Да 100-годдзя з дня нараджэння Героя СССР Аляксандра Філімонава.
Будучы Герой Савецкага Саюза, студэнт, а затым і выкладчык БДУ, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Андрэевіч Філімонаў нарадзіўся 9 мая 1918 г. у в. Кучын (Кармянскі раён Гомельскай вобласці).
Рос Аляксандр Андрэевіч у сям’і сялян. Яго бацька, Андрэй Міхайлавіч, з 1918 г. па 1925 г. служыў у Чырвонай арміі, пасля чаго быў дэмабілізаваны і, пакінуўшы сям’ю, пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў г. Ташкент. Пасля 1932 г. пра далейшы лёс сям’і нічога не было вядома. Маці, Еўдакія Ігнацьеўна, у 1940 г. выйшла замуж за калгасніка Ягора Дзмітрыевіча Шугаева. Апроч Аляксандра Андрэевіча ў сям’і было яшчэ двое дзяцей. Сястра,
Марыя Андрэеўна, пасля Мінскага медыцынскага інстытута працавала ўрачом у г. Каспійск Дагестанскай АССР. Брат, Фёдар Андрэевіч, працаваў дырэктарам дзіцячага дома ў Беластоцкай вобласці, дзе і згінуў без вестак у першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.
З дзяцінства прыйшлося Аляксандру Андрэевічу разам з сям’ёй жыць у цяжкіх умовах у глухой вёсцы на Гомельшчыне.
У 1930 г. ён скончыў пачатковую школу ў в. Каменка, а затым паступіў у НСШ у в. Быч Кармянскага раёна, у якой навучаўся да 1933 г. З-за складаных жыццёвых умоў Аляксандр Андрэевіч не змог працягнуць вучобу. Ён пачаў працаваць спачатку ў якасці калгасніка, затым тры месяцы рахункаводам калгаса «Іскра», год спецыялістам Курганіцкага сельсавета. Затым, пасля чатырох месяцаў вучобы на Барысаўскім лесатэхнічным рабфаку, зноў вярнуўся ў родны сельсавет, дзе з 1936 г. працаваў піянерважатым школы, загадчыкам хаты-чытальні, а ў далейшым каля года – сакратаром сельсавета.
Увосень 1937 г. па рэкамендацыі Кармянскага ЛКСМБ Аляксандр Андрэевіч быў прыняты на падрыхтоўчы курс Камуністычнага інстытута журналістыкі ў г. Мінску. А ўжо ўвосень 1939 г., пасля ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР, па накіраванні ЦК КПБ, каля года з’яўляўся літаратурным работнікам павятовай газеты «Авангард» у г. Лунінец Брэсцкай вобласці. Пісаў пад псеўданімамі Малінін, Калінін, Палескі. У далейшым Аляксандр Андрэевіч вярнуўся ў Камуністычны інстытут журналістыкі для працягу вучобы. У маі 1941 г. пасля другога курса інстытута быў адпраўлены на вытворчую практыку ў рэдакцыю той самай газеты «Авангард». Тут і заспела Філімонава Аляксандра Андрэевіча вайна.
З першых дзён ён быў мабілізаваны ў Чырвоную армію. З ліпеня па верасень 1941 г. – радавы 45 Запаснога стралковага палка г. Арла. У 1941–1942 гг. – курсант Арлоўскага танкавага вучылішча, пасля якога з прысваеннем вайсковага звання «лейтэнант» быў накіраваны на танкавы завод у г. Омск для практычнага засваення тэхнікі. У 30 Асобным навучальным батальёне лейтэнант Філімонаў выконваў абавязкі камандзіра танкавага ўзвода роты, затым 4 месяцы з’яўляўся камсаргам навучальнага батальёна, а ў канцы 1942 г. стаў ізноў камандзірам танкавага ўзвода.
У сакавіку 1943 г. Філімонаў быў накіраваны ў 55-ы гвардзейскі танкавы полк 12-й гвардзейскай механізаванай брыгады 5-га гвардзейскага механізаванага корпуса 4-й гвардзейскай танкавай арміі 1-га Украінскага фронту, у якім служыў да лютага 1946 г. і прайшоў усе цяжкія дарогі вайны.
Займаючы пасаду камандзіра танкавага ўзвода, начальніка фінчасткі палка, камандзіра танкавай роты Т-34, удзельнічаў у баявых дзеяннях на Сцяпным, 1-м і 2-м Украінскіх франтах, вызваляў Белгарад, Харкаў, Палтаву, Кіраваград і іншыя гарады, фарсіраваў рэкі Днепр, Нейсэ, Шпрэе. Некалькі разоў быў паранены.
Баявое хрышчэнне Філімонаў прыняў на Прохараўскім плацдарме ў 1943 г. Баявы клін цяжкіх нямецкіх танкаў прабіў абарону савецкіх войскаў. І першы ж стрэл аднаго з іх трапіў прама ў вежу танка Філімонава. Машына цудам не загарэлася, і паранены Т-34 павольна адпоўз у лагчыну. На наступную раніцу экіпаж перасеў у іншую машыну. У гэтым баі ўзвод Філімонава падпаліў адразу чатыры варожыя танкі, і з тых часоў ваенны поспех ужо не пакідаў Аляксандра.
Асабліва вылучыўся старшы лейтэнант, камандзір танкавай роты Т-34 Філімонаў у баях на тэрыторыі Германіі пры ўзяцці Берліна.
З успамінаў Аляксандра Андрэевіча: «Наша частка з баямі прайшла за 6 дзён ад горада Мускау на р. Нейсэ, праз гарады Даме, Дрэбкау, Карла, Лукенвальдэ і заняла Беліц, што за 26 кіламетраў ад Берліна. Па загадзе камандавання мы размясціліся ў засадзе. У нашу задачу ўваходзіла абарона тылавой 4-й танкавай арміі, якая наступала на Берлін. З заходняга фронту 21 красавіка армія генерала Венка прасоўваліся на выручку абложанаму Берліну. 26 красавіка іх перадавыя часткі падышлі да нашых межаў. Пад націскам пераўзыходных сіл суперніка групе савецкіх войскаў старшага лейтэнанта Голда прыйшлося адысці да ўскраін г. Беліц, дзе завязаліся зацятыя баі. Танкавая рота, якая ўваходзіла ў склад 12-й мехбрыгады, адбівала напады ворага, які наступаў з захаду, да 30 красавіка. 1 мая 1945 г. здарылася нечаканае. Фашысцкія дывізіі, размешчаныя на Одэры і акружаныя савецкімі войскамі, падышлі да Беліца з усходу. Завязаліся зацятыя баі вакол горада і на яго ўскраінах. Вузлы абароны, створаныя намі пераважна на шашэйных дарогах, у склад якіх уваходзіла па 3-4 танкі разам з пяхотай, адбіваюць контратакі, адстойваючы свае пазіцыі. Кровапралітны бой доўжыўся да 18 гадзін. Каля 3 тыс. фашыстаў засталося на полі бою. Вораг на нашым участку фронту не прайшоў!»
Сваё 27-годдзе Аляксандр Андрэевіч сустрэў у Берліне, але святкаваць Дзень Перамогі і свой дзень нараджэння прыйшлося нядоўга, паступіў тэрміновы загад знішчыць нямецкую групіроўку ў раёне чэхаславацкага горада Бенешаў. Удзелам у Парыжскай наступальнай аперацыі і завяршыў вайну гвардыі старшы лейтэнант Філімонаў.
За мужнасць і адвагу ўзнагароджаны ордэнамі: «Айчыннай вайны» 1-й і 2-й ступеняў, «Чырвонай зоркі» і трыма медалямі «За перамогу над Германіяй», «За ўзяцце Берліна», «За вызваленне Прагі». А за гераічнасць і адвагу, выяўленыя падчас штурму Берліна, Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 чэрвеня 1945 г. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая зорка» .
З лютага 1946 г. Аляксандр Андрэевіч знаходзіўся ў рэзервовых палках афіцэрскага складу ў гарадах Ніжні Тагіл, Уладзімір.
У канцы жніўня 1946 г. быў дэмабілізаваны з Савецкай Арміі, а ў верасні ўжо з’яўляўся студэнтам трэцяга курса аддзялення журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ, які скончыў з прысваеннем кваліфікацыі «Літаратурны работнік газеты». З 1949 г. з’яўляўся аспірантам БДУ па спецыяльнасці «Гісторыя КПСС», якую скончыў у снежні 1952 г., а ўжо са студзеня 1953 г. стаў выкладчыкам асноў марксізму-ленінізму БДУ.
Пасля абароны кандыдацкай дысертацыі на тэму «І. В. Сталін – арганізатар і кіраўнік друку бакінскіх бальшавікоў (1907–1910 гг.)» быў пераведзены ў чэрвені 1953 г. на пасаду в. а. дацэнта кафедры марксізму-ленінізму.
У верасні 1954 г. перайшоў на працу ў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту.
У далейшым па рашэнні Гомельскага абкама партыі быў прызначаны загадчыкам кафедры марксізму-ленінізму Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя В. П. Чкалава, а ў 1960–1961 гг. у тым жа інстытуце стаў займаць пасаду прарэктара па навучальнай і навуковай рабоце.
З 1962 па 1964 гг. вучыўся ў дактарантуры БДУ, пасля якой з’яўляўся дацэнтам кафедры гісторыі КПСС прыродазнаўчых факультэтаў БДУ да кастрычніка 1969 г.
У красавіку 1969 г. Аляксандр Андрэевіч абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «КПБ у барацьбе за ўмацаванне саюза працоўнага класа і працоўнага сялянства (1929–1936 гг.) – на матэрыялах БССР». З лістапада 1969 г. працаваў загадчыкам сектара гісторыі камуністычнага будаўніцтва Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР, а ў 1970 г. А. А. Філімонаў Вышэйшай атэстацыйнай камісіяй быў зацверджаны ў навуковым званні прафесара.
Займаючыся педагагічнай практыкай, ён таксама вёў вялікую навукова-даследчую працу. Ім было напісана і апублікавана звыш 105 буйных навуковых прац. Аляксандр Андрэевіч з’яўляўся рэдактарам шэрагу манаграфічных прац і зборнікаў, ажыццяўляў кіраўніцтва чатырма калектыўнымі навуковымі працамі па праблемах гісторыі КПСС, у прыватнасці па гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Акрамя гэтага ён уваходзіў у склад галоўнай рэдакцыі пяцітомніка «Гісторыя БССР», з’яўляўся кіраўніком V тома і адным з рэдактараў IV тома па «Гісторыі БССР»і.
Падрыхтаваў 9 кандыдатаў гістарычных навук.
З характарыстыкі рэктара БДУ К. І. Лукашава на Аляксандра Андрэевіча: «Філімонаў ініцыятыўны, працавіты, дысцыплінаваны, сістэматычна працуе над павышэннем сваіх ведаў, карыстаецца аўтарытэтам сярод навуковых работнікаў, студэнтаў універсітэта. За час знаходжання ва ўніверсітэце прымаў актыўны ўдзел у грамадскай працы: з 1947 па 1953 гг. абіраўся ў склад партбюро ўніверсітэта, у 1948–49 навуч. г. працаваў адказным рэдактарам універсітэцкай шматтыражнай газеты «За сталінскія кадры», на працягу 1953 г. працаваў сакратаром партбюро ўніверсітэта, акрамя гэтага 4 разы абіраўся дэпутатам спачатку Кагановіцкага, а затым Ленінскага раённых саветаў дэпутатаў г. Мінска. Кіраваў семінарам прапагандыстаў Ленінскага РК КПБ».
У розныя гады з’яўляўся членам Рэспубліканскага савета ветэранаў вайны, удзельнікам праўлення беларускага аддзялення Таварыства савецка-чэхаславацкага сяброўства, пазаштатным лектарам ЦК КПБ Мінскага абкама партыі, старшынёй метсавета пры парткаме АН БССР па партыйнай асвеце, старшынёй савета ветэранаў вайны АН БССР, намеснікам дырэктара Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ па навуцы, намеснікам старшыні спецыялізаванага савета па абароне доктарскіх дысертацый па гісторыі КПСС пры Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ, членам спецыялізаванага савета па гісторыі СССР пры Інстытуце гісторыі АН БССР, намеснікам старшыні савета па каардынацыі навуковых даследаванняў у галіне гісторыі КПСС і партыйнага будаўніцтва пры Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ, абіраўся членам рэвізійнай камісіі Савецкага камітэта ветэранаў вайны, членам таварыства «Веды», членам партбюро Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ.
Аляксандр Філімонаў быў жанаты з Ліліяй Сцяпанаўнай (1927 г. н.), было двое дзяцей: дачка Любоў (1948 г. н.) і сын Сяргей (1959 г. н.).
Герой Савецкага Саюза, доктар гістарычных навук, прафесар, ганаровы грамадзянін г. Карма, быў адзначаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, «За службу Радзіме» 3-й ступені і медалямі.
31 снежня 2007 г. Аляксандр Андрэевіч Філімонаў сышоў з жыцця. Урна з прахам Героя Савецкага Саюза была з ушанаваннямі пахавана на тэрыторыі мемарыяльнага парка на плошчы Свабоды ў г. Карма.
Дар’я ПРЫГОДЗІЧ,
супрацоўнік Музея гісторыі БДУ