Ужо добрай традыцыяй стала праводзіць у БДУ выставы, прымеркаваныя да вялікіх хрысціянскіх святаў, і якія заўсёды маюць духоўна-асветніцкую скіраванасць. Арганізатарам падобных мерапрыемстваў выступае ГА “Саюз жанчын БДУ”.
Экспазіцыі выстаў прысвячаліся духоўным кнігам; каталіцкім і праваслаўным крыжам, выкананым у розных тэхніках; велікодным яйкам; калядным і велікодным паштоўкам. Сёлета галоўнай тэмай экспазіцыі стала фігура анёла. Людзі верылі ў анёлаў заўсёды. Выявы анёлаў прысутнічаюць у розных рэлігіях, іх называюць вестунамі, таму што анёлы перадаюць чалавеку волю і задуму Божую. У хрысціянстве – 9 чыноў анёлаў, у кожнага свае функцыі, свае задачы. Адмысловае месца займаюць анёлы-захавальнікі. Яны служаць Богу і ахоўваюць людзей. Паданні кажуць, што часам людзі могуць убачыць свайго анёла-захавальніка. Людзі бачаць сваіх анёлаў такімі, якімі яны хочуць іх убачыць. Кожны чалавек сам стварае ў сваім уяўленні выяву свайго анёла. А творчыя людзі ствараюць фігуркі анёлаў, якія адпавядаюць чалавечым уяўленням пра іх.
Па словах старшыні Саюза жанчын БДУ прафесара Ірыны Казаковай, цэнтральная частка экспазіцыі – анёлы з кнігамі ці анёлы, якія чытаюць. Гэта вельмі блізка людзям, якія абралі сваёй прафесіяй выкладчыцкую ці навуковую дзейнасць, гэта таксама анёлы бібліятэкараў, пісьменнікаў.
“Ёсць на нашай выставе і анёлы-музыкі, і анёлы кахання (у іх вобразе прысутнічаюць сэрцайкі і ружы). Цікава, што дзеці ўяўляюць свайго анёла ў выглядзе дзіцяці, а не ў выглядзе мамы ці няні, вось таму адна з экспазіцый нашай выставы – анёлы – дзеці-гарэзы. Таксама ёсць на выставе і калядныя, і велікодныя анёлы. Вельмі прыгожая і кранальная экспазіцыя – анёлы, якія моляцца. Усяго на выставе прадстаўлена больш за 50 фігурак анёлаў з 12 краін”, – распавядае Ірына Валер’еўна.
У гэты сакральны час, калі каталікі ўжо адзначылі Вялікдзень, а праваслаўныя знаходзяцца яшчэ ў чаканні Вялікага свята, мы хочам нашай выставай павіншаваць усіх, пажадаць усім чысціні, дабра і святла. Хочам пажадаць, каб людзі ўмелі чуць і слухаць волю Божую і каб мелі сілы выконваць яе. Мы жадаем Вам не засмучаць сваіх анёлаў-захавальнікаў, хай яны радуюцца і дабру, якое мы робім, і нашаму шчыраму раскаянню, калі дзесьці мы здзейснілі памылкі. І хай анёлы захоўваюць БДУ!