Пакуль гарадскі суд разбіраецца з праблемамі побытавага характару, студэнтка трэцяга курса ФМА БДУ Алена Лаўрэнава і магістрантка Дар’я Богдан удзельнічалі ў вырашэнні канфлікту касмічных маштабаў. Завяршэнне 24 мая еўрапейскага раўнда Міжнароднага конкурсу па касмічным праве імя Манфрэда Лахса прынесла свае плады: дзяўчаты змаглі выйграць не толькі гэта справу, але і сам конкурс.
Міжнароднае касмічнае права – гэта галіна юрыспрудэнцыі, якая рэгулюе выкарыстанне касмічных рэсурсаў. Узнікненне міжнароднага касмічнага права як самастойнай галіны цесна звязана з пачаткам даследавання і засваення касмічнай прасторы. Гэта галіна нездарма названа менавіта “правам”, бо важны момант для яе – апісаць правы Зямлі валодаць участкамі на іншых аб’ектах Сонечнай сістэмы: Месяцы ці Марсе. Таксама касмічнае права вывучае і праблемы карысных выкапняў і рэсурсаў Зямлі, шляхі рашэння гэтых пытанняў з дапамогай іншых планет. Менавіта з гэтым і звязана тэма, з якой сутыкнуліся дзяўчаты на конкурсе.
Сутнасць конкурсу заключаецца ў імітацыі судовага працэсу ў рамках Міжнароднага суда ААН. У верасні выходзіць выдуманая справа, у якім сутыкаюцца інтарэсы дзвюх дзяржаў, далей яны звяртаюцца ў Міжнародны суд для ўрэгулявання спрэчкі. Спачатку каманды рыхтуюць пісьмовую пазіцыю за абодва бакі, а затым прадстаўляюць свае аргументы вусна перад суддзямі. У гэты раз каманда вырашала спрэчку, якая ўзнікла ў 2056 годзе паміж дзвюма дзяржавамі, якія прадпрымаюць спробы засваення Марса ва ўмовах перанасялення Зямлі і поўнага знясілення зямных рэсурсаў.
Для таго, каб цалкам пагрузіцца ў атмасферу гэтых падзей і хоць бы на трохі ўявіць сябе на месцы канкурсантаў, я спытала ў дзяўчат пра першыя ўражанні:
— Першае, што я ўбачыла ў месцы правядзення рэгістрацыі на конкурс – вялікая плазмавая панэль, метры чатыры на два, на якой было напісана “Outer Space for Development” (Космас для развіцця). Я тады падумала: “”, – распавядае Дар’я Богдан.
— Алена, калі вы зразумелі, што хочаце гэтым займацца?
— Напэўна, я зразумела, што хачу гэтым займацца, калі паступала на спецыяльнасць “міжнароднае права”, бо падобныя мадэляванні судоў рыхтуюць да будучай працы юрыста-міжнародніка.
— Дар’я, распавядзіце, як прыйшлі да касмічнага права вы?
— Мабыць, я заўсёды хацела рабіць што-небудзь касмічнае. У школе ўдзельнічала ў алімпіядзе па астраноміі. Цяпер з’яўляюся нацыянальным прадстаўніком у Беларусі кансультатыўнага савета касмічнага пакалення – міжнароднай няўрадавай моладзевай арганізацыі, мэтай якой з’яўляецца прадстаўленне моладзі ў касмічнай індустрыі і папулярызацыя ведаў пра космас. Удзел у конкурсе для мяне – незвычайная магчымасць сумясціць космас і працу па спецыяльнасці.
— Для таго, каб перамагчы супернікаў і годна выступіць, верагодна, трэба вельмі шмат часу на падрыхтоўку. Ці былі ў вас праблемы з вучобай у гэты перыяд?
— Падрыхтоўка займае вельмі шмат часу, і часам бывае цяжка ўсё сумяшчаць. Асаблівасцю гэтага конкурсу з’яўляецца “двайная праца”: з-за невялікай колькасці ўдзельнікаў ты рыхтуеш пазіцыю ў спрэчцы і за істца, і за адказчыка. Але гэта не павінна адлюстроўвацца на вучобе, паколькі конкурс – гэта не “замест” вучобы, а “ў дадатак” да яе. З упэўненасцю магу сказаць, што вельмі хутка ты адточваеш свае навыкі планавання, тайм-менеджменту і самаарганізацыі, таму праблемы абыходзяць цябе бокам, – распавядае Дар’я.
— Калі ўсё-такі ў вашай каманды пачалася падрыхтоўка?
— Мы пачалі рыхтавацца ўвосень: справа выйшла, мы вырашылі ўдзельнічаць. Нашу падрыхтоўку можна назваць падрыхтоўкай да дробязяў, што і дало свой вынік, – падзялілася Алена.
— Як вы ставіцеся да сваіх супернікаў?
— Да супернікаў жа заўсёды стаўленне асцярожнае. Па-першае, юрысты самі па сабе вельмі сур’ёзныя людзі. Па-другое, значна небяспечней недаацаніць суперніка, чым пераацаніць. Усе нашы раўнды былі цікавым змаганнем, уражанні ад іншых каманд засталіся добрыя, – адказвае Дар’я Богдан.
— Распавядзіце трохі пра вашых настаўнікаў, пра іх падыход да вашай падрыхтоўкі. Строгасць, але хуткая эфектыўнасць ці паступовасць, паслядоўнасць?
— Я лічу, што нам вельмі пашанцавала з трэнерамі. У іх складаная праца: накіроўваць каманду ў правільнае рэчышча, падтрымліваць яе згуртаванасць і баявы дух. Тут ёсць вельмі тонкая грань паміж залішняй строгасцю і празмернай дэмакратычнасцю. Кацярына Кузняцова, старшы выкладчык кафедры міжнароднага права факультэта міжнародных адносін і Таццяна Зінякова, выпускніца ФМА БДУ 2017 года, знайшлі свой рэцэпт цудоўнага “трэнерства”. Мы адчуваем адказнасць перад імі за якасць нашай працы, пры гэтым няма празмернага ціску. У нас заўсёды ёсць план А, план Б і план Б-1. Конкурс досыць доўгі, у ім важна арганізаваць як пастаянную руцінную працу, так і ўмець мабілізаваць сілы напярэдадні “дэдлайну”, толькі такі комплексны падыход можа даць вынік. У нас ёсць і строгасць да сябе, і паслядоўнасць, і паступовасць, а галоўнае – эфектыўнасць.
У кастрычніку дзяўчат чакае сусветны фінал, дзе ім трэба будзе ваяваць за перамогу з канкурсантамі з Індыі, ЗША і Афрыкі.
Перамога – гэта напружаная праца на працягу ўсяго… года? Я спытала ў канкурсантак, чым яны будуць займацца ўвесь “гарачы сезон”. Дар’я плануе адпачыць, набрацца сіл, але працягнуць працаваць над сабой для дасягнення яшчэ вялікіх вынікаў, Алена ж плануе інтэнсіўныя трэніроўкі пасля невялікіх “вакацый” – дзяўчына распавяла, што сесія – гэта, груба кажучы, для яе адпачынак. Для сярэднестатыстычнага студэнта БДУ сесія – самы нервовы час у семестры, але ў кожнай з пераможніцаў свае планы. А пераможцаў, як вядома, не судзяць.
Аляксандра ПЕРАВОЗНІКАВА