Апошнія гады БДУ паслядоўна ўмацоўваў пазіцыі ў міжнародных рэйтынгах, і гэта моцна вылучала яго на фоне іншых беларускіх ВНУ і прыцягвала абітурыентаў, асабліва з іншых краін. Мы пагаварылі з намеснікам старшыні савета па павышэнні рэйтынгу БДУ ў сусветнай навукова-адукацыйнай прасторы Аляксеем Толсцікам пра алгарытмы дадзеных рэйтынгаў і сістэму каардынат, у якой круціцца наша ВНУ.
– Аляксей Леанідавіч, з 2011 года пад Вашым кіраўніцтвам дзейнічала працоўная група па рэйтынгу. Як ацэньваеце эфектыўнасць яе працы і ўзаемадзеянне з падраздзяленнямі?
– Працоўная група «Рэйтынг БДУ» была створана з мэтай прасоўвання БДУ ў сусветных рэйтынгах, шырэйшай папулярызацыі ўніверсітэта ў краіне і за мяжой, павышэння прывабнасці сярод абітурыентаў. Характэрна, што на той момант мы ўваходзілі толькі ў адзін рэйтынг Webometrics і займалі 1474 месца. У студзені 2018 года мы выйшлі на 487 месца, прычым гэта другі вынік сярод універсітэтаў СНД пасля Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. Сярод вынікаў працы групы можна вылучыць уваходжанне ўніверсітэта ў дзясятак іншых міжнародных рэйтынгаў. У выніку, паводле дадзеных самых аўтарытэтных міжнародных рэйтынгавых агенцтваў, БДУ ўваходзіць у 2 % найлепшых універсітэтаў свету, займаючы высокія пазіцыі сярод 30 тысяч устаноў вышэйшай адукацыі.
– Якія рэйтынгі найбольш аўтарытэтныя?
– У 2017 годзе БДУ ўпершыню ўвайшоў у найстарэйшы і адзін з самых прэстыжных сусветных рэйтынгаў – Шанхайскі прадметны рэйтынг універсітэтаў па фізіцы – і заняў месца ў групе 401–500. Раней ніводзін беларускі ўніверсітэт не ўваходзіў у лік універсітэтаў, якія ранжыруюцца Шанхайскім рэйтынгам. БДУ таксама з’яўляецца адзіным беларускім універсітэтам, прадстаўленым ва ўплывовым рэйтынгу Times Higher Education. Не менш вядомы рэйтынг вядомага брытанскага агенцтва QS, на які арыентуюцца ўніверсітэты Расіі. У чэрвені 2018 года БДУ заняў 354 месца ў свеце. Пры гэтым Электронная бібліятэка БДУ займае другое месца сярод электронных бібліятэк ВНУ з краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і першае месца сярод краін СНД. У снежні 2017 года БДУ ўпершыню ўвайшоў у 200 найлепшых універсітэтаў свету па версіі Маскоўскага міжнароднага рэйтынгу «Тры місіі ўніверсітэта» (MosIUR), заняўшы 168 пазіцыю. Гэта прынцыпова новы акадэмічны рэйтынг, які ацэньвае тры ключавыя місіі ўніверсітэта: адукацыйную, навуковую і ўзаемадзеянне з грамадствам.
– Наколькі, на Ваш погляд, наогул аб’ектыўныя пазіцыі ВНУ ў дадзеных рэйтынгах?
– Розныя рэйтынгі робяць акцэнт на розныя сферы дзейнасці ўніверсітэтаў. Акрамя адукацыйнага працэсу гэта можа быць і навукова-даследчая праца, і ўкараненне вынікаў даследаванняў у вытворчасць, і паспяховасць працы выпускнікоў. Шэраг агенцтваў, акрамя аб’ектыўных колькасных параметраў, ацэньваюць меркаванні экспертаў як з боку акадэмічнай супольнасці (універсітэты, навуковыя цэнтры), так і з боку працадаўцаў (прадпрыемствы, арганізацыі і розныя фірмы, у якіх працуюць выпускнікі). Напрыклад, рэйтынгавыя агенцтвы QS і Times Higher Education маюць базы экспертаў, якія ўключаюць некалькі дзясяткаў тысяч вядомых навукоў-цаў і кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Такі шматбаковы погляд уяўляецца досыць аб’ектыўным, аднак варта мець на ўвазе, што пры ацэнцы, напрыклад, навуковых публікацый акцэнт робіцца на англамоўныя выданні, што, вядома, заніжае пазіцыі ўніверсітэтаў краін СНД.
Таксама адзначу, што ў рэйтынгах дамінуюць універсітэты з вялікім фінансаваннем, напрыклад, бюджэт вядучых амерыканскіх універсітэтаў даходзіць да 10 млрд долараў. Кітайскія ўніверсітэты выходзяць на высокія пазіцыі, бо таксама атрымалі істотную фінансавую падтрымку, што дазваляе на новым узроўні арганізоўваць навучальны працэс, развіваць навуковыя даследаванні і вытворчасць прадукцыі.
