Прыёмная кампанія–2018. Рыхтуемся да паступлення

28 Jun, 2018.

Першыя іспыты цэнтралізаванага тэсціравання ўжо мінулі, і вось-вось у БДУ пачнецца прыёмная кампанія. Колькі чакаецца абітурыентаў і якія змены адбыліся ў плане прыёму, распавёў адказны сакратар прыёмнай кампаніі дэкан факультэта даўніверсітэцкай адукацыі Вячаслаў МАЛАФЕЕЎ.

Цэнтралізаванае
тэсціраванне
Сёлета на ЦТ у БДУ зарэгістравалася 15 648 чалавек, гэта менш, чым летась, калі ў нашым універсітэце з улікам рэзервовых дзён было праведзена 17 170 тэстаў. «Такое зніжэнне часткова звязана з тым, што зараз сертыфікаты ЦТ сапраўдныя на працягу двух гадоў. Адпаведна, тыя, хто не паступіў летась, могуць паспрабаваць свае сілы ў гэтым, не здаючы тэсты зноў. Дарэчы, з мінулага года ў нас засталася вялікая колькасць сертыфікатаў, але на працягу мая гэтага года іх забіралі», – распавядае Вячаслаў Міхайлавіч.

Вячаслаў Малафееў лічыць, што прыёмная кампанія будзе праходзіць дынамічна і план набору будзе выкананы

Для тых, хто па паважлівай прычыне не зможа здаць тэсты па графіку, прадугледжаны 3 рэзер­вовыя дні. Гэтай магчымасцю актыўна карыстаюцца і грамадзяне такіх краін, як Расія, Казахстан, Кыргызстан і Таджыкістан, якія могуць паступаць у наш універсітэт  на аднолькавых умовах з грама­дзянамі Беларусі. «Гэтыя абітуры­енты здаюць у сябе ў краінах выпускныя іспыты і не паспяваюць прыехаць да нас на ЦТ у чэрвені, – тлумачыць Вячаслаў Міхайлавіч. – Аднак у іх ёсць магчымасць здаць тэсты ў рэзервовыя дні, таму мы думаем, што колькасць паступаю­чых з гэтых дзяржаў павялічыцца».
У цэлым, цэнтралізаванае тэс­ціраванне праходзіць досыць інтэнсіўна, у якасці арганізатараў задзейнічана больш за 500 вык­ладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ.

План прыёму
Усяго БДУ прыме на навучанне 5142 чалавекі, гэта на 190 абітурыентаў менш, чым летась. Змены ў плане прыёму – вынік аптымізацыі. Так, на дзённай бюджэтнай форме стала на 56 месцаў менш: пад скарачэнне патрапілі гуманітарныя і сацыяльна-эканамічныя спецыяльнасці – 67 месцаў, але ў той жа час на 11 месцаў павялічыўся план прыёму на прырода­знаўчанавуковых спецыяльнасцях. У прыватнасці, больш абітурыентаў сёлета прымуць на спецыяльнасці, звязаныя з інфармацыйнымі тэх­налогіямі. У выніку на дзённай бюджэтнай форме навучання выйшлі на наступныя суадносіны ў размеркаванні планавых месцаў: 68 % – прыродазнаўчанавуковыя спецы­яльнасці, 32 % – гуманітарныя і сацыяльна-эканамічныя.

На дзённай платнай форме навучання таксама назіраецца тэндэнцыя скарачэння плана прыёму на гуманітарныя і сацыяльна-эканамічныя спецыяльнасці – на 70 месцаў (галоўным чынам гэта эканамічныя спецыяльнасці) і вылу­чэнне дадатковых на прырода-знаўчанавуковых – 7 месцаў.

У апошнія гады ў краіне паступова скарачаюць завочную форму навучання. У БДУ сёлета план прыёму паменшыўся на 85 месцаў: на бюджэтнай форме – 29, на платнай – 56. Выніковы план прыёму на завочную форму складае: 226 бюджэтных і 943 платныя месцы. Як адзначае Вячаслаў Міхайлавіч, дадзены план у дачыненні да бюджэтнай формы досыць аптымаль­ны, а вось месцы на завочную платную форму навучання ў да­лейшым яшчэ будуць скарачаць. Дарэчы, Юрыдычны каледж БДУ ажыццяўляць прыём на завочную форму сёлета не будзе наогул.

Таксама сёлета БДУ прыме менш выпускнікоў УССА, якія навучаліся па інтэграваных планах, на скарочаную форму навучання.   Агульны план прыёму складае 404 месцы, гэта на 40 месцаў менш, чым летась. «Скарачэнне звязана з тым, што летась план па скарочанай форме быў выкананы на 93 %, гэта значыць, засталося не занята 21 месца. Гэтыя абставіны былі ўлічаны, і план аптымізавалі».

