На механіка-матэматычным факультэце БДУ адбылася сустрэча з касманаўтам-выпрабавальнікам Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю. А. Гагарына, расійскім палкоўнікам ВПС Валерыем ТОКАРАВЫМ і астранаўтам НАСА, палкоўнікам ВПС ЗША Кевінам ФОРДАМ, якія расказалі пра міжнацыянальную камунікацыю на МКС, навуковыя эксперыменты з рыбкамі і як выглядае Мінск з калязямной арбіты.
Мадэратарам сустрэчы стаў акадэмік Сяргей Абламейка. У аўдыторыі больш за ўсё было студэнтаў-першакурснікаў, бо менавіта моладзь з’яўляецца будучыняй касмічнай навукі ў нашай краіне. Таксама вялікую цікавасць да гасцей універсітэта выявілі і выкладчыкі. Яны з цікаўнасцю слухалі даклады і задавалі пытанні.
Касманаўты ў сваіх прэзентацыях распавядалі пра сваю працу, навуку і жыццё ў космасе. Паміж госцем універсітэта з ЗША і студэнтамі не ўзнікла моўнага бар’ера. Студэнты і выкладчыкі добра разумелі англійскую. А амерыканец Кевін Форд трохі размаўляе па-руску. Падчас свайго выступленне ён раз-пораз устаўляў рускія словы і фразы, што выклікала ў слухачоў усмешкі.
Кевін Форд распавёў, што знаёмы з нашым суайчыннікам касманаўтам Алегам Навіцкім. “Гэта гонар для мяне – працаваць з Алегам, я атрымаў фантастычны досвед, мы працавалі разам як браты”, – адзначыў астранаўт. Кевін Форд распавёў, што ў космасе не мае значэння нацыянальнасць, няма канфліктаў, усе працуюць і адпачываюць разам як сапраўдная сям’я. Нягледзячы на тое, што Міжнародная касмічная станцыя складаецца з некалькіх модуляў, якія належаць розным краінам, усе касманаўты дзеляць паміж сабой энергію, якую атрымліваюць з дапамогай сонечных батарэй, а таксама сродкі камунікацыі і санітарную зону.
Таксама студэнты даведаліся пра навуковую дзейнасць на Міжнароднай касмічнай станцыі. Кевін распавёў, што ў космасе часта праводзяць медыцынскія выпрабаванні, эксперыменты з фізічнымі з’явамі, генамі, ДНК. Навукоўцам цікава, што адбываецца з жывымі арганізмамі ва ўмовах бязважкасці і касмічнай радыяцыі. “У другі раз я лётаў у космас з двума калегамі і 34 рыбкамі, якіх даглядаў”, – смяецца Кевін. Падчас даследаванняў было выяўлена, што ў космасе жывёлы губляюць касцяную масу. Таксама амерыканскі астранаўт распавёў пра канструкцыю МКС, паказаў студэнтам мноства фатаграфій. У тым ліку астранаўт паказаў фатаграфію Мінска, зробленую падчас яго палёту. “Было вельмі чароўна бачыць Мінск з космасу, і прыемна бачыць гэты горад з зямлі і быць сярод вас”, – дадаў Кевін Форд. Ён адзначыў, што на дадзены момант перад навукоўцамі стаіць мноства задач для таго, каб зрабіцць касмічныя вандраванні больш бяспечнымі.
Валерый Токараў падчас свайго выступлення паказаў фільм пра гісторыю заваявання космасу, а таксама відэа з асабістага архіва, дапаўняючы яго сваімі каментарамі.
Ён распавёў і паказаў, як у космасе вырашаюць такія бытавыя праблемы, як сон і прыём ежы. Валерый Токараў распавёў, што, калі бачыш Зямлю ў ілюмінатары, адчуваеш эйфарыю, аднак нельга надоўга паддавацца гэтаму пачуццю, бо дзень касманаўта распісаны па хвілінах, ёсць расклад і пратаколы, пра якія нельга забываць. “Калі я апынуўся ва ўмовах бязважкасці, мне адразу захацелася куляцца, рабіць усё хутка, але дасведчаныя калегі папярэдзілі, што вельмі хутка можа з’явіцца нават вестыбюлярнае парушэнне”, – распавядае касманаўт. Ён адзначыў, што касмічнае спаборніцтва, якое праходзіла паміж ЗША і СССР у мінулым стагоддзі, дало каласальныя вынікі для развіцця, а цяпер развіваць касмічную навуку трэба новаму пакаленню. “Каму як не вам?” – звярнуўся Токараў да студэнтаў з заклікам.
Сяргей Абламейка таксама распавёў пра Цэнтр аэракасмічнай адукацыі БДУ, дзе студэнты могуць заняцца вывучэннем космасу. Таксама Сяргей Уладзіміравіч падрыхтаваў прэзентацыю пра першы “студэнцкі” нанаспадарожнік, які быў распрацаваны ў БДУ і неўзабаве будзе запушчаны. Ён заклікаў студэнтаў, якія цікавяцца космасам, удзельнічаць у даследаваннях універсітэта.
Валерый Токараў і Кевін Форд адказалі на пытанні студэнтаў і выкладчыкаў. Удзельнікаў сустрэчы цікавіла праблема касмічнага смецця. Касманаўты прызналі, што такая небяспека існуе. Нават невялікія элементы могуць пашкодзіць касмічны карабель, а таксама зваліцца на Зямлю і прычыніць страту. На дадзены момант навукоўцы шматлікіх краін распрацоўваюць шляхі рашэння гэтага пытання.
Касманаўт і астранаўт распавялі, пра тое, як здабылі прафесію. Яны прызналіся, што не марылі пра космас у дзяцінстве. Кевін Форд распавёў, што ў дзяцінстве яго цікавілі самалёты, ва ўніверсітэце ён вывучаў інжынерную навуку. Жаданне стаць астранаўтам узнікла, калі ён прачытаў кнігу амерыканскага астранаўта Майкла Колінза, якая яго ўразіла. Паступіў у пачатковую лётную школу, а пазней стаў лётчыкам-выпрабавальнікам. “Я падаваў заяўку ў НАСА некалькі разоў, але мне адмаўлялі. І толькі калі мне споўнілася 40 гадоў і я вырашыў паспрабаваць у апошні раз, мяне прынялі ў атрад НАСА на навучанне. Я выпадковы астранаўт”, – смяецца Кевін.
Валерый Іванавіч распавёў, што рос у вёсцы і ў дзяцінстве нічога пра космас нават не ведаў. Але яму вельмі падабаліся кнігі пра лётчыкаў, якія ён браў у сельскай бібліятэцы. Аднойчы, калі Токараў быў яшчэ дзіцем, яго пакаталі на сельскагаспадарчым самалёце і ён зразумеў, што хоча стаць лётчыкам. Ён паступіў у вышэйшае ваеннае авіяцыйнае вучылішча лётчыкаў і штурманаў, а пазней прайшоў перападрыхтоўку на лётчыка-выпрабавальніка. Быў абраны ў атрад касманаўтаў у 1987 годзе і праходзіў навучанне для праекта “Буран”, які так і не быў ажыццёўлены. Пасля распаду СССР Валерыю Іванавічу прыйшлося сутыкнуцца са шматлікімі складанасцямі, але мару пра космас ён не забываў. І праз 10 гадоў ён ізноў быў залічаны ў атрад касманаўтаў, у 1999 годзе здзейсніў першы палёт.
На пытанне, што змянілася ў светапоглядзе пасля знаходжання ў космасе, Кевін распавёў, што ўсвядоміў, якая выдатная наша планета: “Я не раз чуў, як людзі кажуць, што хацелі б паляцець на Марс і больш ніколі не вяртацца. Я б на такое ніколі не пагадзіўся. Нам вельмі пашанцавала жыць на Зямлі, і наш арганізм ідэальна створаны для гэтых умоў. Я пачаў больш паважаць жыццё ў цэлым. Таксама я зразумеў, што ўсе людзі – браты. Калі я прызямліўся пасля другога свайго палёту ў Казахстане, я адчуў сябе дома сярод сяброў”.
Гасцям уручылі памятныя падарункі ад універсітэта, а ўсе ахвотнікі змаглі атрымаць аўтограф.