З хуткасцю ветру – да перамогі! Каманда БРСМ БДУ выйграла турнір па міні-футболе сярод студэнцкіх атрадаў

10 Aug, 2018.

Зусім не міні-страсці панавалі на турніры па міні-футболе сярод студэнцкіх атрадаў Маскоўскага раёна г.Мінска, які адбыўся 2 жніўня! Усіх удзельнікаў і гледачоў спаборніцтваў гасцінна сустрэў спартыўны стадыён Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерва па футболе БДУ.

За перамогу змагаліся студэнты розных навучальных устаноў сталіцы: каманда «Белы вецер» БРСМ Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, футбалісты “Ветразя” з БРСМ Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка, калектыў «Мінскі экспрэс» Беларускага прафесійна-тэхнічнага каледжа чыгуначнага транспарту імя Е.П.Юшкевіча і «Фартуна», якая абараняла гонар Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа будаўнічных матэрыялаў имя В. Г. Каменскага.

Не абмінулі турнір увагай і пачэсныя госці! Віталь Брэль, які займае пасаду намесніка главы адміністрацыі Маскоўскага раёна, на цырымоніі адкрыцця звярнуўся да спарцменаў са словамі прывітання. Ён падзякаваў хлопцам за актыўную жыццёвую пазіцыю і пажадаў поспехаў у навучанні і спорце. Яркая гульня, мноства самых розных эмоцый, сапраўдная падтрымка балельшчыкаў – футбол быў варты ўвагі. Пасля правядзення спаборніцтваў у адзін круг, стала відавочна, што абсалютным пераможцам з’яўляецца каманда БРСМ БДУ! “Белы вецер” паказаў сапраўдную гульню, згуртаванасць і прафесіяналізм.

Капітан каманды, Аляксей Свідзельскі — удельнік студенцкага вытворчага атрада “Атланціка”, дзеліцца ўражаннямі: 

— У першую чаргу я адчуў неверагоднае захапленне ад разумення таго, што “Белы вецер” перамог. Мы не былі вельмі ўпэўнены ў сабе перад спаборніцтвамі: каманда была цалкам сфарміравана толькі перад самым турнірам і не было магчымасці правесці трэніроўкі. Але мы хутка пасябравалі, дапамагалі адзін аднаму, і, як вынік, — перамога. Я, наогул, іграю ў хакей, а футболам займаўся раней. Але калі выпала магчымасць абараніць гонар універсітэта на спаборніцтвах, не стаў адмаўляцца. Мы з хлопцамі не плануем спыняцца! Было б вельмі добра перамагчы і на гарадскім спартыўным фестывалі, які пройде у сярэдзіне жніўня. 

Сваю першую ўзнагароду каманда атрымала з рук дырэктара РЦАП па футболу БГУ Уладзіміра Пігулеўскага.

Пажадаем нашым футбалістам-студатрадаўцам новых перамог!

Марыя КАСЬКО

 
print

Вам таксама можа спадабацца: