Інавацыі не адмяняюць традыцыі. Новыя адукацыйныя методыкі ўкараняюць на некалькіх факультэтах БДУ

29 Jun, 2018.

Вучэбна-метадычная лабараторыя інавацый у адукацыі (ВМЛІА) пачала сваю працу сёлета ў студзені. Яна была створана для правядзення даследчай і метадычнай работы, накіраванай на адаптацыю інавацыйных крэатыўных адукацыйных тэхналогій да практыкі навучальнага працэсу. Пра працу і планы лабараторыі, пра ўкараненне новых адукацыйных методык у навучанне распавяла кіраўнік падраздзялення Наталля Марозава.

Пра ўкараненне новых
тэхналогій у адукацыю
Вучэбна-метадычная лабараторыя інавацый у адукацыі займаецца   каардынацыяй дзейнасці выкладчыкаў БДУ, звязанай з арганізацыяй навучання з выка­рыстаннем дыстанцыйных тэхналогій, павялічвае прафесійную кампетэнтнасць выкладчыкаў, а таксама ўмацоўвае міжуніверсітэцкае супрацоўніцтва ў галіне ўдасканалення адукацыйнага працэсу.

Кіраўніцтвам БДУ былі вызначаны 5 факультэтаў для апрабацыі і разумнага ўкаранення дыстанцыйных тэхналогій у адукацыйны працэс. Сумеснымі намаганнямі супрацоўнікаў лабараторыі і выкладчыкаў факультэтаў будуць прадпрынятыя крокі па абнаўленні зместу навучальных праграм і формаў правядзення навучальных заняткаў.

– Факультэты дапамогуць нам распрацаваць нарматыўную дакументацыю па арганізацыі і ву­чэб­на-метадычным забеспячэнні заняткаў, якія праводзяцца з выка­рыстаннем інавацыйных (у тым ліку дыстанцыйных) адука­цыйных тэхналогій, – кажа Наталля Ма­розава. Лабараторыя ўжо цяпер аказвае дапамогу факультэтам у планаванні і арганізацыі заняткаў   з выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій (ДАТ).

Дыстанцыйныя
адукацыйныя тэхналогіі
ў БДУ
– Дыстанцыйныя адукацыйныя тэхналогіі выкарыстоўваліся ва ўніверсітэце і раней: існаваў аду­кацыйны партал, праводзіліся конкурсы адукацыйных анлайн- рэсурсаў, але гэта не атрымала шыро­кага прымянення падчас  пад­рых­тоўкі спецыялістаў. Паколь­кі дыс­тан­цыйнае навучанне – гэта  ў першую чаргу інструмент, а ў  працы над удасканаленнем аду­кацыйнага працэсу мы плануем закрануць і метадалогію дыстанцыйнага навучання, будуць змя­няцца падыходы і формы падачы матэрыялу. У нашы дні даступная любая інфармацыя, і адмысловая ўвага ў гэтай сувязі павінна на­давацца развіццю крытычнага мыслення, якое дазваляе яе адбіраць і аналізаваць, – канстатуе Наталля Марозава.

Выкарыстанне сучасных інфармацыйных адукацыйных тэхналогій дае ўніверсітэту пэўныя перавагі. Гэта і эканомія на абслугоўванні аўдыторнага фонду, і адносна нізкі сабекошт навучання, які забяспечваецца ў выніку выкарыстання больш канцэнтраванага і ўніфікаванага зместу аду­кацыйных праграм, больш эфектыўнага выкарыстання навучаль­ных плошчаў і тэхнічных сродкаў. Акрамя таго, выкарыстанне ін­фармацыйных тэхналогій дазваляе выкладчыку размясціць тэматычную інфармацыю на пэўным рэсурсе, раўнамерна размерка­ваць навучальную працу, выка­рыстоўваць тэхналогіі эўрыстычнага навучання. Такім чынам, усталёўваецца мабільная зваротная сувязь паміж выкладчыкам і слухачом. Студэнт, у сваю чаргу, зможа стварыць свой унікальны адукацыйны «прадукт», рэалізаваць творчы патэнцыял, маючы не толь­кі доступ да электронных бібліятэк і базаў ведаў, але і шырокі спектр інтэрактыўных магчымасцяў.

– Вядома ж, у арганізацыі адукацыйнага працэсу з выкарыстаннем дыстанцыйных тэхналогій ёсць і свае складанасці: гэта неабход­насць пастаяннага доступу да кры­ніц інфармацыі, запатрабаванне ў тэхнічнай абсталяванасці, слабая распрацоўка вучэбна-метадычнага матэрыялу з прычыны недастатковасці вопыту ў стварэнні неабходнага адукацыйнага кантэнту. З маштабам БДУ не параўнаецца ніводная іншая ВНУ краіны, – падкрэслівае Н. Марозава, – аднак на любыя пераўтварэнні патрэбны  часавы рэсурс, каб і студэнты, і выкладчыкі змаглі перабудавацца для працы ў новым рэжыме.

Супрацоўнікі ВМЛІА ад­знача­юць, што ўкараненне дыс­тан­цый­ных адукацыйных тэхналогій варта ажыццяўляць паэтапна. Спачатку ўжыванне дыстанцыйных тэхналогій закране толькі кіруемую самастойную працу, а затым – лекцыйныя і практычныя заняткі з выка­рыстаннем відэалекцый, вэбінараў, відэаканферэнцый, трэнажораў, анлайн-трэнінгаў, інтэрнэт-семінараў і інш.

Укараненне сучасных
адукацыйных тэхналогій
на журфаку
Наталля Марозава распавядае, што першым факультэтам, дзе праходзіць апрабацыя ўкаранення сучасных адукацыйных тэхналогій, стаў факультэт журналістыкі. На дадзеным этапе ідзе праца па ўдасканаленні макета навучальнай праграмы. Гэта першы базавы дакумент, важны не толькі для выкладчыка, але і для ўніверсітэта ў цэлым, паколькі ў ім знаходзіць адлюстраванне змястоўная частка дысцыпліны, метады і тэхналогіі выкладання.

На факультэце журналістыкі будзе актуалізаваны змест шэрагу дысцыплін. Дзяржаўны кампанент навучальнага плана спецыяльнасці складана карэкціраваць, а вось універсітэцкі кампанент можна дапаўняць аўтарскімі курсамі, што  і будзе адрозніваць наш універсітэт ад астатніх навучальных ус­таноў. На факультэце ўжо цяпер  ідзе ўдасканаленне зместу больш чым 20 дысцыплін.

У наш час вядзецца актыўная кансультацыйная праца па інтэграцыі традыцыйнага адукацыйнага працэсу і інавацый. Традыцыі не адмяняюць інавацыі – пад такім  лозунгам, як сказала Н. Марозава, вядзецца праца ў вучэбна-мета­дычнай лабараторыі.

З выкладчыкамі і кіраўніцтвам факультэта журналістыкі супрацоўнікі лабараторыі сустракаліся ўжо неаднаразова. У выніку быў сфарміраваны план мерапрыемстваў па пашырэнні выкарыстання ДАТ і практыкі прымянення крэатыўных адукацыйных тэхналогій пры падрыхтоўцы спецыялістаў на 1 і 2 ступенях вышэйшай адукацыі. У планах ВМЛІА – развіццё дыс­танцыйных тэхналогій з ухілам на распрацоўку адкрытых інтэрнэт-заданняў як асноўнага змястоўнага элемента эўрыстычнага на­вучання. Выкладчыкам факультэта было прапанавана ўключыць у вучэбна-праграмную дакументацыю апі­санне інавацыйных па­дыходаў і  метадаў.

Адукацыйны партал
Задача адукацыйнага партала заключаецца не ў тым, каб выцесніць традыцыйнае навучанне, а ў тым, каб эфектыўна інтэгравацца ў яго. Навучальны працэс з выкарыстаннем дыстанцыйных адукацыйных тэхналогій будзе ажыццяўляцца праз адукацыйны партал на базе LMS Moodle. Выкарыстанне электронных навучальных рэсурсаў, распрацаваных у Moodle, дазволіць развіць прафесійныя кампетэнцыі студэнтаў, павялічыць іх    сацыяльную мабільнасць, далягляд і ўзровень самасвядомасці, што, вядома, будзе спрыяць не толькі росту адукацыйнага патэнцыялу студэнцтва, але і якасці адукацыі  ў цэлым.

Тэхнічную падтрымку дадзенага праекта, па словах кіраўніка лабараторыі інавацый у адукацыі, аказвае Цэнтр інфармацыйных тэхналогій БДУ. У дадзены момант аду­кацыйны партал знаходзіцца ў тэставым рэжыме.

Кампетэнтна

Вольга Самусевіч, в. а. дырэктара Інстытута журналістыкі:
– Зараз вялікая ўвага надаецца журналісцкай падрыхтоўцы, прыйшоў час мяняць вучэбныя планы, падыходы да навучання. І новыя сучасныя тэхналогіі, якія ёсць у сістэме адукацыі, трэба прымяняць найперш на творчых факультэтах, такіх як наш. Асноўная задача – каб студэнт змог рэалізаваць свой патэнцыял. Працу па абнаўленні вучэбнага працэсу мы не адкладвалі на восень, а цяпер вызначылі пры абмеркаваннях на кожнай кафедры 2–3 дысцыпліны, у якія можна ўключыць новыя тэхналогіі ўзаемадзеяння, дыстанцыйныя і крэатыўныя методыкі. Выкладчыкі самі зацікаўлены ў новых формах выкладання матэрыялу. Паспрабуем з першага верасня выкладаць прадметы з улікам новых распрацовак.

Святлана Харытонава, загадчыца кафедры перыядычнага друку факультэта журналістыкі:
– Імкліва развіваюцца тэхналогіі, мы павінны прапанаваць нашым навучэнцам сучасныя інавацыйныя формы навучання. БДУ – вядучая ВНУ, і мы павінны адпавядаць выклікам часу. На нашай кафедры ўжо ўкаранёныя эўрыстычныя методыкі навучання па некалькіх дысцыплінах. Вядома, мы будзем працягваць паглыбляць гэтыя інструменты далей. У чым іх асаблівасць? Дзякуючы ім слухач атрымлівае магчымасць выявіць сябе. Важна, каб студэнт, выконваючы эўрыстычныя заданні, змог ацаніць уласныя кампетэнцыі, выбіраючы розныя спосабы дасягнення і формы гэтага адукацыйнага выніку.

Алена ЛЯЎШЭНЯ
Фота Аляксандра Запольскага
print

Вам таксама можа спадабацца: