Сёння без камп’ютара нельга ўявіць ніводнае прадпрыемства – кожны дзень тысячы карыстальнікаў працуюць ля экранаў манітораў. І хоць кожны ведае пра негатыўны ўплыў працы з экранам камп’ютарам, не кожны задумваецца пра прафілактыку захворванняў вачэй. Але хто паклапоціцца пра вашы вочы акрамя вас? Таму, калі ў вас слабы зрок, абавязкова карыстайцеся пры працы акулярамі, да таго ж правільна падабранымі па дыяптрыях. Таксама вельмі важна рэгуляваць рэжым нагрузак на вочы. У залежнасці ад віду, катэгорыі і працягласці працоўнай дзейнасці падчас працоўнай змены павінны ўсталёўвацца рэгламентаваныя перапынкі працягласцю ад 10 да 20 хвілін. Працягласць бесперапыннай працы з відэадысплэйнымі тэрміналамі без рэгламентаваных перапынкаў не павінна перавышаць дзвюх гадзін.
Для захавання добрага зроку, прафілактыкі прагрэсавання блізарукасці і развіцця іншых захворванняў вачэй падчас перапынкаў неабходна трэніраваць вочы, выконваючы практыкаванні, якія не толькі ўмацоўваюць вочныя цягліцы, але і ўзмацняюць здольнасць да хуткага факусавання.
Практыкаванні робяць седзячы ў зручным становішчы, спіна – прамая, шыя і плечы расслаблены. Рухі ажыццяўляюцца толькі вачыма, прычым неабходна кожны раз факусаваць погляд на абранай кропцы.
- Круціце вочнымі яблыкамі ў напрамку ўгару-ўніз, угару-ўніз. Заплюшчыце вочы. Паўтарыце практыкаванне 3 разы.
- Паглядзіце ўгару, наперад, уніз і наперад. Паўтарыце практыкаванні 3 разы. Заплюшчыце вочы.
- Паглядзіце налева, направа. Паўтарыце 3 разы. Заплюшчыце вочы.
- Паглядзіце налева, наперад, направа, наперад. Паўтарыце 3 разы. Заплюшчыце вочы.
- Паглядзіце ў дыяганальным напрамку ўгару, затым уніз: спачатку ў правы верхні кут, а затым у левы ніжні кут. Паўтарыце 3 разы. Заплюшчыце вочы. Змяніце напрамак: левы верхні кут, правы ніжні кут. Паўтарыце 3 разы і заплюшчыце вочы.
- Павольна зрабіце тры кругавыя рухі вочнымі яблыкамі направа. Заплюшчыце вочы. Затым выканайце гэта ж практыкаванне ў напрамку руху вочнага яблыка налева і зноў заплюшчыце вочы.
- Паглядзіце на кончык носа, а затым на якую-небудзь аддаленую кропку. Паўтарыце практыкаванне 5 разоў і заплюшчыце вочы.
- Паглядзіце на кончык аднаго з пальцаў, размешчанага на адлегласці 30 см ад вачэй, а затым на якую-небудзь кропку ўдалечыні. Паўтарыце 5 разоў і заплюшчыце вочы.
- Практыкуйцеся глядзець на які-небудзь прадмет працяглы час, не міргаючы. Не глядзіце на прадмет упор, а паспрабуйце разгледзець яго дэталёва.
- Заплюшчыце і моцна сцісніце павекі, пасля чаго зрабіце некалькі хуткіх міргальных рухаў. Паўтарыце 3 разы і заплюшчыце вочы.
Акрамя таго. Нельга набліжаць вочы да манітора (экрана смартфона ці планшэта) бліжэй, чым на трыццаць сантыметраў, а верхні край манітора павінен быць размешчаны на дзесяць сантыметраў ніжэй за ўзровень вачэй. Найлепш за ўсё, каб адлегласць паміж вачыма і верхняй часткай экрана складала каля 50–75 сантыметраў. Пры працы за камп’ютарам трэба часцей міргаць, каб увільгатніць вочы, пры неабходнасці можна выкарыстоўваць вочныя кроплі для дадатковага ўвільгатнення.
Манітор павінен знаходзіцца прыкладна на адлегласці выцягнутай рукі, а пры працы на клавіятуры трэба забяспечыць рукам мінімальны выгін запясця. Сядзець трэба прама, а стул для працы за камп’ютарам выбіраць такі, які падтрымае ніжнюю частку спіны. Акрамя таго, край крэсла не павінен ціснуць на ніжнюю частку каленаў.
Каб стомленасць не назапашвалася так хутка і працаваць было лягчэй, можна набыць спецыяльнае камп’ютарнае крэсла з падлакотнікамі. Для максімальнай зручнасці і прадухілення неспрыяльнага ўздзеяння на зрок трэба, каб на экране камп’ютара не адлюстроўваліся столевыя свяцільні ці сонечнае святло.
Адарвіцеся ад камп’ютара, зрабіце гімнастыку для вачэй!
Леанід Сямёнавіч МЯЛЕШКА, урач-валеолаг Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера