40 гадоў на ўздыме. НДІ фізіка-хімічных праблем сярод лідараў айчыннай навукі

19 Oct, 2018.

НДІ фізіка-хімічных праблем – шматразовы пераможца рэспубліканскага спаборніцтва сярод арганізацый навукі, і да нядаўняга часу – лідар сярод усіх навуковых арганізацый у рэйтынгу цытавання.

Створаны 4 кастрычніка 1978 г. НДІ складаўся з 9 НДЛ, у якіх працавалі 123 навуковыя супрацоўнікі. Вялікую ролю ў арганізацыі інстытута сыгралі прарэктар па навуковай рабоце БДУ акадэмік Л. В. Валадзько, намеснік міністра вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР Ф. М. Капуцкі (дырэктар інстытута ў 1978–1979 гг.), дэкан хімічнага факультэта Г. А. Браніцкі (намеснік дырэктара інстытута па навуковай рабоце ў 1978–1989 гг.) і загадчык кафедры неарганічнай хіміі В. В. Свірыдаў (дырэктар інстытута ў 1979–1993 гг.). У наш час у склад інстытута ўваходзяць 15 падраздзяленняў, у якіх працуе 176 работнікаў, з іх 140 навуковых супрацоўнікаў, уключаючы 9 дактароў навук і 62 кандыдатаў навук.
 
Навуковыя школы
Акадэмік В. В. Свірыдаў стаў заснаваль­нікам буйной навуковай школы ў галіне хіміі цвёрдага цела, вучнямі якой абаронены 11 доктарскіх і 128 кандыдацкіх дысертацый. Два з іх атрымалі званне акадэміка (А. І. Лесніковіч у 2002–2008 гг. – намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі, А. А. Івашкевіч – першы прарэктар БДУ), тры – званне членаў-карэспандэнтаў (С. К. Рахманаў – старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі НС РБ па міжнародных справах і нацыянальнай бяспекі, А. І. Кулак – дырэктар Інстытута агульнай неарганічнай хіміі НАН Беларусі, Д. В. Свірыдаў – дэкан хімічнага факультэта БДУ). Вучні школы ўзначальваюць лабараторыі хіміі тонкіх плёнак, нанахіміі, хіміі вогнетушыльных матэрыялаў, хіміі кандэнсаваных асяроддзяў Акадэмік Ф. М. Капуцкі, нягледзячы на працу на пасадзе намесніка міністра, а затым – рэктара БДУ, заснаваў навуковую школу па накіраванай хімічнай мадыфікацыі поліцукрыдаў рознага паходжання для стварэння новых матэрыялаў і лекавых сродкаў, падрыхтаваўшы 3 дактароў і 30 кандыдатаў навук. Адзін з яго вучняў – акадэмік А. В. Більдзюкевіч – узначальвае Інстытут фізіка-арганічнай хіміі НАН. Вучні школы Ф. М. Капуцкага кіруюць лабараторыямі хіміі поліцукрыдаў, каталізу полімерызацыйных сістэм, раствораў цэлюлозы і прадуктаў на яе аснове.
Загадчык лабараторыі хіміі свабоднарадыкальных працэсаў д.х.н. А. І. Шадыра надаў імпульс вывучэнню механізмаў свабоднарадыкальных ператварэнняў біялагічна важных рэчываў, якія ініцыююцца рознымі стрэс-фактарамі, і стварэнню лекавых прэпаратаў на аснове прыродных злучэнняў і іх сінтэтычных аналагаў. А. І. Шадыра падрыхтаваў двух дактароў і 17 кандыдатаў навук.
Пад кіраўніцтвам акадэміка А. А. Івашкевіча, які ўзначальваў інстытут у 1997–2009 гг., пачалі развівацца квантава-хімічныя даследаванні складаных малекулярных сістэм, мадэляванне рэакцый з удзелам вытворных тэтразолу, даследаванні электроннай, прасторавай будовы і энергетычных характарыстык злучэнняў шэрагу азолаў. А. А. Івашкевіч падрыхтаваў двух дактароў і 7 кандыдатаў навук.
З прыходам у 1996 г. у інстытут загадчыка лабараторыі біяхіміі лекавых прэпаратаў, д.б.н., члена-карэспандэнта НАН Беларусі У. М. Шкуматава, пачалася распрацоўка хіміка-ферментатыўных метадаў сінтэзу стэроідных гармонаў, вывучэнне структурна-функцыянальных арганізацый гідралітычных ферментаў для стварэння лекавых сродкаў. Пад кіраўніцтвам У. М. Шкуматава абаронены 5 кандыдацкіх дысертацый.

30 % артыкулаў выдаецца
ў замежных часопісах
Па выніках даследаванняў у інстытуце выдадзена 77 навуковых выданняў (манаграфіі, зборнікі, матэрыялы канферэнцый, даведкавыя выданні), каля 7000 артыкулаў, з іх у далёкім замежжы больш за 1800. Штогод у інстытуце публікуецца да 300 навуковых прац, з якіх не меней за 30 % выдаецца ў замежных часопісах з індэксамі цытавання (IF) вышэйшымі за 3.
НДІ цесна ўзаемадзейнічае з навуковымі падраздзяленнямі і кафедрамі хімічнага факультэта БДУ. Арганізаваны спецыяльныя практыкумы для студэнтаў па рэнтгенаграфіі, сканіруючай электроннай мікраскапіі, электроннай мікраскапіі, каларыметрыі, біяхіміі, нанахіміі, па асновах сінтэзу цвёрдых фаз і інш. Супрацоўнікамі падрыхтаваны 38 падручнікаў і навучальных дапаможнікаў, з іх 12 – з грыфам Міністэрства адукацыі РБ.
Вядзецца падрыхтоўка кадраў вышэйшай кваліфікацыі: супрацоўнікамі інстытута абаронены 26 доктарскіх і 214 кандыдацкіх дысертацый (у 2018 г. абаронены 2 кандыдацкія і прынята да абароны доктарская ды­сертацыя). Ад трох і больш кандыдатаў навук падрыхтавалі д.х.н. П. М. Гапонік, д.х.н. праф. Л. П. Круль; д.х.н. праф. Д. Д. Грыншпан; д.х.н. праф. Т. М. Вараб’­ёва; д.х.н. праф. В. У. Ягораў; д.х.н. праф. Н. В. Логінава, д.х.н. М. В. Арцем’еў; д.х.н. праф. В. У. Багданава; к.х.н. дацэнт С. В. Касцюк; к.х.н. дацэнт Т. В. Гаеўская; к.х.н. дацэнт М. І. Іваноўская; к.х.н. дацэнт Т. Л. Юркштовіч; к.х.н. дацэнт Г. А. Рагойша; к.х.н. дацэнт Г. П. Шаўчэнка.

Крыніцы фінансавання
ў Беларусі і Расіі
Кіраўніцтва НДІ заўсёды надавала ўвагу пошуку стабільных крыніц атрымання паза­бюджэтнага фінансавання. З 2005 г. у інсты­туце працуе акрэдытаваная лабараторыя паліваў, алеяў і кармоў, якая здзяйсняе сертыфікаваныя выпрабаванні па 100 нарматыўных дакументах. Працы выконваюцца для юрыдычных асоб Беларусі і Расіі.
Інстытут пастаўляе на прадпрыемствы прадукцыю ўласнай вытворчасці. Лабараторыя хіміі тонкіх плёнак пастаўляла бор­змяшчальную кампазіцыю для электралітаў нікелявання («Агат – электрамеханічны завод», «БелОМА-ММЗ імя С. І. Вавілава» і інш.) і растворы для аэразольна-струменевай металізацыі (ЗАТ «Галаграфічная індустрыя»); лабараторыя каталізу полімерызацыйных сістэм – металізацыйны склад для залечвання фоташаблонаў («Інтэграл», УП «Ралан», «КБДЭМ-ОМА»); лабараторыя хіміі кандэнсаваных асяроддзяў – 14 парашкоў і 2 віды праяўляльнікаў для дактыласкапічнай экспертызы (дэпартамент фінансаў і тылу МУС РБ, ЗАТ «Спіктра» (Літва)) і камплек­туючыя да газагенерыруючых сістэм для культывавання анаэробных мікраарганізмаў (РНПЦ эпідэміялогіі і мікрабіялогіі); лабараторыя біяхіміі лекавых прэпаратаў – пратэалітычныя ферменты («Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў» і інш.).
У 2014 г. у інстытуце створаны доследны ўчастак па нанясенні пакрыццяў з металаў, сплаваў і кампазітаў на вырабы рознага прызначэння. Замоўцамі прац сталі «Пеленг», «Планар-СА», «Электратрэйд», «Ё-інжынірынг», «Завод СВТ», «МНДПІ», «АТАМТЭХ», «Будтэхпрагрэс», «Тэстпрыбор» (РФ), НКБ «МІКС» Паўднёвага федэральнага ўніверсітэта (РФ) і інш.
У 2016–2020 гг. інстытут вызначаны галаўной арганізацыяй-выканаўцам ДНТП «Малатанажная хімія» і ДПНД «Хімічныя тэхналогіі і матэрыялы», якая ўключае пяць падпраграм.

Распрацоўкі інстытута ў галіне стварэння лекавых прэпаратаў, выкананыя ў рамках дзяржпраграмы развіцця фармацэўтычнай прамысловасці Беларусі добра вядомыя як у краіне, так і за мяжой.
У рамках дзяржпраграмы па забеспя­чэнні вытворчасці дызельнага біяпаліва ў Беларусі на 2007–2010 гг. у НДІ распра­цавана тэхналогія вытворчасці метылавых эфіраў тлустых кіслот з рапсавага алею, на аснове якіх у ААТ «Гродна Азот» і «Магілёўхімвалакно» створаны вытворчасці магутнасцю 10 тыс. т/год і 20 тыс. т/год.
У выніку выканання трох заданняў праграм Саюзнай дзяржавы ў 2008–2015 гг. распрацаваны тэхналагічныя працэсы па атрыманні новага віду гідратцэлюлознага валакна «Грынцел», кампазіцыйнага цвёрдага паліва з адходаў нафтапрадуктаў і гідролізнага лігніну ў выглядзе гранул і пелет, самазгасальнага валакна з раствораў прыродных палімераў.
Для патрэб сельскай гаспадаркі рас­працаваны тэхналогіі поліэлектралітных гідрагеляў «Гісіяр» для інкрустацыі насення сельгаскультур; прэпарат для перадубо­рачнай апрацоўкі рапсу «Грыпіл»; сродак для ап­рацоўкі мяса-малочнага абсталя­вання «Суперсепт» і інш.
Шэраг тэхналогій па электрахімічным і безэлектролізным асаджэнні пакрыццяў з металаў і сплаваў укаранёны на прадпры­емствах Беларусі і Расіі.
Інстытут працуе ў цесным супрацоўніц-тве з установамі МНС РБ. У НДІ распра­цаваны: сродкі для папярэджання і ту­шэння лясных пажараў «Метафасіл» і «Тафасіл»; вогнеахоўны склад для лясных гаручых матэрыялаў і торфу «Камплексіл» (выпускае «ЦІКРА БЕЛ»), цяжкагаручы пенаполіўрэтан для вытворчасці сэндвічавых панэляў для ўцяплення і прадухілення па­жару па тэхналагічных камунікацыях бу­дынкаў і збудаванняў (выпускае «МНТП»).
За апошнія некалькі гадоў укаранёныя ў вытворчасць: тэхналогіі вырабу бясхлорнага дэзінфектанта для абеззаражання аб’ектаў гаспадарча-пітнога водазабеспячэння; тэх­на­­логія мадыфікацыі поліэлектралітных гідрагеляў для вырошчвання пасадкавага матэрыялу іглічных парод у лясных гадаваль­ніках («Шаўэр груп»); тэхналогія вытворчасці паліруючых асяроддзяў на аснове мікра- і нанапарашкоў; тэхналогія вырабу вогнеахоўнага кампазіцыйнага матэрыялу на аснове поліалефінаў для кабельнай ізаляцыі; тэхналогіі вытворчасці дражджэй неактыўных і дадаткаў кармавых; ядомы біяпалімерны матэрыял для ўпакоўкі харчовых прадуктаў і інш.

Ліцэнзійныя дамовы
і міжнародныя кантракты
На створаныя ў НДІ аб’екты права прамыс­ловай уласнасці атрыманы 941 ахоўны дакумент, у т. л. 708 аўтарскіх сведчанняў СССР на вынаходствы, 205 патэнтаў на вынаходства, 7 патэнтаў на карысную мадэль, 21 пасведчанне пра рэгістрацыю таварных знакаў.
У НДІ складзены 43 ліцэнзійныя дамовы на падаванне права выкарыстання аб’ектаў прамысловай уласнасці, штогадовыя плацяжы па іх складаюць да 200 тыс. бел. руб.
Штогод у НДІ выконваецца ад 6 да 8 між­народных кантрактаў на правядзенне НДР. За апошнія пяць гадоў замоўцамі прац з’яўляліся інстытуты і кампаніі Германіі, Кітая, Францыі, Расіі, ЗША, Чэхіі. Толькі ў 2018 гг. вядуцца даследаванні па  5 грантах Рамачнай праграмы ЕС па на­вуцы і інавацыях «Гарызонт–2020», два з іх атрыманы ў 2018 г.

Узнагароды і дасягненні
Распрацоўкі інстытута толькі за апошнія 10 гадоў атрымалі два спецыяльныя прызы і 47 медалёў (22 залатыя, 16 сярэбраных, 8 бронзавых і адзін спецыяльны).
Калектыў НДІ ўзнагароджаны ганаровымі граматамі Савета Міністраў, ДКНТ і Міністэрства адукацыі. Па выніках спаборніцтва сярод арганізацый навукі інстытут сем разоў (у 2005–2012 гг.) быў прызнаны пераможцам і заносіўся на Рэспубліканскую дошку гонару.
У 2013 г. супрацоўнікі інстытута (д.х.н. М. В. Арцем’еў, акадэмікі А. І. Лесніковіч і А. А. Івашкевіч) ганараваны Дзяржаўнай прэміі РБ за цыкл прац «Новыя неарганічныя злучэнні і матэрыялы на аснове мікра- і нанапамерных часціц: атрыманне, уласцівасці, прымяненне».
Л. С. Цыбульская і С. В. Касцюк атрым­лі­валі ў 2016 і 2017 гг. гранты Прэзідэнта РБ. Штогод маладыя супрацоўнікі становяц­ца атрымальнікамі прэзідэнцкай стыпендыі (Д. І. Шыман, 2014 г.; Я. А. Авадок, 2015 г.; І. У. Васіленка і А. В. Пруднікаў, 2016 г.; С. С. Перавознікаў, 2017 г.; А. У. Антановіч, 2018 г.).
Месца працы найлепшых
выпускнікоў хімфака
За 40 гадоў працы інстытута змянялася яго структура, у адпаведнасці з патрабаваннямі часу ставіліся новыя навуковыя задачы – нязменнымі заставаліся закладзеныя заснавальнікамі НДІ каштоўнасці і традыцыі: выкананне навуковых прац на сусветным узроўні, пра што сведчыць высокая якасць публікацый усіх гадоў; правядзенне практыка-арыентаваных даследаванняў – распрацоўкі запатрабаваны ў розных галінах прамысловасці і сельскай гаспадарцы РБ і за мяжой; выхаванне моладзі – супрацоўнікі НДІ актыўна ўдзельнічаюць у навучальным працэсе хімічнага факультэта БДУ, магістранты і аспіранты хімфака сумяшчаюць працэс навучання з працай у лабараторыях інстытута на аплачванай аснове. Штогод НДІ становіцца першым месцам працы найлеп­шых выпускнікоў хімфака БДУ. Мэтанакіраванасць, стваральная энергія, высокі прафесіяналізм калектыву НДІ ФХП дазваляюць дамагацца поспеху ў ажыццяўленні смелых навуковых ідэй.

Вольга УРУБЛЕЎСКАЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: