Штогадовы студэнцкі турысцкі злёт прайшоў 18–20 мая на беразе Нёмана, у турысцка-аздараўленчым комплексе “Высокі бераг”. Студэнты пакінулі ў Мінску ўсе неадкладныя справы і прыехалі ў Стаўбцоўскі раён спаборнічаць, адпачываць і камунікаваць. Мерапрыемства штогод арганізоўвае ГА “БРСМ” БДУ.
Сёлета ў турзлёце “Высокі бераг” удзельнічалі 15 каманд: прадстаўнікі факультэтаў і інстытутаў БДУ, каманды Каардынацыйнага савета БДУ, Савета старастаў БДУ, творчай студыі “Мim-BSU”, а таксама адміністрацыя і кіраўніцтва ўніверсітэта.
Тэма турзлёту – “Дзяржаўныя органы”. Студэнты павінны былі правесці выходныя ў своеасаблівай дзяржаве, са сваім ладам і сваімі законамі. За два тыдні да мерапрыемства, на лёсаванні, кожная каманда выцягнула пэўныя органы кіравання, якія трэба было прадставіць. Студэнты прыдумлялі афішу, запісвалі ролік-агучку, рыхтавалі візітоўку і творчы нумар.
“На месцы” ўдзельнікаў таксама чакалі конкурсы і спартыўныя спаборніцтвы. Трэба было аформіць і творча прадставіць свой лагер (своеасаблівае міністэрства), годна прадставіць візітоўку і творчы нумар. А паралельна – прайсці складаную турыстычную сцежку, паўдзельнічаць у спартыўным арыентаванні, згуляць у лазертаг і праехаць на байдарках шлях з перашкодамі, уклаўшыся ў 3 хвіліны.
Студэнты ацанілі новаўвядзенне гэтага турзлёту – “Каша-battle”. Яны гатавалі кашы па сваіх уласных незвычайных рэцэптах. Чаго толькі не прапанавалі журы пакаштаваць: і рыс са згушчонкай, і пярлоўку з бананам, і рысавыя “сушы”, і фасолевую кашу.
“Найлепшы конкурс – гэта “Каша-батл”, бо мы падышлі да яго з усёй душой. Ну і гэта самы галоўны конкурс, у якім я магла выявіць свае кулінарныя здольнасці!” – падзялілася прадстаўніца каманды гістфака.
За кожны конкурс журы выстаўляла камандам балы. Хтосьці стаў найлепшым у спорце, а хтосьці – у творчасці. А выніковыя вынікі такія: 3 месца заняла каманды БРСМ ФРКТ, 2 месца ў каманды Каардынацыйнага савета Студгарадка БДУ.
Пераможцам юбілейнага турзлёту БРСМ БДУ “Высокі бераг–2018” сталі хлопцы і дзяўчаты з каманды БРСМ біялагічнага факультэта.
“Падрыхтоўка выдалася складанай, – распавядае капітан каманды пераможцаў, сакратар пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” біялагічнага факультэта Глеб Фадзееў. – Апроч турзлёту трэба было рыхтаваць шмат чаго іншага, і цэлы месяц штодня праводзілі па 2 рэпетыцыі. У камандзе было ўсяго 2 чалавекі, якія раней ездзілі на турзлёт і разумелі, што гэта такое і што там трэба рабіць. Даводзілася ўсім тлумачыць важнасць кожнага элемента падрыхтоўкі. Пасля мінулага года для мяне было вельмі важна заняць прызавое месца. Па прыездзе, нягледзячы на тое, што шмат чаго не атрымлівалася, я быў упэўнены, што мы ўвойдзем у тройку пераможцаў”.
Юбілейны турысцкі злёт БРСМ БДУ “Высокі бераг” – гэта ўжо добрая традыцыя студэнцкага жыцця нашага ўніверсітэта, куды хочуць і прыязджаюць нават тыя, хто ўжо развітаўся з БДУ, але сэрца ўсё адно не адпускае.