Прэзентацыя новай кнігі выбітнага расійскага і беларускага навукоўца, філосафа Вячаслава СЦЁПІНА «Чалавек. Дзеянне. Культура» прайшла ў бібліятэцы Інстытута журналістыкі і ФФСН па ініцыятыве кафедры сацыялогіі.
Гэта сустрэча была асабліва вызначальная тым, што БДУ – альма-матар прэзідэнта Расійскага філасофскага грамадства, акадэміка Расійскай акадэміі навук. У 1956 годзе ён скончыў аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта, далей – аспірантуру на кафедры філасофіі, пазней некалькі гадоў узначальваў гэту ж кафедру. Тут былі напісаны яго першыя навуковыя працы. Ён стаў Настаўнікам з вялікай літары, выхаваў пакаленне беларускіх філосафаў, стварыў у БДУ вядомую ў свеце Мінскую метадалагічную школу.
З часам сувязь з Беларуссю не была перапынена. З 1995 года ён з’яўляецца замежным членам Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, а ў 2009 годзе навукоўцу было прысуджана званне «Ганаровы прафесар БДУ» за заслугі ў развіцці гуманітарных ведаў, філасофіі і метадалогіі навукі, а таксама за вялікі ўнёсак у супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй.
Нагодай для сустрэчы стала новае выданне, якое было апублікавана ў рамках серыі «Ганаровыя дактары Універсітэта» Санкт-Пецярбургскага гуманітарнага ўніверсітэта прафсаюзаў (СПбГУП). Важкая кніга (800 старонак) складаецца з трох тэматычных частак, якія дзеляцца на 14 раздзелаў. Тыраж – 1000 экзэмпляраў. Як падкрэсліў Вячаслаў Сямёнавіч, галоўнае – каб праца не спынялася, адлюстраванне ідэй, думак у кнігах толькі натхняе, напаўняе сіламі.
Аляксандр Запясоцкі, рэктар СПбГУП, член-карэспандэнт РАН, на прэзентацыі выказаў меркаванне, што сёння можна па пальцах пералічыць філосафаў такога маштабу. Аўтары серыі «Ганаровыя дактары Універсітэта» – гэта асобы, якіх можна прад’явіць моладзі як персаніфікаваны вобраз універсітэцкага ідэалу. Яны дамагліся поспеху ў сваёй вытворчай і грамадскай дзейнасці, сімвалізуюць фундаментальныя і спрадвечныя каштоўнасці.
– У кнізе ёсць матэрыялы, якія публікаваліся раней, яны былі раскіданы ў іншых выданнях, зборніках, артыкулах, – сказаў Аляксандр Запясоцкі. – Вячаслаў Сямёнавіч зводзіць гэта ў сістэму адзінага погляду на чалавечую дзейнасць. Гэтыя кнігі зоймуць годнае месца ў бібліятэках Расіі і Беларусі. Студэнты атрымаюць унікальны матэрыял, бо адна кніга супрацьстаіць мізэрнай традыцыі кліпавага мыслення, калі моладзь можа выхопліваць асобныя фрагменты рэальнасці, не зводзячы іх у адзіны вобраз свету, а ў гэтай кнізе ўсё зведзена – толькі вазьміце яе з кніжнай паліцы і прачытайце.
У выданні працы вядомага філосафа аб’яднаны навуковым поглядам на свет прыроды, культуры, соцыуму і чалавека. Гэта разважанні аўтара пра сучасныя глабальныя крызісы, якія спароджаныя тэхнагеннай цывілізацыяй і патрабуюць перагляду ранейшых стратэгій яе развіцця. Тут жа размешчаны інтэрв’ю акадэміка пра сувязь паміж узнікненнем ідэй і зменамі ў сацыяльным становішчы.
– Гэта не проста крыніца інфармацыі, а нейкая з’ява, памкненне культуры, якое натхняе чытача на разважанні, – лічыць шэф-рэдактар часопіса Міністэрства адукацыі і навукі Расіі «Філасофскія навукі» Хачатур Марынасян. – Такім чынам, кніга становіцца фактычна настаўнікам, у такім усеагульным мазгавым штурме можна прыйсці да адной роўніцы, асабістага адкрыцця.
Вячаслаў Сямёнавіч – прызнаны аўтарытэт у галіне тэорыі пазнання, філасофіі і метадалогіі навукі, філасофіі культуры, сацыяльнай філасофіі, гісторыі навукі. Ён стваральнік арыгінальнай канцэпцыі структуры і генезісу навуковай тэорыі, якая мае шырокае кола выкарыстання ў метадалогіі прыродазнаўчых, грамадскіх і тэхнічных навук. Як падкрэсліў на сустрэчы Аляксандр Данілаў, загадчык кафедры сацыялогіі ФФСН БДУ, у кнізе «Чалавек. Дзеянне. Культура» не проста ёсць працы, якія перадрукуюцца – кожная з іх нанова прагледжана, абдумана і дапоўнена. Аляксандр Мікалаевіч працытаваў доктара філасофскіх навук Сцёпіна: «Сапраўдным філосафам нельга стаць без сур’ёзнай самаадукацыі». Па словах загадчыка кафедры, у дзейнасці Сцёпіна вартае захаплення тое, што той паглыбіў свае веды ў іншых навуках, удасканаліў свой напрамак на розных узроўнях.
– У кнізе ёсць ідэя, якая разгортваецца ў розных галінах, – адзначыў Вячаслаў Сямёнавіч. – Да гэтага і імкнуўся, таму я пачынаю з разгорнутага аналізу навуковай карціны сацыяльнай рэальнасці. Павінен сказаць, што гэта ідэя ўзнікла на маіх лекцыях тут, калі працаваў у Белдзяржуніверсітэце. І сёння мне прыемна ўбачыць сваіх вучняў, якія шмат гадоў назад слухалі мае выступленні.
Прэзентацыя кнігі «Чалавек. Дзеянне. Культура» праходзіла ў цёплай атмасферы. На сустрэчу прыйшлі выкладчыкі, аспіранты, магістранты, студэнты БДУ, былыя вучні Сцёпіна, а цяпер супрацоўнікі сталічных ВНУ і навукоўцы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.