У маляўнічым месцы, на малой радзіме Якуба Коласа, у дзясяты раз прайшоў студэнцкі турыстычны злёт “Высокі бераг”. 15 каманд правялі тры насычаныя дні пад Стоўбцамі.
На турзлёце былі не толькі каманды ад факультэтаў, але і арганізацый БДУ: творчая студыя “МіМ-БДУ“, савет стараст і каардынацыйны савет студэнцкага гарадка падужаліся за званне найлепшай каманды. Студэнты змагаліся не толькі ў спорце, але і ў творчасці. Конкурс візітовак, песні ля вогнішча, творчы нумар і агляд лагераў паказалі, якія таленавітыя і крэатыўныя хлопцы і дзяўчаты вучацца ў нашым універсітэце. Тэма гэтага года – “Дзяржаўныя органы”. Каманды на некалькі дзён сталі міністэрствамі адукацыі, сельскай гаспадаркі, інфармацыі і г. д. Яны распрацавалі свае інфармацыйны плакат, відэа пра здачу гадавой справаздачы, афармленне лагера і карпаратыўны стыль. Апошняе, дарэчы, ацэньвалася на аглядзе лагераў і “Каша-Battle”. У гэтай намінацыі найлепшымі сталі лагеры юрыдычнага і біялагічнага факультэтаў. У конкурсе ваеннай песні перамогу атрымаў хімічны факультэт. Лідар у конкурсе візітовак і творчым нумары – факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.