Пачынаецца навучальны год, і ў Мінск з розных куткоў краіны з’язджаюцца студэнты. У многіх з іх узнікае жыллёвае пытанне. Пра тое, як вырашаецца гэта пытанне ў БДУ, мы даведаліся ў дырэктара студэнцкага гарадка Алы МЕЛЕХ.
Як размяркоўваюцца
месцы
У інтэрнаты ўніверсітэта на 2018/2019 навучальны год будзе заселена звыш 7900 навучэнцаў. У наш час забяспечанасць жыллём складае 72 % ад ліку тых, хто мае патрэбу. Размеркаваннем месцаў для студэнтаў займаюцца жыллёва-бытавыя камісіі факультэтаў. За кожным факультэтам замацавана вызначаная колькасць месцаў. Месцы ў інтэрнатах у БДУ ў першую чаргу атрымліваюць навучэнцы, што маюць ільготы (сіроты, інваліды, пацярпелыя ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, выхадцы са шматдзетных сем’яў і г. д.). У студэнтаў без ільгот таксама ёсць магчымасць атрымаць месца, для гэтага ім неабходна добра вучыцца і ўдзельнічаць у грамадскім, культурным, навуковым і спартыўным жыцці ўніверсітэта.
Універсітэт імкнецца дапамагчы і тым, хто сёлета не атрымаў месца ў інтэрнаце. У сваім асабістым кабінеце на сайце БДУ студэнт можа знайсці аб’явы пра пакоі і кватэры, якія здаюцца ў арэнду.
Умовы і кошты
Студэнцкі гарадок налічвае 9 інтэрнатаў. Для моладзі створаны неабходныя ўмовы для камфортнага пражывання і паспяховай вучобы. У кожным інтэрнаце выдаюць пасцельную бялізну, у шматлікіх з іх працуюць пральні, сталовыя, цырульні і майстэрні па рамонце адзення і абутку. Таксама арганізаваны ўмовы і для адпачынку студэнтаў: ёсць більярдавая, зала для тэніса, асобныя трэнажорныя залы для хлопцаў і дзяўчат, танцавальныя залы.
Рыхтавацца да заняткаў можна ў абсталяваных усім неабходным пакоях для самападрыхтоўкі.
Усе інтэрнаты падзяляюцца на тры катэгорыі. Жыллё кватэрнага тыпу адпавядае першай катэгорыі, блокавага – другой і калідорнага – трэцяй. Ад катэгорыі залежыць кошт пражывання: для інтэрнатаў 1 катэгорыі – 29 руб. 40 кап. у месяц, для 2 катэгорыі – 19 руб. 60 кап. у месяц, 9 руб. 80 кап. у месяц – 3 катэгорыі.
Адказнасць і абавязкі
Для таго, каб пражыванне ў інтэрнаце было камфортным і бяспечным для ўсіх, у студэнтаў ёсць абавязкі, якія рэгламентуюцца Правіламі пражывання ў інтэрнатах для навучэнцаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Студэнты абавязаны ведаць і выконваць правілы пажарнай бяспекі, неабходныя меры бяспекі і першай медыцынскай дапамогі. Яны таксама вывучаюць, як трэба дзейнічаць у надзвычайнай сітуацыі. Важна выкарыстоўваць памяшканні і абсталяванне інтэрнатаў асцярожна і па прызначэнні, прытрымлівацца санітарна-гігіенічных правілаў і нормаў і нормаў паводзін, графіка дзяжурства і ўборкі, своечасова аплачваць пражыванне, эканомна выкарыстоўваць рэсурсы.
Часам жыхары не выконваюць гэтыя правілы, але варта памятаць, што гэтыя парушэнні не застаюцца без увагі і маюць наступствы!
Гарачая лінія і… вожык
Па пытаннях засялення ў інтэрнаты з 22 па 31 жніўня працуе гарачая лінія. Часцей за ўсё студэнты цікавяцца бытавымі пытаннямі: ці выдаецца пасцельная бялізна, ці ёсць у пакоі/блоку халадзільнік, якія электрапрыборы дазволены, дзе мыюць адзенне і ядуць студэнты, як перасяліцца ў іншы блок. Першакурснікаў больш за ўсё цікавіць, ці вылучана ім месца ў інтэрнаце, ці неабходная прысутнасць бацькоў пры засяленні непаўналетняга студэнта. Таксама маладыя людзі тэлефануюць, каб даведацца, чаму яны не атрымалі месца ў інтэрнаце. Адным з самых вясёлых пытанняў было: «Ці ўключаны сняданак у кошт пражывання ў інтэрнаце?», а таксама студэнт цікавіўся, ці можа ён прывезці з сабой ручнога вожыка.
Вітанне і адаптацыя
першакурснікаў
Традыцыйным мерапрыемствам, якое праводзіцца ў кожным інтэрнаце, стала «прысвячэнне» для першакурснікаў, якое арганізоўвае студэнцкі савет інтэрната. У кожным інтэрнаце гэта мерапрыемства праходзіць па-рознаму. Асноўная задача – пазнаёміць першакурснікаў з традыцыямі інтэрната і студэнцкага гарадка. Для студэнтаў старэйшых курсаў таксама праводзяцца мерапрыемствы, якія рыхтуюць актывісты, адміністрацыя інтэрната і супрацоўнікі цэнтра рэалізацыі моладзевай палітыкі ў студэнцкім гарадку.
Штогод студэнцкімі саветамі інтэрнатаў, сумесна з адміністрацыяй і педагагічным складам інтэрнатаў, праводзяцца сходы з першакурснікамі з мэтай адаптацыі студэнтаў, якія толькі пачалі пражываць у інтэрнаце. На дадзеным мерапрыемстве акрамя знаёмства дзецям тлумачаць правілы пражывання, распавядаюць пра інтэрнат: пакоі сацыяльна-бытавога і культурнага прызначэння, гурткі і секцыі, органы самакіравання, якія працуюць на базе студэнцкага гарадка. Традыцыйным мерапрыемствам, якое праводзіцца ў кожным інтэрнаце, стала «прысвячэнне» для першакурснікаў, якое арганізоўвае студэнцкі савет інтэрната.
Студэнцкае
самакіраванне
Студэнцкі гарадок БДУ – выдатная пляцоўка для рэалізацыі творчага патэнцыялу і лідарскіх якасцяў навучэнцаў універсітэта праз органы студэнцкага самакіравання. У кожным інтэрнаце і па-за ім праводзяцца розныя мерапрыемствы, распрацаваныя студэнцкімі саветамі інтэрнатаў, грамадскай інфармацыйнай службай, намаганнямі спартыўна-турысцкага клуба і студэнцкай творчай лабараторыі. Ахову і парадак пражывання падтрымлівае студэнцкая служба бяспекі.
Кожны год праходзяць справаздачна-выбарныя канферэнцыі, на якіх можна патрапіць у орган самакіравання інтэрната.
Больш інфармацыі на сайце Студэнцкага гарадка БДУ: http://studgorodok.bsu.by/
А таксама не забудзьцеся падпісацца на групу студгарадка ва «Укантакце»: https://vk.com/studgorodokbsu.
«У інтэрнаце заўсёды свая атмасфера, непараўнальная ні з чым у студэнцкія гады. Кожны дзень новыя твары і новыя гісторыі, моманты, якія ўспамінаюцца не адзін год. Гэта свет, у якім усе пачуваюцца як дома і ведаюць, што іх падтрымаюць, ці самі дадуць руку дапамогі іншым. Пасля ўніверсітэта студэнты, якія пажылі разам, працягваюць адносіны, што яшчэ раз даказвае: інтэрнат становіцца другім домам, а суседзі – роднымі людзьмі».
Дар’я КОЎЗА