Больш за 700 студэнтаў, выкладчыкаў і гасцей БДУ сустрэліся 8 мая на пляцоўцы спартыўнага комплексу «Універсітэцкі». Нагода для сустрэчы – «Зорны матч Перамогі», грамадзянска-патрыятычная спартыўная акцыя, прымеркаваная да святкавання Дня Перамогі. У гэты дзень гулялі ў футбол, удзельнічалі ў забегу на розныя дыстанцыі, сустрэліся са знакамітым спартсменам, ацанілі тэхніку баявога мастацтва. Арганізатарамі мерапрыемства выступілі прафсаюзы студэнтаў і работнікаў, кафедра фізічнага выхавання і спорту БДУ.
Гэты дзень правялі з запалам пад добрае надвор’е. Тыя, хто прыйшоў на стадыён «Універсітэцкі», стракацелі кепкамі з надпісам «БДУ» і бегавымі нумарамі, прыцягвалі ўвагу рознакаляровыя сцягі. На мерапрыемства былі запрошаны прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. Адкрываў спартыўную акцыю вітальным словам рэктар БДУ Андрэй Кароль:
– «Зорны матч» праходзіць у нашай ВНУ ўпершыню. Гэта тое спаборніцкае мерапрыемства, якое аб’ядноўвае зорак эстрады і зорак з ліку прафесарска-педагагічнага і студэнцкага складу БДУ. Сённяшні матч прысвечаны Вялікай Перамозе, і я разлічваю, што ён стане знакам памяці трагічных падзей тых гадоў.
З пазітыўным настроем пра падзеі гэтага дня выказаў сваё меркаванне выканаўчы дырэктар Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Віталь Карнавушанка:
– Сёння вельмі важнае мерапрыемства напярэдадні Дня Перамогі. Удзел у дадзеным спаборніцтве стаў той падзеяй, якая пацвярджае нашу павагу да памяці загінулых. Мы сёння ўбачым шэраг спартыўных сустрэч, будзем перажываць за ўдзельнікаў, павіншуем пераможцаў. Упэўнены, што гэты дзень пройдзе на высокім узроўні, будзе спрыяць прапагандзе спорту і здаровага ладу жыцця.
Можна сказаць, што самай інтрыгуючай часткай праграмы стаў футбол. Ён пачаўся з удару рэктара па мячы, так быў дадзены адлік першаму тайму. У гульню ўступіла каманда выкладчыкаў, работнікаў і студэнтаў БДУ пад кіраўніцтвам прарэктара па выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях Івана Янушэвіча. Іх суперніцай стала зборная артыстаў беларускай эстрады, тэатра і кіно «Арт-Старс», а менавіта вядучы АНТ і журналіст Тэнгіз Думбадзэ, шоўмен Яўген Булка, саліст ансамбля «Беларускія песняры» Валерый Дайнека і іншыя. Другі капітан – кампазітар і спявак, кіраўнік тэатра песні і спорту «Дэльта-шоу» Альберт Скараход. Ганяліся за мячом і перахоплівалі яго ў суперніка, атакавалі вароты іншай зборнай. У выніку – перамога за камандай БДУ з лікам 2:1.
А ў перапынку паміж першым і другім таймам прайшоў «Забег Перамогі». Жаночая палова бегла дыстанцыю ў 500 метраў, мужчынская – 1000 метраў. Сярод прадстаўніц БДУ ва ўзроставай катэгорыі да 35 гадоў першай прыйшла на фініш выкладчыца кафедры фізічнага выхавання і спорту Кацярына Осіпчык. Ва ўзроставай катэгорыі ад 36 да 50 гадоў «золата» было за намесніцай дэкана па навучальна-выхаваўчай рабоце ФФСН Веранікай Сайганавай. У катэгорыі ад 51 да 60 гадоў была першай старшая выкладчыца ФМА Таццяна Шарупіч. У катэгорыі ад 61 года перамагла дацэнт ФСК Надзея Цялюк.
Сярод мужчын ва ўзроставай катэгорыі да 35 гадоў «золата» ўзяў старшы выкладчык юрфака Віталь Вячорка. У катэгорыі ад 36 да 50 гадоў на першым месцы аказаўся старшы выкладчык хімічнага факультэта Аляксандр Пятроў.