Як вядома, на гэтым тыдні ў БДУ пабывалі 12 касманаўтаў з Расіі, ЗША, Германіі і Швецыі, якія сустрэліся са студэнтамі шасці факультэтаў. На геафак невыпадкова завітаў Марыа РАНКА. Бакалаўр акіянаграфіі і метэаралогіі, касманаўт распавёў не толькі пра свае палёты, але і метэаз’явы, якія яму ўдалося ўбачыць з космасу.
Марыа Ранка цяпер выкладае ва ўніверсітэце, а яго першы палёт адбыўся яшчэ ў 1991 годзе з ваеннай мэтай, хутка адбыліся і іншыя – у 1993 і 1996 гадах. У гэтых палётах ён выводзіў спадарожнік сувязі, які выкарыстоўваецца дагэтуль. І фатаграфаваў. Свае здымкі ён паказаў аўдыторыі: “Я хачу паказаць вам, як гэта – бачыць космас уласнымі вачыма”.
Практычна ад усіх фатаграфій займае дых: на Зямлі такіх пейзажаў не ўбачыш. З кожнай з іх звязаная адмысловая гісторыя: напрыклад, калі ён на шатле пералятаў з неасветленага боку Зямлі, 16 разоў бачыў світанак. “Калі ў астранаўта ёсць хоць кропелька рамантыкі, ён адразу думае пра жонку, якая засталася дома”. Марыа Ранка часта звяртаецца да тэмы сям’і і кахання: “У палёце спіцца вельмі дрэнна, баліць паясніца, але аднойчы мне прыснілася, што мы з жонкай сядзім побач, паміж намі свечка (а агонь унутры шатла запальваць катэгарычна нельга!), атрымліваем асалоду ад рамантычнай вячэры і касмічных відаў”.
Марыа Ранка ў космас прывялі дзіцячыя мары. “У 1960-я краіна была ахоплена касмічнай гонкай, практычны кожны цікавіўся космасам, я б хацеў, каб цяпер была такая цікавасць. Маленькім я глядзеў на зоркі і ўяўляў, як я туды палячу. Глядзеў StarTrek і падобныя фільмы, каб дапамагчы свайму ўяўленню паляцець у космас”.
Сустрэча з адкрытым космасам у касманаўта адбылася падчас другой экспедыцыі. Гэта, не лічачы яго жонкі і дзяцей, самы дзівосны і запамінальны досвед у жыцці. “Калі я паглядзеў пад ногі, то зразумеў, што нам яшчэ вельмі-вельмі далёка да Зямлі”, – кажа ён.
Марыа Ранка палёты дапамаглі паглядзець па-іншаму на родную Зямлю, планета стала яму вельмі блізкая, і зараз яму не трэба выкарыстоўваць карту, каб зразумець, дзе ён знаходзіцца. З касмічнай вышыні ён разгледзеў пранізлівую сінечу Багамскіх астравоў, убачыў тайфун у Ціхім акіяне, палярнае ззянне і егіпецкія піраміды… А яшчэ – пласт атмасферы. Ён не вельмі тоўсты, і гэта дзіўна, што ад яго залежыць наша жыццё на планеце. “Мы павінны быць удзячныя атмасферы за тое, што яна нас абараняе”, – з павагай кажа касманаўт.
“З космасу межаў не відаць. Гэта важнае сцвярджэнне, таму што з космасу мы бачым усю зямлю, усё чалавецтва”, – распавядае Марыа. Бачныя толькі прыродныя межы паміж Егіптам і Ізраілем, ЗША і Мексікай, а астатнія тэрыторыі існуюць разам.
Аднак не ўсё так вясёлкава, пасля палётаў з целам адбываюцца змены: сэрца пачынае працаваць больш старанна, і цяжэй працаваць. “Паспытаўшы” бязважкасці, яму ўжо цяжка даецца гравітацыя. Каб не страціць ад перагрузкі свядомасць пры прызямленні, касманаўты не спыняюць трэніровак у космасе, нагружаючы сэрца.
Студэнты спыталі Марыа Ранка пра магчымасць патрапіць на стажыроўку ў НАСА. На што касманаўт адказаў сцвярджальна: “У НАСА праходзяць стажыроўкі шмат студэнтаў з усяго свету, і бо мы працуем у кааперацыі з Расіяй, думаю, і ў Беларусі ёсць магчымасць.
Упэўнены, у будучыні будзе ўсё больш магчымасцяў для інтэрнатуры ў нас, напрыклад, каапераванне ўніверсітэтаў Беларусі і ЗША, ці праграмы абмену”. А ў канцы падзякаваў усім за цікавы дыялог: “Гэта не толькі пра мяне, а пра ўсіх нас, касманаўтаў, і тых, у каго ёсць такі прывілей наведаць космас”.