Сёлета Міжнародная летняя школа беларусістыкі (МЛШБ) праходзіць з 20 жніўня па 1 верасня. Паглыбіць свае веды ў беларускай мове выказалі жаданне прадстаўнікі Германіі, ЗША, Італіі, Кітая, Латвіі, Польшчы, Расіі і Чэхіі.
У межах двухтыднёвай адукацыйна-культурнай праграмы ўдзельнікі маюць магчымасць вывучаць беларускую мову ў маўленчым асяроддзі, пазнаёміцца з культурным жыццём Беларусі, даведацца пра традыцыі, гістарычную спадчыну беларускага народа.
Адукацыйная частка праграмы ўключае інтэнсіўны практыкум беларускага маўлення, разлічаны на пачатковы (А1, А2), сярэдні (В1, В2) і высокі (С1, С2) узроўні валодання беларускай мовай. Праграма ўключае таксама лекцыі-прэзентацыі па актуальнай міждысцыплінарнай беларусазнаўчай (лінгвакультурнай, гісторыка-краіназнаўчай, літаратуразнаўчай, лінгвадыдактычнай) праблематыцы і індывідуальныя кансультацыі з вядомымі навукоўцамі ў галіне беларусазнаўства па заяўленай слухачамі праблематыцы.
Працэс навучання спалучаецца з багатай і разнастайнай культурнай праграмай. Гэта пешыя вандроўкі па Мінску і выязныя аўтобусныя экскурсіі па гістарычных мясцінах Беларусі, наведванне музеяў, мастацкіх галерэй, тэатраў, бібліятэк, сустрэчы з беларускімі пісьменнікамі, мастакамі, творчымі калектывамі.