У 1981 годзе рашэннем рэктарата Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта быў заснаваны ансамбль танца для дзяцей выкладчыкаў і супрацоўнікаў універсітэта. Так мы і жывём вялікай і дружнай сям’ёй пад назвай “Лiтарынка”.
Першае выступленне прайшло 1 верасня 1981 года на святочным канцэрце, прысвечаным 60-годдзю БДУ, у Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь. На той час дзіцячы ансамбль танца называўся “Родничок”. Першым кіраўніком ансамбля была Трыгубовіч Яўгенія Вікенцьеўна (з 1981 па 1986 г.).
З 1986 года кіраўнікамі сталі Канстанцін Васільевіч Зубік і Таццяна Паўлаўна Зубік. Са з’яўленнем новых кіраўнікоў ансамбль стаў называцца “Літарынка”.
У 1996 годзе на 15-гадовым юбілеі “Літарынкі” калектыву быў уручаны каштоўны падарунак і падзячны ліст ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.
Каб бліжэй пазнаёміцца з калектывам, мы пагаварылі з Канстанцінам Зубікам (кіраваў ансамблем 24 гады) і яго пераемніцай Наталляй Поклад.
— Канстанцін Васільевіч, распавядзіце трохі пра гісторыю свайго калектыву.
— Я прыйшоў у калектыў 34 гады назад. Калектыў першапачаткова называўся “Родничок”. Рэпертуар складаўся з казачных твораў. І першай маёй пастаноўкай стаў “Коткін дом”, у якім бралі ўдзел 86 дзяцей. Паралельна з гэтым мы ставілі яшчэ дзіцячыя гульнявыя нумары. “Літарынка” – гэта не народны танец, не фальклорны, не сцэнічны – гэта дзіцячыя гульнявыя нумары. У кожным нумары ёсць нейкі сюжэт, вобраз. Бо для дзяцей важна, каб ім было цікава, не танец дзеля танца, а гэта павінна быць нейкая гульня, дзеянне героя, выява персанажа. Напрыклад, больш за 25 гадоў назад я паставіў нумар “Парасонікі”, які дзякуючы сваёй арыгінальнасці, яркасці, эмацыйнасці дагэтуль запатрабаваны ў аўдыторыі.
Па меры назапашвання рэпертуара ансамбля, і не толькі казачнай скіраванасці, мы прапанавалі дзецям прыдумаць новую назву калектыву. І вось адна з дзяўчатак 10–11 гадоў прапанавала назву “Літарынка”. Я спытаў: “Чаму “Літарынка”? На што дзяўчынка адказала: “Літара да літары – атрымліваецца слова, рух да руху – атрымліваецца танец”. Вось такая, можа, да канца не вытлумачальная дзіцячая логіка, дала новую назву ансамблю.
З 2010 года новым мастацкім кіраўніком калектыву стала Наталля Баляславаўна Поклад. Удзельнікі ансамбля вывучаюць асновы класічнага, фальклорнага і элементы эстраднага танца. Рэпертуар ансамбля складаюць дзіцячыя гульнявыя, казачныя, фальклорныя і эстрадныя танцы. У ансамблі працуюць 3 узроставыя групы: малодшая, сярэдняя і старэйшая. У падрыхтоўчай групе дзеці займаюцца паўгода два разы ў тыдзень, наступныя паўгода тры разы ў тыдзень. Заняткі ад 45 хвілін да 1 гадзіны.
Заняткі ў залежнасці ад групы праходзяць: панядзелак, серада, пятніца; аўторак, чацвер, субота. Усю гэту інфармацыю можна знайсці на сайце ўпраўлення па справах культуры .
— Хто можа навучацца ў Вас у калектыве і ў якім узросце? Ці можна прыйсці да Вас займацца не з БДУ?
— Як я ўжо казаў, першапачаткова калектыў ствараўся для дзяцей выкладчыкаў і супрацоўнікаў нашага ўніверсітэта. Пасля, па меры росту нашай пазнавальнасці, вялікай колькасці выступленняў на розных пляцоўках, да нас сталі прыходзіць і іншыя дзеці. Таму цяпер, калі казаць пра нейкія прапорцыі, то прыблізна 85 % – дзеці работнікаў БДУ, 15 % – дзеці з іншых арганізацый.
Узрост дзяцей вар’іруецца ад 5 да 15 гадоў. Крытэрыі адбору ў наш калектыў вельмі простыя і зразумелыя: наяўнасць у дзіцяці музычнага слыху і каб яго бацькі працавалі ў БДУ. Спачатку дзіця займаецца дзесьці паўгода, пасля чаго, як правіла, становіцца зразумела, ці падабаецца дзіцяці ў ансамблі, ці адаптавалася яно да калектыву, ці падабаецца яму педагог, ці задавальняе бацькоў графік заняткаў і г. д. Далей, як той казаў, ідзе натуральны адбор. Кожны год дзесьці 35–40 чалавек мы набіраем у падрыхтоўчую групу. Да Новага года ўжо застаецца дзесьці чалавек 20–25, якія адпаведна і ідуць далей. Натуральна, як і ва ўсіх калектываў, якія існуюць у Мінску і ў Рэспубліцы Беларусь, хлопчыкі – гэта дэфіцыт.
Былі часы, калі калектыў знаходзіўся на на поўным забеспячэнні БДУ. Зараз БДУ прадстаўляе памяшканне для заняткаў. Усе астатнія выдадкі бяруць на сябе бацькі.
Калектыў знаходзіцца на поўным забеспячэнні БДУ: памяшканне, дзе мы займаемся, часткова сродкі на пашыў касцюмаў, рэпетыцыйныя формы заняткаў. Можна ганарыцца тым, што занятку ў нас бясплатныя. Гэта, напэўна, адзін з нешматлікіх калектывах у Мінску, дзе бацькі нічога не плацяць за заняткі. Ёсць, вядома, дадатковыя выдаткі на аксэсуары для касцюмаў, арганізацыйныя выдаткі пры выездзе ансамбля на концэрты па-за Мінск, якія бяруць на сябе бацькі.
— Распавядзіце, калі ласка, пра Вашы праграмы, нумары, колькі разоў у год і дзе Вы выступаеце, ці ёсць замежныя выступленні? Можа, ёсць узнагароды і перамогі, якімі Вы асабліва ганарыцеся?
— На сёння ў праграме каля 20 дзіцячых гульнявых нумароў. Ансамбль прымае актыўны ўдзел у разнастайных конкурсах, фэстах, канцэртных праграмах як у Рэспубліцы Беларусь, так і за яе межамі. Вядома ж, у калектыву нашага ўзроўню ёсць вялікая колькасць дыпломаў і ўзнагарод, прызавыя месцы і гран-пры.
За час свайго існавання ўдзельнікі выступалі перад гледачамі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, Германіі, Іспаніі, Партугаліі, Італіі, Балгарыі, Турцыі, Кіпра і інш. Ансамбль удзельнічаў у міжнародных дзіцячых харэаграфічных фэстах у Турцыі (1996, 2001, 2002, 2004, 2005 гг.), Італіі (1998, 1999, 2000 гг.), Партугаліі (1997, 1998 гг.); стаў уладальнікам гран-пры міжнароднага дзіцячага фэсту на Азоўскім моры, Украіна (2005 г.); уладальнікам гран-пры міжнароднага дзіцячага фэсту ў Кіеве, Украіна (2005 г.); лаўрэатам міжнароднага дзіцячага фальклорнага фэсту ў Охрыд-Струга, Македонія (чэрвень 2008 г.), а таксама ў Грэцыі (май 2008 г.); лаўрэатам міжнароднага фальклорнага танцавальнага фэсту дзяцей свету на Паўночным Кіпры ў 2009 г.