“Хатынь, 5 км”. Пасля такога фільма хочацца болей гаварыць родным пра сваю любоў да іх…

2 Apr, 2018.

“Хатынь адна, але сэнс гэтага слова вялізны. Перш за ўсё гэта светлая памяць аб тых, хто заслужыў найбольшае права жыць, але каго няма з намі. Хатынь – гэта мільёны ахвяр мінулай вайны. Гэта – усе, і, што не менш важна, гэта яшчэ і кожны”.

В.Быкаў “Званы хатыні”

Гісторыя Хатыні для мяне, як і для многіх, пачалася са школьнай парты. Але нават у той час, калі маленькі чалавек не мог зразумець усяго маштабу трагедыі, гісторыя спаленай беларускай вёскі не магла не закрануць, пакінуць абыякавым. А зараз, праз 75 гадоў пасля жахлівай падзеі, успамінаючы пра сонечны дзень 22 сакавіка 1943 года, перажываючы яго разам з тымі, чые імёны назаўсёды замацаваны на комінах мемарыялу “Хатынь”,  мы становімся сведкамі, якіх выбраў час.

  Арадур – у Францыі, Лідзіцэ – у Чэхіі, Хатынь – у Беларусі. Кожны народ мае сваю трагедыю, пра якую не мае права забыць. Аднак, калі пра Арадур і Лідзіцэ пасля вайны ведалі многія, памяць спаленай Хатыні заставалася ў цені. Адным з першых сітуацыю вырашыў змяніць рэжысёр Ігар Калоўскі, у 1968 годзе  зняўшы дакументальны фільм “Хатынь, 5 км”. Ён разам з Алесем Адамовічам выступіў і як аўтар сцэнарыя фільма. Нягледзячы на тое, што фільм доўгі час ляжаў на паліцы, забаронены цэнзурай, ён  дайшоў да свайго гледача, каб Хатынь стала неад’емным сімвалам беларускай гісторыі.

У пачатку карціны турыстам-замежнікам, якія наведвалі Беларусь, было зададзена пытанне, ці ведаюць яны, што такое Хатынь. Кожны з апытаных даваў адмоўны адказ.  Фільм “Хатынь, 5 км” – гэта своеасаблівы адказ на пастаўленыя ўсяму свету пытанні, помнік перажытаму тых, каму ўдалося выжыць у жарале карных аперацый. 

У аснову карціны лягла гісторыя Іосіфа Камінскага – адзінага дарослага, які выжыў 22 сакавіка 1943 года ў Хатыні, а таксама сведчанні жывых відавочцаў карных аперацый у іншых вёсках. Іх гісторыі ўваходзяць у душу кожнага, погляды прыцягваюць і не адпускаюць да той пары, пакуль іх гісторыі не адаб’юцца ў свядомасці кожнага.

Вялікая ўвага ў фільме нададзена і дэталям – стварэнню помніка “Няскораны” для мемарыяльнага комплексу “Хатынь”, усмешцы Іосіфа Камінскага пры поглядзе на маленькіх дзяцей, цацачнаму мячыку, які коціцца ў напрамку да Вечнага агню.  Праз такія рэчы з мірнага жыцця глядач успрымае горыч і смутак па тых, каго ніколі ўжо не будзе з намі, у сэрцах людзей, што  прайшлі праз смерць.

Праглядаючы фільм у дзень памяці Хатыні, перанесціся ў мінулае змаглі студэнты і выкладчыкі Інстытута журналістыкі. Удзельнікі кінаклуба “Фруза” паслухалі ўспаміны нашчадкаў спаленых вёсак, узгадалі праекты, накіраваныя на ўвекавечванне трагедыі, пазнаёміліся з удзельнікамі і сведкамі стварэння карціны “Хатынь, 5 км”.

 Пасля заканчэння фільма ў шэрагах маладых людзей было сцішана: студэнты ўдумліва перажывалі ўбачанае, нехта не стрымліваў слёз.  Многім з іх яшчэ доўга пасля сустрэчы цяжка было нешта сказаць.

 – Фільм “Хатынь, 5 км” – гэта наша гісторыя, пра якую кожны з нас павінен не толькі ведаць, але і помніць, – адзначыла студэнтка 3 курса Вікторыя Копцева. – Падчас прагляду па целе прабягалі дрыжыкі. Асабліва цяжка было ў момант аповеду відавочцаў спаленых вёсак. Гэта вялікая рана на адрэзку нашай гісторыі, якая не загоіцца ніколі. Пасля такога фільма хочацца болей гаварыць родным пра сваю любоў да іх.

Нярэдка можна пачуць, што маладому пакаленню цяжка зразумець падзеі таго трагічнага часу. Няпраўда. Магчыма, нам цяжка ўсвядоміць нешта ў поўнай ступені. Але мы ўмеем адчуваць. Менавіта праз адчуванне незлічоных трагедый Вялікай Айчыннай вайны моладзь нясе памяць пра іх у будучыню, не дае пачуццям згубіць сваю вастрыню і чалавечнасць. А падобныя фільмы, як і званы-коміны Хатыні, як надпісы на гранітных плітах, яшчэ доўгі час нагадваюць кожнаму з нас пра тое, што не павінна паўтарыцца:

“Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё і радзіму нашу, і вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак абернуцца ў мужнасць і сілу, каб змаглі ўвекавечыць вы мір і спакой на зямлі. Каб нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не ўмірала!”

Ірына ІВАШКА

 

 

 

 

 

 

 

 

 

print

Вам таксама можа спадабацца: