Патрыярху беларускай сацыялогіі Георгію Давідзюку споўнілася 95 гадоў

7 Jul, 2018.

Зайздросны лёс гэтага выдатнага чалавека: воіна, працаўніка, настаўніка. Як шмат сёння людзей, якія хочуць шчыра, ад усёй душы, сказаць Георгію Пятровічу простае чалавечае «дзякуй», захапляючыся яго жыццёвым подзвігам, падзвіжніцтвам, чалавечай спагадлівасцю. Пажадаць яму здароўя і даўгалецця. Нягледзячы на жыццёвыя нягоды, цяжкасці і нястачы ваеннага ліхалецця, беды і трагедыі, зменлівасці лёсу, Георгій Пятровіч ніколі не страчвае прысутнасці духу, заўсёды ў працы і клопатах, імкнецца жыць з радасцю, зараджае аптымізмам. І гэта спрацоўвае… ён і сёння ў парадку!

У сярэдзіне мінулага года ўніверсітэцкія сацыёлагі ўрачыста адсвяткавалі паўвекавы юбілей Праблемнай навукова-даследчай лабараторыі сацыялагічных даследаванняў (ПНДЛСД) – дарэчы, першага навуковага падраздзялення сацыялагічнага профілю ў Беларусі. Георгій Пятровіч выступіў з пажаданнем, успомніў пра сумесную працу, а пасля заканчэння, калі ўдзельнікі форуму атачылі яго з пытаннямі, ён яшчэ доўга гутарыў з імі пра справы надзённыя. Бо ўсе памятаюць, што, калі ён узначаліў ПНДЛСД, лабараторыя стала сапраўды кузняй кадраў прафесійных сацыёлагаў.

Выступаючы перад сваімі вучнямі, студэнтамі сацыялагічнага аддзялення роднага БДУ, Георгій Пятровіч прамаўляў, як заўсёды, горача, пераканаўча, выразна фармулюючы сваю думку… Не, узрост тут ні прычым… калі чалавек верыць!

Георгій Пятровіч паставіў на крыло першае пакаленне прафесійных сацыёлагаў у Беларусі, шмат зрабіў для сцвярджэння сацыялогіі ў Акадэміі навук, БДУ, вышэйшай школе, прамысловых прадпрыемствах краіны. Пры гэтым, не шкадуючы сіл, рыхтаваў прафесійныя кадры для навукі і адукацыі, пераадольваючы ўсе перашкоды на сваім шляху. Ён аўтар першых падручнікаў па новай для таго часу навуцы – сацыялогіі, пад яго рэдакцыяй выйшаў першы ў Саюзе «Слоўнік прыкладной сацыялогіі», ён заснаваў беларускую сацыялагічную школу.

З маленства на ўласным досведзе Давідзюк спазнаў цяжкую сялянскую працу, у школу хадзіў, калі дазваляла праца. Да вайны скончыў шэсць класаў польскай агульнаадукацыйнай школы. У няпоўныя дваццаць гадоў – камандзір роты партызанскага атрада. Ваяваў адважна, быў тройчы паранены. Пасля вайны адначасова працаваў і вучыўся: скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя М. Горкага, працаваў у партыйных структурах Брэсцкай вобласці, ЦК КПБ, скончыў Акадэмію грамадскіх навук у Маскве, абараніў кандыдацкую дысертацыю, працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР. У 1969 г. Г. П. Давідзюк паспяхова абараняе доктарскую дысертацыю па філасофскіх навуках, з 1970 г. – прафесар. Сталым чалавекам, які нямала пабачыў на сваім жыццёвым шляху, прыйшоў у 1972 г. Г. П. Давідзюк у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па запрашэнні рэктара У. М. Сікорскага на кіраўніцтва кафедрай філасофіі гуманітарных факультэтаў.

Георгій Пятровіч патрапіў у першы прызыў сацыёлагаў. Сацыялагічнай навуцы ён прысвяціў сябе цалкам і без астачы. Як і ў гады вайны, малады партызанскі камандзір ішоў у бой з адкрытым забралам, атрымліваючы ўдары з усіх бакоў, разнастайныя непрыемнасці, папрокі калегаў і неразуменне сяброў. Пры гэтым ён ніколі сябе не шкадаваў, нікому не скардзіўся на цяжкасці і неразуменне, проста рабіў, што мог… аддаваў людзям веды, увесь свой вольны час.

Ён у адным шэрагу з нашымі класікамі – А. Р. Здравамыславым, Ю. А. Лявадам, Г. В. Осіпавым, У. А . Ядавым, Б. А. Грушыным, У. М. Шубкіным, А. Г. Харчавым, іншымі першапраходцамі. Як педагог і кіраўнік Георгій Пятровіч заўсёды знаходзіў падыход да людзей, аб’ядноўваў іх новымі ідэямі і за пальваў на рэалізацыю навуковых праектаў.

Вядома, Г. П. Давідзюк мог і строга спытаць, і пытаў спаўна, калі гэтага патрабавалі абставіны, інтарэсы справы. І яшчэ: нельга не сказаць пра такую выдатную рысу яго характару, што цяжка было чакаць ад такога суровага па жыцці чалавека, як выключна асцярожнае стаўленне да людзей, іх здаровых амбіцый і запатрабаванняў. Таму дагэтуль абавязкова з вялікай павагай, заўсёды добрым словам успамінаюць пра сумесную працу са сваім настаўнікам яго вучні, якія сталі дарослымі і даўно пасталелі. Іх шмат, а калі лічыць з вучнямі вучняў, то гэта і ёсць практычна ўся беларуская сацыялогія.

Сёння мы ўспамінаем добрым словам і жонку Георгія Пятровіча, яго адданую спадарожніцу жыцця Клаўдзію Сцяпанаўну. Яны створаны адзін для аднаго, ужо больш за 70 гадоў неразлучныя і ў радасці, і ў горы.

Здароўя Вам, дарагі Георгій Пятровіч! І да гэтага пажадання далучаюцца ўсе Вашы шматлікія вучні, уся наша вялікая сацыялагічная сям’я!

Аляксандр ДАНІЛАЎ, загадчык кафедры сацыялогіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі

 

print

Вам таксама можа спадабацца: