Знайсці свой шлях. Кіраўнікі некалькіх цікавых моладзевых ініцыятыў распавялі пра змест сваіх праектаў [+cлайды]

8 Jun, 2018.

Моладзевы праект «Публіка і Я»

Штогадовы конкурс «Найлепшы моладзевы праект» праводзіцца ў БДУ з 2003/04 навуч. года дзеля выяўлення і падтрымкі арыгінальных студэнцкіх ініцыятыў, рэалізацыя якіх адкрые новыя магчымасці самаадукацыі і самаразвіцця для навучэнцаў універсітэта.

З кожным разам расце колькасць удзельнікаў, як і маштаб саміх праектаў. Некаторыя з іх становяцца традыцыйнымі і рэгулярна праводзяцца ў БДУ. Некаторыя, пасля ўдзелу ў конкурсе, падхопліваюцца факультэтамі і падраздзяленнямі і ў далейшым рэалізуюцца па-за конкурсам як самастойныя праекты.

«СТЕНД»

Вольга САКАЛОЎСКАЯ, хімічны факультэт, 4 курс, старшыня аргкамітэта студэнцкага турніру прыродазнаўчых дысцып­лін­–­ 2018

– Наш праект створаны для студэнтаў прыродазнаўчых спецыяльнасцяў. Яго мэтай з’яўляецца фарміраванне навуковага мыслення ва ўдзельнікаў, а таксама развіц­цё навыкаў рашэння нетрывіяль­ных фундаментальных навуковых і прыкладных вытворчых задач. Да ўдзелу прыцягваюцца студэнты розных універсітэтаў краін СНД і Еўропы. Напрыклад, сёлета ў турніры прынялі ўдзел студэнты з універсітэтаў Беларусі, Украіны, Расіі, Францыі і Германіі. Мы прапануем удзельнікам вырашаць задачы, актуальныя як для навуковай сусветнай супольнасці, так і для лакальных кампаній. Напрыклад, аднойчы кампанія, якая займаецца піваварствам, папрасіла нашых  удзельнікаў прапанаваць тэхналагічны працэс для варэння новага гатунку піва. Нашы студэнты ўжо распрацоўвалі датчыкі для кантролю свежасці прадуктаў, вывучалі магчымасць спынення глабальнага пацяплення і прыдумвалі спосабы «зялёнай» ачысткі будынкаў ад графіці. Каманды рыхтуюць свае рашэнні ў выглядзе прэзентацый, і ў вочным этапе яны спаборнічаюць у фармаце навуковага бою: удзель­нікі розных каманд дакладваюць свае рашэнні і выступаюць апанентамі іншых каманд. Так як усе рашэнні з’яўляюцца навукова абгрунтаванымі і часта пацверджаныя эксперыментамі, можна параўнаць турнір з абаронай навуковых прац. Усе навуковыя баі ацэньваюцца кампетэнтнымі сябрамі журы, які­-мі з’яўляюцца супрацоўнікі БДУ, Нацыянальнай акадэміі навук, вы­кладчыкі ВНУ іншых краін і прадстаўнікі спонсарскіх кампаній. Гуль­ні доўжацца 4 дні, па выніках якіх вызначаюцца прызёры і пераможцы. Часцяком прадпрыемствы, якія прасілі нашых удзельнікаў вырашыць іх праблему, далей падтрымліваюць з імі зносіны, запрашаюць на працу, выдаюць гранты на далейшыя даследаванні ў гэтай сферы ці купляюць аўтарскія правы на іх ідэі.

– Чаму ваш праект патрэбны БДУ?

– Наш праект актуальны для БДУ, бо «СТЕНД» выступае пляцоўкай для ўзаемадзеяння студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ, НАН РБ і ВНУ іншых краін. Такое мерапрыемства – гэта своеасаблі­вая рэклама навуковых традыцый  і ўзроўню адукацыі БДУ: з году ў год каманды студэнтаў нашага ўніверсітэта паказваюць высокі   ўзровень падрыхтоўкі, і ўжо двойчы студэнты БДУ выйгравалі ў   «СТЕНД». Зносіны з моладдзю, зацікаўленай у навуцы і выкарыстанні ведаў, атрыманых ва ўніверсітэце, у незвычайным фармаце, безу­моўна, важныя для далейшага развіцця навукі ў Беларусі. Варта ад­значыць, што турніры – папулярная практыка для студэнтаў у Расіі,    Украіне і Еўропе, але ў Беларусі «СТЕНД» – адзінае мерапрыемства падобнага фармату.

– Як часта вы яго праводзіце?

– У 2018 годзе «СТЕНД» прайшоў ужо ў чацвёрты раз. Турнір праводзіцца раз у год, гэта ўжо традыцыйнае для БДУ мерапрыемства. Мы лічым, што часцей праводзіць турнір не варта, бо ў свеце турніраў ёсць своеасаблівы, ужо пастаянны, каляндар правядзення спаборніцтваў, а дасведчаныя гуль­цы, як правіла, бяруць удзел у некалькіх турнірах за год.

Вам таксама можа спадабацца: