XIV Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Біялагічна актыўныя прэпараты для раслінаводства. Навуковае абгрунтаванне – рэкамендацыі – практычныя вынікі» прайшла ў БДУ з 3 па 8 ліпеня. Яе арганізатарамі сталі біялагічны факультэт БДУ сумесна з установамі Германіі: Прыватным інстытутам прыкладной біятэхналогіі daRostim і Агенцтвам па трансферы тэхналогій, адукацыі і навукі daRostim.
Варта адзначыць, што дадзенае мерапрыемства ў Беларусі ўжо праходзіла і ў 2011 годзе на базе Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі.
Сёлета канферэнцыя адбылася на базе біялагічнага факультэта БДУ. Было задзейнічана 188 удзельнікаў з 7 краін: Беларусі, Расіі, Украіны, Германіі, Казахстана, Малдовы і Літвы. Навукоўцам была дадзена магчымасць выступіць з апошнімі вынікамі даследаванняў у трох секцыях: «Прэпараты біягеннага паходжання для стымуляцыі росту раслін, аховы раслін, павышэння якасці глебы», «Практычныя вынікі ўжывання прэпаратаў біялагічнага паходжання» і «Секцыя маладых навукоўцаў». Таксама быў арганізаваны «Міжнародны круглы стол для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі», асноўнай тэмай якога сталі распрацоўка, рэалізацыя і прымяненне прэпаратаў біягеннага паходжання, прызначаных для выкарыстання ў сельскай гаспадарцы. Пра маштабы мерапрыемства больш падрабязна распавяла загадчык НДЛ малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі кандыдат біялагічных навук Iрына ФЯКЛІСТАВА:
– Штогод у канферэнцыях daRostim, якія адбываюцца ў розных краінах, прымае ўдзел вялікая колькасць навукоўцаў, распрацоўшчыкаў, фундаментальных даследчыкаў і г. д. Аднак мы можам канстатаваць, што сёлета здолелі прыцягнуць да ўдзелу ў нашым мерапрыемстве фермераў – вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі. Пра гэта сведчыць «Міжнародны круглы стол для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі», на якім прысутнічаў 31 фермер: 18 чалавек з Беларусі, 11 з Германіі і 2 з Літвы.
На адкрыцці XIV Міжнароднай канферэнцыі з прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуўся дэкан біялагічнага факультэта БДУ Уладзімір Лысак. У прамове асаблівая ўвага адводзілася гісторыі развіцця даследаванняў, якія праводзяцца супрацоўнікамі біялагічнага факультэта. Пасля секцыю пленарных дакладаў адкрыў дырэктар Прыватнага інстытута прыкладной біятэхналогіі daRostim прафесар Вольфганг Новік з дакладам «Біялагічна актыўныя прэпараты РНС – кампазіцыі фітагармонаў і гумінавых кіслот серыі TANDEM і вынікі ўплыву іх прымянення на прадукцыйнасць раслінаводства ў Германіі».
– Тэма рэгулявання вытворчасці і нарматыўна-прававога рэгулявання абароту арганічнай прадукцыі сёння з’яўляецца найбольш актуальнай, – адзначае Ірына, – таму асаблівую ўвагу ўдзельнікі канферэнцыі звярнулі на паведамленне намесніка начальніка ўпраўлення раслінаводства Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Таццяны Карбановіч, якое тычылася распрацоўкі заканадаўства Рэспублікі Беларусь адносна дадзенага пытання.
Таксама ў першы дзень канферэнцыі з дакладам аб стратэгіі павышэння эфектыўнасці біяпрэпаратаў на аснове мікраарганізмаў выступіла доктар біялагічных навук, прафесар, загадчык кафедры генетыкі біялагічнага факультэта Наталля Максімава. Была звернута ўвага і на ўніверсальныя прыродныя біярэгулятары. З дакладамі на гэтую тэму выступілі акадэмік, прафесар, загадчык лабараторыі хіміі стэроідаў Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі Уладзімір Хрыпач; вядучы навуковы супрацоўнік кафедры арганічнай хіміі хімічнага факультэта МДУ імя М. В. Ламаносава прафесар Ірына Пярмінава; супрацоўнік лабараторыі функцыянальных матэрыялаў для аграпрамысловага комплексу хімічнага факультэта МДУ імя М. В. Ламаносава Павел Жарэбін і прафесар Паўднёвага федэральнага ўніверсітэта Вольга Бязуглава.
Падчас правядзення «Міжнароднага круглага стала для вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі» вялікую ўвагу да сябе прыцягнулі распрацоўкі БДУ, прадстаўленыя кандыдатам біялагічных навук, загадчыкам НДЛ малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі Ірынай Фякліставай і загадчыкам сектара НДЛ малекулярнай генетыкі і біятэхналогій Дыянай Маслак. Маецца на ўвазе група біяпрэпаратаў: «Аўрын», «Бактаген», «Гулівер», «Стымул», «Немацыд» і «Жыцень». Першыя тры маюць ахоўнае дзеянне, а таксама здольныя стымуляваць рост раслін. Прэпарат «Стымул» стымулюе рост раслін і абараняе іх ад узбуджальнікаў захворванняў бактэрыяльнай і грыбной этыялогіі. Унікальнымі для Беларусі з’яўляюцца прэпараты «Немацыд» і «Жыцень». Біялагічны прэпарат «Немацыд» адзіны дазволены да выкарыстання на тэрыторыі нашай краіны нематыцыд. «Жыцень» прымяняецца, каб паскорыць працэс перапрацоўкі пажніўных рэшткаў і павялічыць ураджайнасць наступных культур.
У ходзе пасяджэння секцыі «Практычныя вынікі ўжывання прэпаратаў біягеннага паходжання» не толькі былі разгледжаны вынікі выкарыстання розных сродкаў аховы і стымулятараў росту раслін у гаспадарках аграпрамысловага комплексу і дапаможных гаспадарках, але і быў прапанаваны новы метад камп’ютарнага маніторынгу росту лісця раслін аспірантам кафедры генетыкі біялагічнага факультэта БДУ Алегам Каламійцавым.
Навуковы патэнцыял маладых спецыялістаў дапамагла раскрыць секцыя маладых навукоўцаў:
– У дадзенай секцыі свае даклады прадставілі 10 чалавек. Удзел прымалі дзяўчаты і хлопцы з Беларусі, Расіі і Украіны. Знамянальна, што выступалі не толькі студэнты і аспіранты, але і школьнікі, што кажа пра ўсё большую зацікаўленасць моладзі не толькі ў фундаментальнай навуцы, але і ў яе практычным прымяненні, – паведамляе Ірына Фяклістава.
Самай маладой удзельніцай секцыі стала вучаніца 8 класа СШ № 209 г. Мінска Паліна Фяклістава. Школьніца выступала з дакладам “Ці патрэбныя раслінам таблеткі ад солі”, у якім распавядала пра спосаб павышэння ўстойлівасці раслін крэс-салаты да засалення глебы з дапамогай культур рызасферных бактэрый. У сваю чаргу прафесар Вольфганг Новік высока ацаніў працу магістранта біялагічнага факультэта БДУ Валянціны Лукашэвіч, у якой былі прадстаўлены звесткі аб распрацоўцы метадаў зялёнага нанасінтэзу наначасціц серабра і аналізе іх біяцыднай актыўнасці.
Госці маглі наведаць прэзентацыю прадуктаў беларускіх і замежных вытворцаў для раслінаводства. Дарэчы, на выставе намеснік дырэктара ААТ “Бабруйскі завод біятэхналогій” В. М. Мацюшэўскі прадэманстраваў лінейку бактэрыяльных біяпрэпаратаў для аховы раслін і стымуляцыі іх росту «Бактаген», «Стымул» і «Гулівер», распрацаваную ў БДУ.
Паміж пасяджэннямі народны хор выкладчыкаў і супрацоўнікаў БДУ «Родніца» і ансамбль народнай песні «Святкі» прадэманстравалі ўдзельнікам канферэнцыі ігру на народных інструментах, пазнаёмілі з беларускімі песнямі і нацыянальнымі танцамі.
У рамках правядзення канферэнцыі арганізацыйным камітэтам быў падрыхтаваны візіт дэлегацыі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і фермераў з Германіі ў агракамбінат «Ждановічы», дзе гасцям прадэманстравалі вынікі прымянення на агароднінных культурах біялагічных прэпаратаў, распрацаваных супрацоўнікамі НДЛ малекулярнай генетыкі і біятэхналогіі кафедры біялагічнага факультэта БДУ.
– Падводзячы вынікі канферэнцыі, можна сказаць, што ўсе пастаўленыя мэты былі дасягнуты, – дзеліцца Ірына Фяклістава, – мы атрымалі самую сучасную інфармацыю ў галіне экалагічнага земляробства, аховы раслін пры дапамозе біяпрэпаратаў, інфармавалі навукоўцаў пра свае новыя прэпараты і напрацоўкі па іх выкарыстанні.
Удзельнікі і госці адзначылі высокі ўзровень арганізацыі і правядзення мерапрыемстваў канферэнцыі, звярнулі ўвагу на важнасць тэарэтычных і практычных вынікаў праведзенай навукова-даследчай працы і выказалі падзяку арганізацыйнаму камітэту і кіраўніцтву біялагічнага факультэта.
Ірына КУЗНЯЦОВА