Да міжнароднага дня абароны дзяцей 29 мая БДУ гасцінна прыняў у сваіх сценах школьнікаў-будучых абітурыентаў, дзяцей супрацоўнікаў ААТ “Белаграпрамбанк”.
Сумесную акцыю арганізавалі ўпраўленне выхаваўчай работы з моладдзю нашага ўніверсітэта і ААТ “Белаграпрамбанк”. Першым этапам знаёмства маладых людзей з універсітэтам стала экскурсія ў музей гісторыі БДУ. У аснову экспазіцыі музея гісторыі БДУ пакладзены тэматычны прынцып, які раскрывае наглядную гісторыю БДУ, выкладзеную з дапамогай эмацыйна афарбаваных помнікаў – дакументаў, фатаграфій, твораў выяўленчага мастацтва і трохмерных аб’ектаў.
Наступнае знаёмства мела профільны характар, якое ўключала сустрэчу гасцей БДУ з дэканамі механіка-матэматычнага, геаграфічнага, хімічнага факультэтаў, факультэта міжнародных адносін і іх намеснікамі.
На механіка-матэматычным факультэце дэкан Дзмітрый Мядзведзеў распавёў пра гісторыю стварэння факультэта, якому сёлета споўнілася 60 гадоў. Дзмітрый Георгіевіч адзначыў вялікі спіс кампаній, якія супрацоўнічаюць з факультэтам, у ліку якіх дзеці знайшлі і “Белаграпрамбанк”. Асобна быў паказаны фільм з водгукамі выпускнікоў і словамі на дарогу для будучых студэнтаў.
Хімічны факультэт прыняў маладых людзей з практычнага боку: студэнты паказалі доследы, намеснік дэкана Жанна Цабкала пазнаёміла з лабараторыямі, навучальным і пазанавучальным жыццём факультэта. Разважаючы пра склад дыстыляванай і звычайнай вады, дзеці даведаліся пра адну з прычын жадання людзей вяртацца на сваю Радзіму.
Разнастайнасць мінералаў і гутарка з намеснікам дэкана геаграфічнага факультэта Уладзімірам Махначом у атмасферы музея землязнаўства БДУ натхніла дзяцей больш даведацца пра спецыяльнасці, на якіх вывучаюць склад зямной кары, рыхтуюць спецыялістаў па турызме.
Завяршальным этапам стаў факультэт міжнародных адносін. Адрозненнем факультэта з’яўляецца вывучэнне дзвюх замежных моў незалежна ад абранай спецыяльнасці, падрыхтоўкай дыпламатаў і спецыялістаў у сферы міжнародных адносін у розных галінах. Намеснік дэкана Сяргей Карэлін падтрымаў школьнікаў у выбары любой спецыяльнасці БДУ, аднак адзначыў, што будзе рады бачыць іх у сценах свайго роднага факультэта.
Знаходзячыся на 13 паверсе факультэта міжнародных адносін, дзеці падзяліліся ўражаннямі пра чатыры гадзіны, праведзеныя ў Беларускім дзяржаўным універсітэце.
Павел Артамонаў: Мне спадабаліся факультэты, на якіх мы пабывалі. Была вельмі цікавая экскурсія па музеі БДУ, шмат даведаліся пра гісторыю ўніверсітэта. Паглыбіліся ў сутнасць кафедраў і іх прадметы. Правялі цікавыя хімічныя доследы.
Салодкіна Ганна: Наведаўшы БДУ, я шмат у чым змяніла свой пункт гледжання пра гэты ўніверсітэт. Калі я ішла на гэту экскурсію, я ведала пра тое, што я хачу даведацца, паглядзець студэнцкія аўдыторыі. Мне было цікава паглядзець хімічны факультэт. Даведацца больш. Таксама мяне зацікавіў мехмат: як можна звязаць сваю будучыню з матэматыкай. Пры выбары ўніверсітэта я абавязкова яшчэ раз наведаю БДУ і разгледжу яго для паступлення. Было вельмі цікава, дзякуй!
Сямёнава Вольга: Мне было прыемна наведаць хімічны факультэт, бо разглядаю яго для паступлення. Таксама мне было цікава наведаць іншыя факультэты. Я даведалася шмат новага пра ўніверсітэт. У нейкай ступені прачула атмасферу. Экскурсія дапамагла мне паглядзець на іншыя факультэты, магчыма, знайсці тое, з чым я звяжу сваё будучае жыццё.
Чараповіч Вольга: Я захацела наведаць БДУ, таму што ў маім жыцці хутка наступіць момант паступлення. Я хацела акунуцца ў студэнцкае жыццё, паглядзець што гэта і як. Хацела паглядзець, якія дзверы перад намі адчыняе БДУ. Сёння мы прайшлі 4 факультэты, мне вельмі спадабаўся геаграфічны факультэт. Я думаю, што гэта і будзе мой выбар. Хачу сказаць велізарнае дзякуй тым, хто дае нам такую магчымасць. Спазнаваць штосьці новае і спрабаваць сябе ў розных напрамках. Дзякуй!
Умінскі Антон: Гэта была вельмі цікавая і пазнавальная экскурсія. Я лічу, што такія мерапрыемствы вельмі важныя, што іх трэба праводзіць часцей, бо даецца больш інфармацыі па цікавай для вучня тэме.
Наталля ЯРАШЭВІЧ