Паступова павялічваецца план прыёму на мэтавае навучанне – 53 месцы (у мінулым годзе 44). І калі раней па мэтавым прыёме пры­- малі галоўным чынам будучых  педагогаў і журналістаў, то цяпер набор ажыццяўляецца па 18 спе­цыяль­насцях. Вячаслаў Міхайлавіч адзначае: «Сёлета ёсць заяўкі на спецыяльнасць «мытная справа» – 6 месцаў, а атамная электрастанцыя, якая будуецца, запытала 5 месцаў. І, дарэчы, па педагагічных спецыяльнасцях вялікая колькасць месцаў вылучана менавіта Астравецкаму раёну, цяпер там фармі­руецца магутная інфраструктура, для якой патрабуецца вялікая колькасць падрыхтаваных кадраў».

Замежныя абітурыенты
Апошнія некалькі гадоў БДУ на першую ступень вышэйшай адукацыі прымаў каля 400 замежных гра­-  ма­дзян, не меншая колькасць абітурыентаў з іншых краін чакаецца і сёлета. Для гэтага ёсць падставы: досыць вялікі выпуск на падрыхтоўчым аддзяленні БДУ – 239 чалавек (летась 180), значная частка якіх настроена на далейшае навучанне ў нашым універсітэце. Акрамя таго, актыўна працуюць сумесныя адукацыйныя праграмы, у рамках якіх замежныя грамадзяне спачатку 1–2 гады навучаюцца ў сябе ў краіне, а затым на 2–3 курс прыязджаюць вучыцца да нас. Такога роду дамовы падпісаны з Таджыкскім нацыянальным універсітэтам і трыма ўніверсітэтамі Кітая, навучанне вядзецца па 7 спецыяльнасцях. Летась БДУ прыняў больш за 80 такіх студэнтаў, сёлета па прагнозах чакаюць не менш.

Яшчэ адна тэндэнцыя апошніх гадоў – цікавасць замежных грамадзян да магістратуры: штогод у БДУ прыязджае больш як 200 чалавек. У гэтым напрамку развіваюцца сумесныя магістарскія праграмы  па сістэме «Адзін плюс адзін», калі адзін год навучанне ідзе ў БДУ, а другі – ва ўніверсітэтах-партнёрах, сярод якіх Універсітэт Мітвайда (Германія), Хэнанскі ўніверсітэт (Кітай). «Па магістарскіх праграмах падпісаны дамовы яшчэ з трыма ўніверсітэтамі Кітая, і мы спадзяёмся, што яны пачнуць працаваць ужо з наступнага навучальнага года».

Прагнозы
Прыёмная кампанія будзе прахо­дзіць гэтак жа дынамічна, як летась. Апошні тэст у рэзервовы дзень абітурыенты напішуць 10 ліпеня, а ўжо з 12 чысла пачнецца прыём дакументаў. Самы вялікі наплыў паступаючых – да 1000 чалавек у дзень – чакаецца ў перыяд з 12 па 17 ліпеня, калі абітурыенты будуць падаваць дакументы на бюджэтную форму навучання і на спецыяльнасці, дзе прадугледжаны ўнутраныя іспыты. «Вядома, гэта высокая нагрузка на грамадскую прыёмную камісію. Цяпер ідзе падрыхтоўка каля 60 чалавек, якія будуць працаваць у складзе тэхнічнага сакратарыята прыёмнай камісіі, вельмі шмат будзе залежаць ад іх працы, – распавядае Вячаслаў Міхайлавіч. – Акрамя таго, як і летась, мы прадстаўляем абітурыентам магчы­масць завесці асабісты кабінет,  дзе можна самастойна запоўніць усе неабходныя дакументы, размясціць фатаграфію, а пасля падачы дакументаў у рэжыме анлайн сачыць за конкурсам і прахаднымі баламі».

Па прагнозах, на спецыяльнасці БДУ на ўсе формы навучання падасць дакументы не менш за 10 тысяч абітурыентаў. Вячаслаў Міхайлавіч адзначае, што з іншымі ўніверсітэтамі на полі роднасных спецыяльнасцяў будзе досыць сур’ёзная канкурэнцыя, аднак праведзеная ў нашым універсітэце прафарыентацыйная праца са школьнікамі: дні адчыненых дзвя­рэй, праект «Студэнт на тыдзень», удзел БДУ ў рэспубліканскіх і міжнародных адукацыйных выставах, а таксама сур’ёзная праца па планаванні прыёму з улікам вынікаў мінулага года – даюць падставы чакаць, што план прыёму будзе выкананы.

Валерыя БАНДАРЧЫК
Фота Васіля Кузьмічкіна
print

Вам таксама можа спадабацца: