Шайбы, клюшкі і сталы. Студэнты БДУ пазмагаліся ў настольны хакей

29 мая, 2018.

У спартыўнай зале філалагічнага факультэта БДУ 19 мая праходзіў чэмпіянат БДУ па настольным хакеі сярод факультэтаў. Усе 12 каманд, заяўленых на ўдзел, сабраўшы ў кулак усю ўпэўненасць і сілу, зацята змагаліся за перамогу. Канцэнтрацыя здаровай канкурэнцыі і матывацыйнага суперніцтва зноў узрасла: званне чэмпіёна настольнага хакея гучыць сапраўды ганарова.

Каманды трывала не прапускалі шайбы, суддзі – парушэнні, а заўзятары – моманту падтрымаць сваю каманду. Сябры і аднагрупнікі ўдзельнікаў каманд задзірыста скандавалі назву роднага факультэта, адначасовна знаёмячыся з заўзятарамі іншых каманд. Уразіла згуртаванасць не толькі асобных каманд, а ў прынцыпе ўсіх удзельнікаў. Спытаеце, хто гучнейшы: фізфак, мехмат, філфак? Адкажу, што самы гучны БДУ!

Арганізатары мерапрыемства – студэнцкі саюз ФСК, спартыўны клуб БДУ і ліга настольнага хакея Беларусі – падышлі вельмі адказна як да падрыхтоўкі, так і да правядзення: ні затрымак, ні тэхнічных праблем, ні накладак не было, усё прайшло гладка. Калі не як па масле, то як па лёдзе дакладна!

Бліжэй да заканчэння турніру найлепшых хакеістаў у спартзалу зазіралі ўсе ахвотнікі: і паглядзець, і нават пагуляць. Прыемна было бачыць, як мерапрыемства захапіла і тых студэнтаў, якія першапачаткова не планавалі прымаць удзел.

Па-вясноваму лёгка і весела прайшоў сур’ёзны і важны чэмпіянат па настольным хакеі: так, спаборніцтва, але для студэнтаў яно стала сапраўдным пазапланавым вясновым святам. Здаецца, нават выпадковыя прамашкі яны сустракалі з паблажлівай усмешкай.

Абвяшэчння вынікаў не прыйшлося доўга чакаць, ды і прайшло яно на мажорнай сяброўскай ноце. Незадаволеных маладых хакеістаў мною заўважана не было. Бо станоўчыя эмоцыі, выдатны дзень у скарбонку ўспамінаў атрымалі ўсе, а значыць, тых, хто прайграў, не будзе.

III месца заняў факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій.

ІІ месца заняў механіка-матэматычны факультэт.

І месца заняў факультэт сацыякультурных камунікацый.

Чэмпіянат БДУ па настольным хакеі прайшоў дынамічна і ярка. Свята спорту, свята міжфакультэцкага сяброўства – тое, што варта і нават трэба традыцыйна праводзіць з году ў год. Хто ведае, можа, 19 мая – дзень работнікаў фізічнай культуры і спорту – у рамках БДУ стане яшчэ і днём настольнага хакея, а значыць – яркіх уражанняў і выдатнага настрою.

Дар’я ВЕРАМЕЙЧЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: