Нас пакідае пакаленне, якое спазнала нягоды Вялікай Айчыннай вайны, але ў нашых сэрцах жыве памяць, жыве Перамога…
Вайна не абмінула нікога, закранула кожнага, кожную сям’ю – увесь народ. Пра яе немагчыма гаварыць без болю ў сэрцы і без слёз на вачах, таму што вайна – гэта самае страшнае ў свеце, што можа здарыцца з чалавекам. На вялікі жаль, не абмінула вайна і маю сям’ю, дакладней, маіх дзядоў і прадзедаў. Вельмі хочацца сёння, напярэдадні свята Перамогі, ушанаваць памяць не толькі маіх, але і ўсіх родных і блізкіх, хто аддаў сваё жыццё дзеля нас – новага пакалення, дзеля нашага мірнага неба.
Удзельнікам гэтых страшных падзей быў і мой дзядуля, Сячко Павел Дзмітрыевіч. Ён нарадзіўся 12 кастрычніка 1927 года ў вёсцы Вялікі Рожан Салігорскага раёна Мінскай вобласці. У сям’і было чацвёра дзяцей, з якіх дзядуля быў самым старэйшым. На пачатак вайны, 22 чэрвеня 1941 года, яму было ўсяго 13 гадоў. Ён разам з сябрамі і аднакласнікамі, ні кроплі не сумняваючыся, амаль у самыя першыя дні вырашыў пайсці на фронт. Але гэта немагчыма было зрабіць, таму што тэрыторыя была ўжо захоплена немцамі. Аднак, можа, і праз тое, што яны былі яшчэ малыя, іх не адразу ўзялі ў шэрагі абаронцаў Айчыны.
Дзядуля быў прызваны на ваенную службу толькі 10 снежня 1944 года і служыў у 18-м Гвардзейскім Пскоўскім Чырванасцяжным асобным артылерыйскім палку асаблівай магутнасці рэзерву Вярхоўнага Галоўнакамандавання. Як вядома, гэта час вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Калі ж немцы ўжо пачалі адступаць на захад, мой дзядуля застаўся ў тыле на вызваленай тэрыторыі для таго, каб абараняць землі ад немцаў, што засталіся тут, а гэта значыць – здаваць у палон. Акрамя таго, атрад, у якім служыў дзядуля, забяспечваў ахову чыгуначных саставаў са зброяй, якія рухаліся да фронту.
Усім вядома, што Днём Перамогі з’яўляецца 9 мая, але ў 1945 годзе Парад Перамогі на Краснай плошчы ў Маскве прайшоў толькі 24 чэрвеня. З апавяданняў дзядулі:
“…У 45-тым, калі быў Парад Перамогі, мы [атрад] былі ў ліку Ганаровай варты і стаялі на Краснай плошчы амаль каля дзвярэй Маўзалея. Самым запамінальным быў момант, калі неслі сцягі пераможаных нямецкіх армій. У канцы парада “насільшчыкі” паднеслі да ўвахода ў Маўзалей гэтыя сцягі і кінулі іх пад ногі ўсім з Ганаровай варты, дзе быў і я. Гэта было з аднаго боку так патрыятычна, а з другога – ганарова, бо па сутнасці сцягі пераможаных ляглі і мне пад ногі”.
На вялікі жаль, майго дзядулі няма ў жывых ўжо больш за два гады. Але ў памяць пра яго засталіся фотаздымкі і ўзнагароды. Назаўжды ў маім сэрцы ён і яго Перамога.
“Ваенныя гісторыі” захаваліся і пра майго прадзядулю па бацькоўскай лініі, якога звалі Бань Павел Данілавіч. Яму на пачатак вайны было 28 гадоў. У 44-м яго ўзялі на фронт.
Як вядома, 1 мая 45-га над Рэйхстагам быў узняты сцяг Перамогі і Германія неўзабаве падпісала акт капітуляцыі. Але ўсё роўна ў той час дзе-нідзе фашысты яшчэ аказвалі супраціўленне. Тое самае здарылася і з атрадам, дзе служыў мой прадзед. Камандзір атрада папрасіў яго прывесці белага каня, каб праехаць на ім па вызваленым горадзе як пераможца. Коні стаялі асядланыя і кінутыя пасля баёў. Павел Данілавіч знайшоў прыгожага белага каня і хацеў сесці на яго, але як толькі падняў правую нагу ў стрэмя, снайпер стрэліў яму вышэй калена. Куля струшчыла костку, але, на шчасце, удалося захаваць нагу, аднак яна стала трохі карацейшая за левую, таму што падчас аперацыі неабходна было дастаць асколкі, а пасля і правільна накласці гіпс. Салдаты хутка адшукалі “нямецкіх невідзімак”: іх было двое. Адзін фашыст быў з элітных нямецкіх войск СС (атрада аховы), а другі – членам Рускай вызваленчай арміі, якая ваявала на баку Трэцяга рэйха супраць СССР. Тыя фашысцкія снайперы былі пакараныя.
Ледзьве не згубіў жыццё другі прадзядуля. У час нямецкай аблавы ён разам з суседам беглі з вёскі ў лес, ратуючыся ад “смерці з нямецкім акцэнтам”. Хутка пералезлі праз плот з драўляных праслаў і ціхенька ляглі на зямлю, прыкрыўшыся сенам. Калі ж немец падышоў да гэтага плота, ён стаў на верхняе прасла, падняў галаву ўверх, потым агледзеўся і, нікога не заўважыўшы, павольна рушыў назад. Але калі б гэты немец проста пераставіў сваю нагу далей за плот, ён бы нават на іх наступіў.
У маёй сям’і ёсць вельмі шмат самых розных “ваенных гісторый”. Каб усе іх запісаць, патрэбны цэлы альбом! Аднак, на вялікі жаль, галоўныя героі гэтых гісторый не жывуць вечна. Нават для гэтай творчай работы гісторыі мне расказваў не сам дзядуля, а мой бацька, якому іх даўней расказаў дзядуля.
Наша задача сёння – захаваць не толькі памяць пра герояў Вялікай Перамогі, але і рабіць усё, каб квітнела наша Радзіма, дзеля якой пераможцы ахвяравалі сваім жыццём.