Найлепшы арганізатар НДРС: «Мне пашчасціла з маімі падапечнымі»

18 мая, 2018.

Таццяна Свірыдава са студэнтамі першага курса хімічнага факультэта

Конкурс на найлепшага кіраўніка і арганізатара навукова-даследчай работы студэнтаў і аспірантаў БДУ штогод вызначае тых, хто паспяхова працуе з маладымі навукоўцамі, папулярызуе навуку сярод моладзі і рыхтуе кадры вышэйшай кваліфікацыі. Сёлета ўладальніцай галоўнай прэміі стала дацэнт кафедры неарганічнай хіміі Таццяна СВІРЫДАВА.

У свет навукі яна суправаджае цэлую групу з 14 падапечных ад першакурснікаў да аспірантаў і лічыць, што яе перамога – гэта і іх заслуга. Таццяна Віктараўна   распавяла пра тое, як працаваць з маладымі навукоўцамі і падтрым­ліваць іх цікавасць да навукі.

Сістэма т’ютарства
– Студэнты нашага факультэта вельмі матываваныя і зацікаўленыя. Многія з тых, хто прыходзіць на хімфак, пераможцы алімпіяд, уладальнікі залатых медалёў, дзеці, якія пасля школы ўжо маюць нейкія дасягненні. Для таго, каб выявіць здольных да даследаванняў студэнтаў і прыцягнуць іх да навуковай працы, на нашым фа­культэце працуе сістэма т’ютар­ства: моладзь апытваюць, давед­ваюцца, чым бы яны хацелі зай­мацца, і, зыходзячы з гэтага, раз­мяркоўваюць па кіраўніках. У мяне сфарміравалася група падапечных з 14 чалавек: першакурснікі, кур­савікі, дыпломнікі і тры аспіранты. Напэўна, мне шанцуе, таму што я працую са студэнтамі і аспірантамі, якія сапраўды накіраваны на вынік, становяцца пераможцамі розных конкурсаў і алімпіяд. У маёй працы была нават унікальная сітуацыя: два гады таму на Рэспубліканскім конкурсе навуковых прац студэнтаў, на якім у кожнай намінацыі вызначаецца адзін лаўрэат, двое студэнтаў з маёй групы атрымалі аднолькава высокія балы – і Міні­стэрства адукацыі прысудзіла два званні лаўрэата ў намінацыі «Хімія».

Дысертацыя –
з першага курса

– Праца ў нашай групе аргані­завана так, што старэйшыя апякуюць малодшых. Бо відавочна, што студэнт першага курса – гэта не кваліфікаваны хімік, і з пункту гледжання бяспекі мы не можам прапанаваць яму выканаць сур’ёзны эксперымент. Таму першакурснікі, як правіла, асістуюць аспірантам. Калі студэнт пераходзіць на другі курс і застаецца ў нашай каман­дзе, то атрымлівае ўжо індыві­ду­альную працу. Пры гэтым я заў­сё­ды арыентую студэнтаў на тое, што мы робім не курсавыя і дып­лом­ныя, а дысертацыю, нават калі ў будучыні з навукай не складзецца.

Аспірант А. Лагвіновіч праводзіць даследаванні неарганічных фотарэзістараў на атамна-сілавым мікраскопе

Усе мы ў групе даследуем адзін аб’ект – аксіды пераходных металаў, але пры гэтым у кожнага падапечнага свой напрамак. Напрыклад, адна мая аспірантка займаецца тым, што стварае высокаселектыўныя каталізатары абяс­­сервання вуглевадароднай сыравіны, іншая – самадэзінфекцыйныя пакрыццямі фотаакумулі­руючага тыпу. Яшчэ адзін аспірант у міжслойную прастору тых жа аксідаў інтэркаліруе малекулы антыкаразійнага агента, што дазва­ляе атрымліваць каразійна ўстойлівыя метал-аксідныя пакрыцці. Такім чынам, адны і тыя ж матэрыялазнаўчыя падыходы выкарыстоў­ваюцца для стварэння прынцыпова розных практычна важных сістэм.

Навуковы пошук
праз гранты
– Калі студэнт бярэ ўдзел у выкананні якога-небудзь праекта, ён абавязкова піша абгрунтаванні, справаздачы, артыкулы. Падчас асэнсавання атрыманага эксперыментальнага матэрыялу прыходзіць разуменне таго, як працуе сістэма, якія законы ляжаць у аснове яе функцыянавання, навошта наогул праводзілася даследаванне, якія галіны выкарыстання атрыманых вынікаў. Іншымі словамі, гэта дапамагае шматгранна ўсвядоміць праблему. Таму мае студэнты ўдзельнічаюць ва ўсіх даступных конкурсах грантаў. Так, яны  атрымалі падтрымку ў выгля­дзе грантаў БДУ, Міністэрства адукацыі, Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў. Я лічу, што чым больш праектаў, тым лепш, і нават не   столькі з пункту гледжання ат­рымання грошай, колькі дзеля менавіта навучання. Дарэчы, у хі­мікаў даволі шмат магчымасцяў  удзельнічаць у канферэнцыях, алім­­­піядах, конкурсах грантаў, ездзіць на стажыроўкі. Гэта добрая база, каб выявіць сябе нават тым, хто робіць толькі першыя крокі ў навуцы. Напрыклад, летась сту­дэн­тка першага курса з нашай групы адна паехала на канферэнцыю ў Брэст. Мы вельмі перажывалі, адпраў­ля­ючы яе, хваляваліся, каб яна да­е­хала і шчасна вярнулася, а  ў выніку яна стала самай юнай на канфе­рэнцыі і атрымала грамату за найлепшае выступленне. Мае дзеці вельмі актыўныя, і ў тым ліку гэта фарміруе ў нашай групе здаровае канкурэнтнае асяроддзе: хтосьці дзесьці выйграў, хтосьці апублі­каваў артыкул, і астатнія так­сама імк­нуцца. Гэта дапамагае падтрым­ліваць цікавасць да працы.

Пра ролю навуковага
кіраўніка
– Падапечныя заўсёды падобныя да кіраўніка, таму што ён не толькі вызначае агульны тэма­тычны напрамак даследаванняў групы, але і закладвае пэўны стыль працы. Напрыклад, ад кіраў­ніка  залежыць, як будзе спланаваны эк­сперымент, як будзе праведзена інтэрпрэтацыя вынікаў. Бо можна на працягу жыцця дзень і ноч паў­тараць эксперымент і атрымаць у выніку вельмі дакладную, але нікому не патрэбную крывую, а можна зрабіць спачатку кропкавы пошук, які дапаможа зразумець, у якім   напрамку варта рухацца, а потым  ужо развіць знойдзены напрамак. Вядома, кіраўнік фарміруе і адносіны ў калектыве. У нашай групе падтрымліваюцца максімальна ся­­броўскія ўзаемаадносіны. У та­кім разе не ўзнікае боязі звярнуцца да кіраўніка ці старэйшых калегаў па параду, і не прыходзіцца зас­та­вацца сам-насам з нейкай праб­лемай. Гэта асабліва важна, калі   мы кажам пра экстранныя сітуа­цыі, якія ў хіміі адбываюцца часта: штосьці разбілася, сінтэз пайшоў не так, як чакалася, і да т. п. Увогуле, кіраўнік вызначае твар групы, але ён не павінен навязваць свой пункт гледжання.

Хімія не дзеля хіміі
– Напрамкаў, у якіх могуць працаваць хімікі, вельмі шмат: ад фармацэўтычнай тэхналогіі і на­фтахіміі да клінічнай медыцыны, касметалогіі і судмедэкспертызы. У той жа час праца хіміка і, у прыватнасці, хімічныя даследаванні – вельмі выдатковая рэч. Менавіта таму хімія дзеля хіміі не мае ніякага сэнсу, ніхто не будзе марнаваць грошы на тое, каб атрымаць нейкае рэчыва, якое ніколі нікому не спатрэбіцца. Тое, чым займаюцца нашы студэнты і аспіранты, заўсёды мае практычнае прымяненне. Так, вынікі, атрыманыя ў рамках дысертацыйных даследаванняў, павінны быць пацверджаны разнастайнымі патэнтамі, прынамсі, укаранёныя ў навучальны працэс, добра, вядома, калі яны будуць укаранёныя   на вытворчасці. Практычная значнасць навуковых даследаванняў абавязкова дэманструецца ў на­вуковых артыкулах, бо чытач па­вінен разумець, навошта і чаму  ўсё гэта робіцца, якія канчатковыя мэты мы ставім перад сабой.

Валерыя БАНДАРЧЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: