Сучасныя ядзерна-фізічныя тэхналогіі, пытанні фізікі элементарных часціц і тэарэтычнай фізікі абмеркавалі вядучыя айчынныя навукоўцы на XIV Міжнароднай школе-канферэнцыі «Актуальныя праблемы фізікі мікрасвету», якая прайшла з 12 па 24 жніўня на базе санаторыя «Азёрны» ў Гродзенскім раёне.
Памяці прафесара
Мікалая Шумейкі
Арганізатарам міжнароднай школы-канферэнцыі выступілі Інстытут ядзерных праблем БДУ і Аб’яднаны інстытут ядзерных даследаванняў (АІЯД, Расія) у супрацоўніцтве з Інстытутам фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАНБ пры падтрымцы Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі.
Сёлетні навуковы форум прысвяцілі памяці прафесара Мікалая Шумейкі, беларускага фізіка-тэарэтыка і арганізатара навукі, які зрабіў значны ўнёсак у развіццё фізікі высокіх энергій у Беларусі і пасля вялікага перапынку адрадзіў традыцыі правядзення падобных канферэнцый у краіне.
– Перад правядзеннем канферэнцыі міжнародны камітэт і наш лакальны аргкамітэт прыйшлі да высновы, што неабходна пашырыць спіс тэм, якія разглядаюцца на навуковай школе, і прыцягнуць новых удзельнікаў. З гэтай мэтай была праведзена праца па пошуку дакладчыкаў, якія прадстаўляюць найбуйнейшыя міжнародныя ядзерна-фізічныя цэнтры, і асобныя маштабныя эксперыменты, якія праводзяцца на Вялікім адронным калайдары ў CERN (калабарацыя CMS і «Атлас»), а таксама эксперыменты, запланаваныя ў АІЯД (напрыклад, мегасаенс- праект «Комплекс NICA»).
Такім чынам, паўтара дзясятка запрошаных лектараў – прадстаўнікі беларускіх навуковых школ і міжнародных калабарацый – дзяліліся сваімі ведамі са слухачамі, – распавядае Юлія Фядотава, арганізатар канферэнцыі, намеснік дырэктара па міжнародным навукова-тэхнічным супрацоўніцтве НДІ ЯП БДУ.
Паўдзельнічаць у канферэнцыі прыехалі больш за 130 спецыялістаў з вядучых навуковых цэнтраў, а менавіта: CERN (Швейцарыя), DESY (Германія), Інстытут ядзерных ведаў Vinča (Сербія), Універсітэт Рочэстэра (ЗША), Інстытут сучаснай фізікі (Кітай), Карлаў універсітэт (Чэхія), Цэнтр ядзерных даследаванняў Saclay (Францыя), Інстытут тэарэтычнай фізікі імя М. М. Багалюбава (Украіна) і іншыя. У працы школы ўдзельнічалі вядучыя беларускія навучальныя ўстановы і навукова-даследчыя інстытуты – Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт імя П. В. Сухога, Інстытут фізікі імя Б. І. Сцяпанава НАН Беларусі, Аб’яднаны інстытут энергетычных і ядзерных даследаванняў – Сосны НАН Беларусі і іншыя.
На форуме Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прадстаўлялі больш за 40 студэнтаў, аспірантаў і навуковых супрацоўнікаў Інстытута ядзерных праблем (НДІ ЯП), фізічнага факультэта і Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А. Д. Сахарава.
Праблематыка
навуковага форуму
Праграма школы-канферэнцыі ахоплівала шырокі спектр пытанняў сучаснай фундаментальнай навукі і спадарожных прыкладных даследаванняў. Былі прадстаўлены даклады і лекцыі на такія тэмы: «Апошнія эксперыментальныя вынікі сусветных ядзерна-фізічных цэнтраў»; «Даследаванні іонаў (NICA, LHC, FAIR)»; «Будучыя эксперыменты на LHC і іншых калайдарах»; «Непаскаральная фізіка, астрафізіка і касмалогія»; «Новыя напрамкі ў квантавай тэорыі поля»; «Рэлятывісцкая ядзерная фізіка»; «Ядзерная медыцына», «Новыя напрамкі ў матэрыялазнаўстве» і іншыя.
Па выніках навуковага форуму плануецца публікацыя артыкулаў у «Часопісе БДУ. Фізіка».
Пра актуальнасць
правядзення
навуковай школы
Як адзначаюць у аргкамітэце, школа-канферэнцыя «Актуальныя праблемы фізікі мікрасвету» (раней – «Гомельская школа») мае вялікае значэнне для адукацыі навуковай моладзі, абмену досведам і творчых зносін беларускіх навукоўцаў з замежнымі калегамі, усталявання працоўных кантактаў, дасягнення дамоўленасцяў пра супрацоўніцтва.
– Канферэнцыя па сваім статусе мае характар міжнароднай школы, а адной з асноўных задач з’яўляецца азнаямленне студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і іншых маладых супрацоўнікаў з сучаснымі тэндэнцыямі і распрацоўкамі ў тэарэтычнай і эксперыментальнай фізіцы мікрасвету. Безумоўна, для нас, навукоўцаў-фізікаў, якія працуюць у галіне ядзернай фізікі, фізікі элементарных часціц, а таксама шэрагу спалучаных абласцей навукі, падобныя школы-канферэнцыі – гэта выдатная магчымасць паслухаць дакладчыкаў з міжнародных ядзерна-фізічных цэнтраў і тым самым далучыцца да навуковых калабарацый, якія вядуць даследаванні ў самых актуальных навуковых напрамках, – лічыць Юлія Фядотава.
Дырэктар НДІ ЯП, старшыня міжнароднага праграмнага камітэта Сяргей Максіменка:
– Сучасная фізіка высокіх энергій – гэта не толькі тэарэтычныя даследаванні, а і маштабныя ўстаноўкі і абсталяванне, гэта і высокатэхналагічныя галіны машынабудавання, прыборабудавання і электронікі. Таму варта вылучыць значнасць таго, што апроч тэарэтычных дакладаў прагучалі на канферэнцыі прыкладныя распрацоўкі. Спадзяюся, гэта тэндэнцыя будзе назірацца і ў будучыні.
Акрамя гэтага маладое пакаленне мела магчымасць прадставіць свае вынікі і паслухаць вядучых навукоўцаў у гэтай галіне, пагутарыць з калегамі, якія глыбока разумеюць свой прадмет. Для маладых людзей важна адчуць сябе ўдзельнікамі маштабнага працэсу.
Спадзяёмся, што атрымаецца ў наступны раз узмацніць (не на шкоду іншым удзельнікам) прысутнасць навукоўцаў суседніх дзяржаў – Літвы і Польшчы, дзе таксама вядуцца цікавыя навуковыя распрацоўкі ў галіне фізікі мікрасвету.
Навука не можа функцыянаваць без дыскусій, абмену досведам паміж навукоўцамі. Для БДУ правядзенне дадзенага навуковага форуму з’яўляецца важным складнікам прыцягнення маладых людзей да актыўнай навуковай працы і станоўча адбіваецца на іміджы ВНУ, што ўплывае ў пэўнай ступені на яе рэйтынг сярод іншых вышэйшых навучальных устаноў.
Алёна ЛЯЎШЭНЯ
Даведка
Першая міжнародная школа-канферэнцыя прайшла 47 гадоў таму, а з 1997 года яна праводзіцца кожныя 2 гады. Многія яе ўдзельнікі сталі вядомымі навукоўцамі, а таксама кіраўнікамі буйных навуковых калектываў. Карла Рубіа, адзін з лектараў школы 1973 г., пасля стаў Нобелеўскім лаўрэатам па фізіцы. Сёлетняя 14-я школа-канферэнцыя ўпершыню праводзілася ў Гродзенскім раёне, да гэтага месцам сустрэчы быў Гомельскі рэгіён.