BizTech–2018. Навучанне праз практычны досвед стварэння высокатэхналагічнага міжнароднага бізнесу [+cлайды і відэа]

7 Jun, 2018.

 Другі міжнародны конкурс стартаппраектаў, віртуальны хакатон і канферэнцыя прайшлі з 20 красавіка па 20 мая пад лагатыпам BizTech–2018.

Мерапрыемства стала пляцоўкай для знаёмства патэнцыйных стартап-праектаў з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці, банкаўскага сектара і прафесарска-выкладчыцкага складу. Цэлы месяц удзельнікі форуму вучыліся ў майстроў сваёй справы ў сферы бізнесу і IT-тэхналогій, а таксама «пітчылі» свае ідэі. Падрабязнасці распавёў арганізатар Дзмітрый МАРУШКА, загадчык кафедры эканамічнай інфарматыкі БДУ.

Месяц насычанай праграмы

Пляцоўка стваралася кафедрай эканамічнай інфарматыкі эканамічнага факультэта БДУ сумесна з Паркам высокіх тэхналогій. Дапамогу з правядзеннем мерапрыемства аказвалі валанцёры – студэнты БДУ. Мерапрыемства праходзіла маштабна і насіла практыка-арыентаваны характар. На працягу месяца былі праведзены віртуальны хакатон, конкурс стартап-праектаў і канферэнцыя са знакамітымі спікерамі.

– Перад BizTech ставіліся ў першую чаргу адукацыйныя мэты, – кажа Дзмітрый Марушка. – Мы планавалі правесці мерапрыемства, якое адпавядала б самым высокім міжнародным патрабаванням, бо хочам зрабіць нашу адукацыю ў галіне прадпрымальніцтва і інфармацыйных тэхналогій адной з найлеп­шых у свеце. У рамках тых задач, якія мы  запланавалі, думаю, змаглі рэалізаваць усё задуманае. Была яшчэ адна важная задача – прадэманстраваць, што наш універсітэт з’яўляецца сучаснай і перадавой установай адукацыі.

У конкурсе ўдзельнічалі школьнікі, студэнты, маладыя навукоўцы і прадпры­мальнікі, якія маюць праекты на розных стадыях развіцця. На конкурс было пададзена 96 заявак. Так, BizTech пачаўся з віртуальнага хакатону, які працягнуўся з 20 красавіка па 10 мая і дапамог камандам-канкурсантам у рэжыме анлайн падрыхтавацца да ўдзелу ў адборачным туры пад кіраў­ніцтвам прафесійных мен­тараў.

– У рамках віртуальнага хакатону студэнты ўзаемадзейнічалі з ментарамі, у якасці якіх выступілі прадстаўнікі бізнес-супольнасці, спецыялісты вядучых беларускіх IT-кампаній, банкаўскіх арганізацый і ўніверсітэтаў. Больш за 40 прафесіяналаў сталі ментарамі камандаў, якія ўдзельнічаюць у конкурсе, – дапаўняе загадчык кафедры.

Ментары дэталёва аналізавалі праекты, падказвалі і курыравалі працу стартапераў, дапамагалі выбіраць правільныя арыенціры для камерцыялізацыі ідэй. Іх задача заключалася ў тым, каб з боку бізнесу ацаніць,  наколькі прадстаўленыя стартап-праекты могуць быць паспяховымі на рынку, а пра­панаваныя прыкладанні і сэрвісы запатрабаванымі сярод спажыўцоў.

– На адборачны тур былі запрошаны 46 каманд. У адборы змаглі прыняць удзел толькі тыя каманды, якія выканалі заданні ментараў – падрыхтавалі дэталізаванае апісанне свайго прадукту ў адпаведнасці з мадэллю Lean Canvas, запісалі відэапрэзентацыю і ўсе матэрыялы праекта размясцілі на платформе віртуальнага хакатону. Усё гэта ўлічвалася ментарамі пры прыняцці рашэння, якая каманда патрапіць на адборачны тур. Гэта было вельмі няпростае рашэнне! – распавядае Дзмітрый Аляксандравіч.

Прэзентацыя праекта NeoBust

Сам адборачны тур прайшоў 11 мая, ён складаўся з публічнай абароны праектаў і далейшага адбору каманд у фінал. Больш за чвэрць усіх стартапаў былі прадстаўлены студэнтамі БДУ, астатнімі ўдзельнікамі выступілі студэнты іншых ВНУ, індывідуальныя прадпрымальнікі і камерцыйныя кампаніі, школы, гімназіі, ліцэі. На фінал змаглі патрапіць 32 каманды.

– На мой погляд, BizTech – сучасная форма арганізацыі навучальнага працэсу, – дзеліцца Дзмітрый Аляксандравіч. – Прадстаўнікі бізнес-супольнасці дапамагаюць зрабіць навучанне больш практыка-арыентаваным за кошт таго, што пад іх непасрэдным кіраўніцтвам студэнты (у тым ліку і школьнікі) атрымліваюць практычныя навыкі працы над сваімі ўласнымі праектамі. Акрамя таго, наша мерапрыемства дае студэнтам магчымасці для пошуку месцаў практыкі і стажыроўкі, а таксама працаўладкавання, бо бізнес-кампаніі вельмі зацікаўлены ў таленавітых спецыялістах.

Узмоцнены інтэнсіў

Канферэнцыя і акселерацыйная праграма прайшлі з 24 па 27 красавіка. Умоўна яны дзяліліся на такія дні: дзень моладзевага прадпрымальніцтва, дзень прадуктовай ідэі і стратэгіі, дзень фандрэйзінгу, дзень маркетынгу і продажаў. Па выніках працы канферэнцыі плануецца выданне зборніка тэзісаў дакладаў.

З дакладамі і майстар-класамі выступілі больш за 50 вядомых беларускіх і замежных прадпрымальнікаў, банкіраў, навукоўцаў,   палітыкаў і выкладчыкаў універсітэтаў. Яны разглядалі актуальныя напрамкі развіцця стартап-руху, дзяліліся сваім досведам стварэння бізнесу, распавядалі пра тое, як яго прасоўвалі і як «заваёўвалі» карыстальніцкую аўдыторыю, каментавалі зробленыя імі першыя памылкі. Шмат чаго было сказана пра пабудову стратэгіі маркетынгу, фарміраванне і павышэнне лаяльнасці кліентаў брэнду, а таксама пра прыцягненне фінан­савання для стартапаў з улікам асаблівасцяў функцыянавання беларускай інавацыйнай экасістэмы. Фундатары і прадстаўнікі банкаўскіх устаноў распавялі пра тое, як адбываецца экспертыза стартап-праектаў, юрысты, у сваю чаргу, прадставілі агляд заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць ІТ-бізнесу, і падказалі пачаткоўцам стартаперам, на што неабходна зважаць пры стварэнні кампаніі. Адмысловая ўвага была нададзена перспектывам навучання прадпрымаль­ніцтву, былі закрануты «гарачыя» тэмы – прадпрымальніцтва ў эру блокчэйну, напрамкі развіцця ІТ-бізнесу ў рамках «Дэкрэта аб ПВТ 2.0», механізмы фарміравання  лічбавай эканомікі і шматлікія іншыя.

Фінальны акорд

Дзмітрый Марушка ўручае дыплом пераможцу ў намінацыі «Сімпатыя спонсара»

Верагодна, самы хвалюючы дзень – фінал конкурсу стартап-праектаў, які прайшоў 18 мая. У гэты дзень каманды прэзентавалі праекты ўдзельнікам журы, якое складалася з прадстаўнікоў бізнес-супольнасці, банкаўскіх устаноў і прафесарска-выкладчыц­кага складу БДУ.

У намінацыі «Адукацыйны стартап» перамога была за праектам Scrawlless, прадстаўленым студэнтамі БДУІР. Як яны самі распавялі, запушчаны інтэрнэт-партал scrawlless.me дазваляе дзецям з парушэннямі дробнай маторыкі выконваць школьныя заданні і адпраўляць іх свайму настаўніку.

Праект SoX быў прызнаны найлепшым у намінацыі «Сацыяльна-значны стартап» (Ірына Емяльянава і Канстанцін Кулак – ФПМІ, Іван Зайкоў – мехмат). Распрацаванае студэнтамі мабільнае прыкладанне дапамагае падабраць найбольш зручную пару абутку.

Вам таксама можа спадабацца: