіраюцца працаваць. Практыка – выпрабавальны тэрмін як для студэнта, так і для працадаўцы.
Часта гучыць тэзіс, што ўсе ў гэтым ланцужку камусьці павінны. Але павінна быць толькі адно – узаемны рух насустрач: студэнт – універсітэт – заказчык кадраў. Безумоўна, абавязаны фарміравацца такія пляцоўкі, дзе ўсе бакі сустракаюцца, і чым раней, тым лепш.
Сёння нельга навучыць усяму на ўсё жыццё. Цяпер галоўны крытэрый – навучальнасць. Калі чалавек гатовы вучыцца і ў далейшым, нават па сумежных прафесіях, то ён свайго даможацца.
Віктар Шадурскі, дэкан факультэта міжнародных адносін БДУ:
– Я часта камунікую ў тым ліку з замежнымі працадаўцамі. Першы тэзіс: яны кажуць, што ў нас вельмі добрая адукацыя. Па ўсіх спецыяльнасцях. Другі тэзіс: любы працадаўца можа абраць «сваіх» людзей. Трэці тэзіс: нягледзячы на тое, што студэнты здольныя, яны трапляюць ва ўмовы жорсткай канкурэнцыі. У такіх жа ўмовах знаходзяцца і кампаніі. Таму старая звычка, што «вы мне падрыхтуйце вось таго, і каб ён адпавядаў вось таму» сёння не працуе. Вучыць студэнтаў складаць калькуляцыю, запаўняць дэкларацыі і запраўляць ложак у прэзідэнцкім нумары атэля ўніверсітэт не павінен. Выбачайце, але гэта працадаўца павінен на працоўным месцы даваць пэўныя навыкі, таксама павінен навучаць, але сваёй спецыфіцы. Мы рыхтуем студэнтаў, якія будуць працаваць у найбліжэйшыя 40 гадоў. Таму ўніверсітэцкая тэорыя – падмурак светапоглядны і культурны, які мы будзем закладваць нягледзячы ні на што. Студэнты на гэтым фоне будуць развівацца і вучыцца яшчэ некалькі дзясяткаў гадоў, да самай пенсіі. А вось калі чалавек не будзе ведаць культуру, замежныя мовы, асновы праграмавання, то ў гэтым можна ўгледзець прабелы адукацыі.
Размяркоўваючы нашых студэнтаў, мы адчуваем рынак і гатовыя дадаваць індывідуальную траекторыю навучання. Сёння прывязаць на 100 % нашы кадры да рынку мы не можам, бо рынак працы і рынак адукацыі – гэта трохі розныя рэчы. Калі абмяжоўваць рынак адукацыі толькі патрабаваннямі эканомікі, то таленавітыя студэнты з’едуць вучыцца, а потым і працаваць, у іншыя краіны.
Давайце ісці адзін аднаму насустрач: праводзіць мерапрыемствы ў розных фарматах, абмяркоўваць нашы рашэнні, выпрацоўваць рэкамендацыі. Адказнасць нясуць усе: універсітэт, працадаўца, дзяржава і, галоўным чынам, сам студэнт.
Сяргей ШАФАЛОВІЧ