XXIII Рэспубліканская летняя навукова-даследчая школа прайшла на базе спартыўна-аздараўленчага комплексу “Брыганціна”. Юныя даследчыкі працавалі ў галіне матэматыкі, інфарматыкі, фізікі, астраноміі і псіхалогіі.
У пагоні за белай майкай
У гэтым годзе лагер прыняў 295 дзяцей — пераможцаў розных этапаў рэспубліканскіх алімпіяд, а заявак было на 120 больш. Такі попыт тлумачыцца проста: у летняй школе з дзецьмі займаюцца таленавітыя выкладчыкі з лепшых універсітэтаў краіны. Ды красамоўней за любую рэкламу гавораць дасягненні выхаванцаў школы. Многія пераможцы Міжнароднай канферэнцыі юных навукоўцаў, Міжнароднага турніру юных матэматыкаў, Жаўтыкаўскай алімпіяды і іншых прэстыжных конкурсаў наведвалі лагер па 3, 4 ці нават 5 разоў!
— На занятках дзеці вучацца не толькі рашаць задачы, але і працаваць у камандзе: знаходзіць агульную мову, весці дыскусію і адстойваць сваё меркаванне, — тлумачыць дырэктар летняй школы кіраўнік “ЮНІ-цэнтра-XXI” факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ Барыс Задворны. — Уменне лагічна і пераканаўча гаварыць перад публікай трэніруем пастаянна, хоць і незаўважна, на семінарах, псіхалагічных трэнінгах і, нарэшце, на фінальнай навукова-практычнай канферэнцыі, дзе ўсе прэзентуюць свае праекты. Такія навыкі, лічу, спатрэбяцца не толькі навукоўцу, але і любому паспяховаму чалавеку.
Усе без выключэння ўдзельнікі маюць уласныя распрацоўкі, адрозніваюцца яны толькі ўзроўнем складанасці. Старшакласнікі Мікалай, Алег і Ілья вучацца ў гімназіі № 41 Мінска і прыехалі ў лагер не ўпершыню.
— Мы тут перакладаем арэхі, — жартаўліва тлумачыць сваю работу Ілья.
— І ўвогуле ўсё, што можна перакладаць, — дадае яго аднакласнік Алег.
Так хлопцы тлумачаць чалавеку “не ў тэме” складаную праблему з размеркаваннем па ячэйках. Асобныя яе выпадкі сустракаюцца ў алімпіядных заданнях, дзе яны маюць дакладна вядомае рашэнне і адзіны правільны адказ. Тут жа ўсё інакш: навукоўцы шукаюць заканамернасці, робяць абагульненні і, што вельмі важна, прапануюць практычнае прымяненне: у задачах на аптымізацыю ўпакоўкі, гульнявых стратэгіях.
— На першы погляд праблема здавалася больш лёгкай, але шанс атрымаць белую майку ўсё ж ёсць! — усміхаюцца хлопцы.
Майка — своеасаблівы індыкатар, па якім у школе пазнаюць адно аднаго. Шэрая была ў мінулым годзе, сіняя — 2 гады назад, сёлета ўсе ўдзельнікі атрымаюць аранжавыя майкі. І толькі пераможцам канферэнцыі і алімпіяды штогод дастаюцца белыя.
Ад першакласніка —да дасведчанага настаўніка
Барацьба за майку ідзе не на жарт нават сярод самых маленькіх навукоўцаў. На занятках “Юны даследчык” свае першыя навуковыя работы рыхтуюць вучні 1—4 класаў. Эксперыменты грунтоўныя! 5-гадовая Аліса высвятляе, дзе і чаму хутчэй узнікае цвіль, а яе “калега” Варвара разлічвае рост Фіксікаў, Дзюймовачкі, Нільса. Маленькі фізік, які прадставіўся Юрыем Міхайлавічам (усё сур’ёзна ў навуковым свеце!), даследуе акустыку і робіць уласны “айфон” з пластыкавых ёмістасцей і дроту.
— А я рыхтую неньютанаўскую вадкасць, каб праверыць, ці разаб’ецца ў ёй яйка, — абвясціў Цімафей, размешваючы ваду з крухмалам. Хлопчык ужо стаў абсалютным пераможцам II Міжнароднага конкурсу даследчых работ і праектаў “СтартАП, ці Першы крок у навуку”, прадставіўшы гісторыю вулічнага асвятлення сталіцы, і цяпер шукае новыя выклікі.
— У гэтым атрадзе маленькія дзеці ўпершыню знаёмяцца з навукай. Тлумачым ім, што такое гіпотэза, як праводзіць тэарэтычнае даследаванне і эксперымент, як афармляць высновы, — пералічвае Таццяна Праліска, начальнік Цэнтра інавацыйнага развіцця адукацыйнай практыкі Мінскага абласнога ІРА.
Праз некалькі гадоў маленькія выхаванцы летняй школы, безумоўна, пакажуць сябе ў алімпіядным руху ці даследчай дзейнасці. Нездарма да гэтай школы далучаюцца Мінскі абласны і Мінскі гарадскі профільныя фізіка-матэматычныя лагеры — асобныя атрады з вучняў горада і вобласці, якія падаюць надзеі ў дакладных навуках.
— Тут ідэальная атмасфера для вучобы: ёсць падтрымка настаўнікаў і асяроддзе аднагодак з такімі ж інтарэсамі. Дзеці самі выбіраюць на свой узровень курсы, майстар-класы, семінары, лекцыі, — расказвае Таццяна Сяргееўна.
— Развіваюцца не толькі дзеці, але і настаўнікі! Тут збіраюцца людзі, якія сапраўды любяць сваю справу, гатовыя працаваць па-за рамкамі школьнай праграмы, — дзеліцца ўражаннямі Людміла Турык, дырэктар Палаца дзіцячай творчасці Таганрога, якая ўжо 10 гадоў запар прывозіць сваіх выхаванцаў у “Брыганціну”. — Для мяне галоўны паказчык паспяховасці летняй школы — гэта тое, што мой унук ужо трэці год запар просіць адправіць яго сюды і чакае змены, як свята. Атмасфера гэтага лагера натхніла мяне стварыць у нашым палацы школу “Імпульс”, у якой дзеці займаюцца дакладнымі навукамі.
Акрамя гэтага, Людміла Андрэеўна штогод выступае на семінары для настаўнікаў, які сёлета прайшоў 19 чэрвеня і быў прысвечаны бесперапыннай дадатковай адукацыі навучэнцаў і настаўнікаў. У летняй школе абмеркавалі спалучэнне класічных і інавацыйных тэхналогій, сеткавае ўзаемадзеянне, псіхалагічную і матывацыйную падтрымку. Да семінара далучылася каля 50 педагогаў.
Дзясяткі спосабаў вучыцца
Зазірнулі і да будучых праграмістаў. Яны якраз “чэкалі”, ці “пафіксіўся” нейкі “баг” (правяралі, ці атрымалася выправіць памылку ў кодзе). Каб зручна было разам працаваць над праектамі, у “Брыганціну” прывезлі два камп’ютарныя класы, адзін з якіх аб’яднаны ў сетку.
— Малодшыя вучні зараз спасцігаюць асновы Pascal ABC, а старэйшыя вывучаюць алгарытмы і слухаюць лекцыі пра найноўшыя тэхналогіі: штучны інтэлект, нейронныя сеткі, — расказвае куратар напрамку старшы выкладчык ФПМІ БДУ Аляксандр Буслаўскі. — Мы разглядаем i вядомыя праблемы, але абмяркоўваем нестандартныя шляхі іх вырашэння — інакш кажучы, шукаем цікавыя спосабы думаць пра іх!
У арганізатараў летняй школы варта павучыцца разнастайнасці заняткаў. Напрыклад, я трапіла на фізіка-матэматычную бітву для 5—8 класаў — своеасаблівы гібрыд турніраў юных матэматыкаў і фізікаў. Пакуль ішлі размінка і конкурс капітанаў, дзеці рашалі задачы, а пасля абаранялі свае рашэнні. Старэйшыя школьнікі змагаліся ўжо не ў бітве, а ў сапраўдным баі, а для маленькіх вучняў праходзіла віктарына.
Нават алімпіяда летняй школы пабудавана незвычайна. Напрыклад, малодшыя школьнікі павінны паўтарыць вандроўку Фернана Магелана: умовы кожнага задання звязаны з новым пунктам на карце, а кожны правільны адказ набліжае да завяршэння кругасветнага плавання.
Прайшоў у гэтым годзе і чарговы квест “СОК”, унікальны спалучэннем спартыўнага і інтэлектуальнага: дзеці рашаюць задачы і рухаюцца па станцыях, каб “выратаваць “Брыганціну”. Тут патрэбны не толькі інтэлект, але і хуткасць рэакцыі, неблагая фізічная падрыхтоўка і творчае мысленне.
Творчасць — асобная тэма. Да фестывалю мастацтваў тут рыхтуюцца, напэўна, з большай адказнасцю, чым да канферэнцыі. Важатыя — настаўнікі і студэнты — імкнуцца праводзіць у атрадах творчыя гульні і выбіраць нестандартныя прыёмы выхавання. Напрыклад, студэнтка БДУ Ганна Якубовіч расказала, як зрабіла з абрыдлага абавязку піць кефір перад сном маленькае спаборніцтва ў вайсковым стылі. Ці то дзеля перамогі, ці то ад здзіўлення, але кефір у той вечар выпіў кожны! Дзейнічае ў дзяцей і сістэма “ачывак” (дасягненняў): наведалі дыскатэку ўсім атрадам — атрымалі зорачку, заправілі самі коўдру ў падкоўдранік — яшчэ адну. Сістэму “ачывак” распрацоўвалі разам, каб дзеці разумелі, што іх прапановы маюць значэнне, а крэатыўныя і жартоўныя ідэі не застануцца без увагі.
Прыклад выкладчыка
Арганізатарам важна, каб дзеці маглі адпачыць, не замыкацца ў думках пра даследаванне і зрабіць сваё лета разнастайным. Настолькі важна, што яны і самі гатовы дурыцца на сцэне. Падчас традыцыйнага важацкага канцэрта ні адна вучоная ступень не перашкаджае ім апранаць пачкі і выконваць танец маленькіх сняжынак. А на прэс-канференцыі выкладчыкаў яны шчыра расказваюць пра сваё прафесійнае і асабістае жыццё.
— Нефармальныя стасункі выкладчыкаў універсітэтаў, студэнтаў, настаўнікаў і дзяцей робяць летнюю школу ўнікальнай, — тлумачыць начальнік псіхалагічнай службы БДУ Руслан Папок. — Вучні бачаць нас за снеданнем, у гульнявым пакоі, на спартыўнай пляцоўцы… Так трансліруецца культура паводзін, фарміруюцца ўяўленні пра жыццё навукоўцаў.
Тут дзеці разумеюць, што выкладчыкі не “жывуць” у сваіх кабінетах, а вандруюць, маюць шмат сяброў і — падумаць толькі! — хобі, не звязаныя з навукай. Школьнікі разумеюць, наколькі цікавым і поўным можа быць жыццё даследчыка. Уявіць лепшую прафарыентацыю немагчыма, таму ў юных даследчыкаў з’яўляецца матывацыя старанна вучыцца, ставіць больш складаныя мэты і, канечне, рыхтавацца да паступлення на факультэты да сваіх выкладчыкаў.
— Дзеці, якія сюды трапілі, не абмяжоўваюцца лагерам. Многія з іх будуць развіваць прыдуманыя тут навуковыя распрацоўкі і выступяць з імі на канферэнцыях больш высокага ўзроўню. Большасць працягнуць удзельнічаць у конкурсах і турнірах ЮНІ-цэнтра. Сістэмнасць — адзін з галоўных прынцыпаў нашай работы, — падсумоўвае Барыс Валянцінавіч. — У адной кнізе сустрэў паняцце “інтэлектуальны дыскамфорт” — стан, калі чалавек падчас навучання і даследавання адчувае пастаяннае напружанне. Пры гэтым задача павінна быць не занадта складанай, каб ён не расчараваўся, але і няпростай. Вось такі “інтэлектуальны дыскамфорт” мы імкнёмся стварыць і ў летняй школе, і на працягу ўсяго навучальнага года.
Мар’я ЯНКОВІЧ, “Настаўніцкая газета“
Фота аўтара