– Калі суаднесці пазіцыі БДУ з пазіцыямі ВНУ з суседніх краін, да якіх высноў можна прыйсці?
– У нас добрыя пазіцыі сярод краін СНД. Па шэрагу рэйтынгаў, у тым ліку тых, якія праводзяцца расійскімі агенцтвамі, мы ўваходзім у пяцёрку найлепшых універсітэтаў. Аднак варта быць аб’ектыўным і адзначыць вельмі добрую дынаміку расійскіх універсітэтаў за апошнія гады. Гэта вынік выканання праграмы ўрада Расіі «5-100», па выніках якой 5 універсітэтаў Расіі павінны ўвайсці ў сотню найлепшых універсітэтаў свету. У рамках праграмы 15 універсітэтам вылучаюцца дадатковыя фінансавыя сродкі ў памеры каля 10 мільёнаў долараў для развіцця навуковых даследаванняў, уключаючы закупку абсталявання, прэміяванне выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў за публікацыі ў вядучых часопісах, якія ўваходзяць у базы дадзеных Scopus і Web of Science. У выніку, па дадзеных агенцтва QS, на чэрвень 2018 года 15 расійскіх універсітэтаў увайшлі ў 500 найлепшых універсітэтаў свету, прычым ужо 8 універсітэтаў абышлі наш універсітэт (МДУ – 90, СПбДУ – 235, Новасібірскі ўніверсітэт – 244, Томскі – 277, МДТУ імя Баўмана – 299, МФТІ – 312, МІФІ – 329, НДУ «Вышэйшая школа эканомікі» – 343). Сярод найлепшых універсітэтаў іншых суседніх краін наша 354 месца выглядае вельмі прэстыжна (Варшаўскі ўніверсітэт – 394, Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт імя В. Н. Каразіна – 481, Вільнюскі ўніверсітэт – 488).
– Па якіх параметрах за апошні час БДУ палепшыў свае паказчыкі, і ў чым заключаюцца нашы рэзервы?
– У нас традыцыйна добрыя ацэнкі міжнародных экспертаў, і гэта заслуга ўсяго нашага калектыву. Карыстаючыся выпадкам, хачу выказаць падзяку выкладчыкам, навуковым работнікам і ўсім супрацоўнікам, без актыўнай працы якіх мы не дасягнулі б такіх добрых вынікаў. Істотную ролю іграе акадэмічная мабільнасць – штогод каля тысячы нашых студэнтаў і столькі ж выкладчыкаў выязджаюць за мяжу на канферэнцыі, стажыроўкі, навучальныя практыкі, конкурсы. Усё гэта – павышэнне прэстыжу нашага ўніверсітэта на міжнароднай арэне. Нашы рэзервы – публікацыі ў вядучых навуковых часопісах, міжнароднае супрацоўніцтва (прыцягненне замежных студэнтаў і замежных выкладчыкаў).
Аналізуючы дынаміку расійскіх універсітэтаў, адназначна відавочная выніковасць праграмы «5-100». Для нашай краіны можна было б стварыць праграму «3-300» з аналагічнай сістэмай фінансавай падтрымкі, па выніках выканання якой 3 УВА павінны былі б увайсці ў 300 найлепшых універсітэтаў свету.
Трэба памятаць, што паляпшэнне нашых паказчыкаў неабходна суадносіць з іншымі ўніверсітэтамі, якія не стаяць на месцы, а інтэнсіўна развіваюцца. Гэта як з Алісай у краіне Залюстрэчча: «… Ну і павольная тамтэйшая ваша краіна! – грэбліва кінула Каралева. – У нас даводзіцца несціся з апошніх сіл, каб толькі ўтрымацца на месцы. А ўжо калі жадаеш пасунуцца, то ляці ў два разы хутчэй».
– БДУ пры новым рэктару пачаў перабудоўваць сваю дзейнасць па шматлікіх напрамках – як гэта адаб’ецца на рэйтынгавых пазіцыях нашага ўніверсітэта, і якія Вашы прагнозы?
– У 2018 годзе быў створаны савет па павышэнні рэйтынгу БДУ ў сусветнай навукова-адукацыйнай прасторы, які ўзначаліў першы прарэктар Алег Анатольевіч Івашкевіч. У наш час ідзе структурная перабудова і пераразмяркоўваецца функцыянал паміж падраздзяленнямі, развіваецца сістэма «Электронны ўніверсітэт», створаны асабістыя кабінеты супрацоўнікаў, якія, на мой погляд, павінны атрымаць шырэйшае напаўненне, напрыклад, магчымасць самім супрацоўнікам размяшчаць свае публікацыі, якія будуць аўтаматычна размяшчацца ў Электроннай бібліятэцы і ўлічвацца пры вызначэнні асабістага рэйтынгу. Ёсць упэўненасць, што працы па павышэнні рэйтынгу БДУ будзе нададзена досыць увагі з боку кіраўнікоў розных падраздзяленняў нашага ўніверсітэта, што дазволіць годна выглядаць на сусветным узроўні.