Савет маладых навукоўцаў як брэнд. У пошуку сябе і новых магчымасцяў

26 Sep, 2018.

«Натхненне. Маладосць. Поспех» – такі лозунг Савета маладых навукоўцаў (СМН) БДУ. І варта адзначыць, ён цалкам адпавядае брэнду арганізацыі і асноўным задачам яе дзейнасці. Вось ужо амаль год СМН узначальвае Наталля АНЦУХ, дацэнт кафедры міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права ФМА, кандыдат юрыдычных навук, дацэнт. Рэдакцыя даведалася ў Наталлі, якія падзеі ўжо ўвайшлі ў гісторыю СМН, а таксама спытала пра тое, як праводзяць заняткі маладыя навукоўцы ў БДУ.

Вектары дзейнасці
СМН БДУ

Дзейнасць СМН БДУ накіравана на павышэнне ролі маладых навукоўцаў у рашэнні актуальных задач, якія стаяць перад БДУ ў навукова-адукацыйнай, даследчай і інавацыйнай сферах. Працу савет вядзе па чатырох асноўных напрамках: далучэнне моладзі да навукі, міжнароднае супрацоўніцтва, а таксама пошук шляхоў найлепшай медыйнай прэзентацыі ўніверсітэцкай моладзі і камерцыялізацыя навуковай дзейнасці.

Наталля Анцух

– З дапамогай распрацаванай медыястратэгіі (курыруе дадзены аспект дацэнт факультэта журналістыкі Алеся Кузьмінава) мы імкнёмся падтрымліваць пазітыўны імідж СМН, а таксама статус маладога навукоўца ў цэлым, – распавядае Наталля Анцух. – На адным з першых пасяджэнняў савета вырашылі, што СМН БДУ – гэта брэнд. Яго трэба папулярызаваць, таму ўжо ў самым пачатку працы мы падключылі нашу патэнцыйную аўдыторыю да распрацоўкі лагатыпа і слогана – правялі конкурс сярод навучэнцаў і супрацоўнікаў. Да нашай радасці, знайшлося больш за 30 удзельнікаў: свае ідэі прапанавалі студэнты, магістранты, аспіранты і выкладчыкі. Па выніках конкурсу была абрана канцэпцыя ад групы аўтараў. Цэнтр карпаратыўных камунікацый дапамог аформіць дызайн у адпаведнасці з брэндбукам БДУ.

У наш час пры падтрымцы Цэнтра карпаратыўных камунікацый распрацоўваецца візуальнае афармленне для сацыяльных сетак Facebook, «Укантакце» і Instagram. Па словах старшыні СМН, тры анлайн-платформы дапамогуць ахапіць вялікую аўдыторыю. Пасродкам гэтых інструментаў можна будзе паказаць, што ў свеце навукі адбываецца мноства арыгінальных падзей, а навукоўцы – гэта крэатыўныя і эрудзіраваныя людзі.

Яшчэ адзін праект маладых навукоўцаў, які рэалізуецца пры падтрымцы ЦКК, – «Навуковы мікрафон БДУ». У дадзены момант для яго рыхтуюцца ролікі ў выглядзе інтэрв’ю, у якіх героі распавяда­юць пра свае навуковыя дасягненні, прыводзяць цікавыя факты пра сябе, дзеляцца планамі.

– Усё пачалося з думкі пра тое, што ў БДУ варта адкрыць пляцоўку для апрабацыі навуковых вынікаў, – працягвае Наталля. – Часам карысна выйсці за рамкі працы над тэмай і пачуць меркаванне збоку, бо гэта дае новы імпульс і натхненне для далейшых даследаванняў. «Навуковы мікрафон БДУ» закліканы даць маладым навукоўцам магчымасць не толькі прэзента­ваць вынікі сваіх даследаванняў шырокай аўдыторыі, але і развіць навыкі публічнага выступлення, магчымасць знайсці суаўтараў. Паколькі на лекцыі навукоўцаў змо­гуць прыходзіць госці з усіх падраздзяленняў БДУ, хочацца, каб праект стаў стартам для міждысцыплінарных даследаванняў, каб навукоўцы з розных галін навукі змаглі папрацаваць разам.

Яшчэ адзін важны напрамак, над якім працуе СМН, – пошук варыянтаў камерцыялізацыі вынікаў даследаванняў. Пра гэта Наталля Анцух кажа так:

– Маладыя навукоўцы плануюць браць удзел у рацыянальным развіцці эканамічнай і прадпрымаль­ніцкай дзейнасці Тэхнапарка БДУ. Мы задаліся пытаннем, якім чынам і якія праекты трэба ствараць, каб атрымліваць фінансавыя вынікі. У наш час прапрацоўваем пытанне пра стварэнне краўдфандынгавай платформы ў рамках праекта «Навуковы мікрафон БДУ», каб даць магчымасць калегам манетыза­ваць тыя навуковыя ідэі, пра якія яны кажуць.

Падзеі ў жыцці маладых
навукоўцаў за год

Наталля Анцух стала старшынёй СМН у канцы кастрычніка 2017 года. Па яе словах, пасля абнаўлення складу савета каманду згуртавала рэспубліканская падзея. Гаворка ідзе пра мерапрыемствы, прымеркаваныя да II З’езда навукоўцаў Рэспублікі Беларусь, якія право­дзіліся ў лістападзе–снежні 2017 г.

– Агульная справа дала нам магчымасць адчуць сябе камандай, а згуртаваная праца з’яўля­ецца закладам поспеху ў любой сітуацыі, – кажа старшыня.
Увесну-ўлетку саветам было арганізавана некалькі адкрытых лекцый у БДУ. Абмяркоўваліся тэмы, звязаныя з інтэлектуальнай уласнасцю, тайм-менеджментам, быў прадстаўлены Instagram-праект «Фізіка для ўсіх».

Маладыя навукоўцы СМН БДУ выявілі сябе і за межамі краіны.

У прыватнасці, у якасці членаў Са­вета маладых навукоўцаў яны прадставілі даклады на «Другім  Беларуска-пакістанскім форуме маладых навукоўцаў», міжнароднай канферэнцыі «Распаўсюджанне прынцыпаў талерантнасці, гуманізму і міралюбнасці ў мола­дзевым асяроддзі» ў Азербай­джане.

Увосень плануецца правесці круглы стол на трэндавую тэму, звязаную з інавацыямі і ўстойлівым развіццём. У планах пад­рых­таваць шэраг адкрытых лекцый, а яшчэ цыкл мерапрыемстваў для студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў па напісанні навуковых прац. Акрамя гэтага маладыя навукоўцы хочуць зрабіць праект па ланд­шафтным дызайне для галоўнага дворыка ВНУ.

На прыёме ў рэктара БДУ А. Караля, прысвечанаму 8 сакавіка

Пра працу са студэнтамі

Навука, праца, сям’я – часта гра­фік маладых навукоўцаў распісаны па хвілінах. Як эфектыўна вы­ка­­рыстоўваць час, ведае старшыня савета Наталля Анцух. У свой час яна скончыла школу з залатым медалём, ФМА з адзнакай і была ўзнагароджана дыпломам БДУ «Найлепшы выпускнік 2007 года».

– За вобразам маладога навукоўца стаіць каласальная праца. Каб дасягнуць добрых навуковых вынікаў, трэба шмат часу прысвяціць пытанню, якое вывучаеш, – дзеліцца меркаваннем Наталля.

Наталля з’яўляецца аўтарам  больш чым 80 навуковых прац у галіне сямейнага, медыцынскага і міжнароднага прыватнага права, сярод якіх ёсць дапаможнік для магістрантаў і манаграфіі (як адна­асобныя, так і калектыўныя). За цыкл навуковых прац у галіне параўнальнага і міжнароднага ся­мейнага права ў 2017 годзе была ганаравана прэміі імя У. І. Пічэты ў намінацыі «Навука» (кандыдаты навук да 35 гадоў).

– Цяпер рыхтуюся да пас­туплення ў вочную дактарантуру. Я вывучаю праблемы прававога  забеспячэння міжнароднага меды­цынскага турызму, планую даследаваць дадзены напрамак у доктарскай дысертацыі, – распавядае яна пра свае мэты.

На інтэрактыўнай лекцыі

Заняткі Наталля праводзіць з прымяненнем інтэрактыўных формаў навучання, выкарыстоўвае ІТ-тэхналогіі для падачы матэ­рыялу студэнтам і магістрантам.

– Мне падабаецца заходзіць у аўдыторыю, калі ў студэнтаў га­раць вочы, калі ўсе прыходзяць на заняткі, ведаючы, што будзе цікава. Імкнуся правесці заняткі так, каб у студэнтаў было жаданне працягнуць вывучаць разгледжаныя пытанні самастойна. Бо галоўнае – гэта навучыць вучыцца, каб сту­дэнты маглі ў будучыні вырашыць любую пастаўленую перад імі за­дачу, – распавядае Наталля. – З калегамі дадаткова праводзім гурткі па сямейным і міжнародным прыватным праве, каб дапамагчы студэнтам разабрацца ва ўсіх тонкасцях. На заняткі запрашаем юрыстаў-практыкаў, каб яны па­дзяліліся сваім досведам працы.

Старшыня СМН лічыць, што схіль­насць да навукі ў студэнта можна разглядзець ужо на першых курсах:
– Як навуковы кіраўнік, імкнуся максімальна зразумела растлумачыць студэнтам і магістрантам, як працаваць з навуковым матэрыялам. Радуе, што яны прыс­лухоўваюцца і пасля годна абараняюць курсавыя, дыпломныя і магістарскія працы. Заўсёды пад­казваю, калі ў БДУ праводзяцца конкурсы, навуковыя канферэнцыі  і іншыя мерапрыемствы, дзе хлопцы і дзяўчаты могуць сябе выявіць.

Наталля з цеплынёй успамінае ўдзельнікаў праекта «Студэнт на тыдзень БДУ». Яны зазірнулі да яе на заняткі па парадзе студэнтаў, а на наступны дзень усім складам прыйшлі да яе яшчэ і на гурток.

Як патрапіць у Савет
маладых навукоўцаў?

У склад СМН БДУ ўваходзяць старшыні саветаў маладых навукоўцаў падраздзяленняў (факуль­тэтаў, інстытутаў). На сёння гэта калектыў з 22 чалавек.

Калектыў Савета маладых навукоўцаў БДУ

У сваю чаргу савет падраздзялення складаецца з маладых на­вукоўцаў, якія тут працуюць на кафедрах, у лабараторыях. Да дзейнасці гэтай арганізацыі таксама прыцягваюцца аспіранты і магіс­транты.

Што да ўзроставых рамак, то членамі Савета маладых навукоўцаў могуць быць выкладчыкі і навуковыя работнікі ва ўзросце     да 35 гадоў, дактаранты да 40 гадоў, са ступенню доктара навук да 45 гадоў.

– Мы заўсёды рады бачыць сярод членаў савета ініцыятыўных і крэатыўных супрацоўнікаў БДУ, якія разумеюць, што СМН БДУ – гэта грамадскі орган, які патрабуе актыўнага ўдзелу і ўмення праца­ваць у камандзе.

Савет маладых навукоўцаў выказвае падзяку кіраўніцтву ўніверсітэта за падтрымку нашых ініцыятыў, плённае супрацоўніцтва па ключавых напрамках дзейнасці савета, садзейнічанне ў самарэалізацыі ўніверсітэцкай моладзі.

Гутарыла
Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: