Падчас міжнароднай адукацыйнай выставы ва Узбекістане больш за 100 узбекскіх школьнікаў прайшлі сумоўе для навучання ў БДУ.
У Палацы творчасці моладзі г. Ташкент з 18 па 23 верасня адбыліся «Дні беларускай адукацыі» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі нашай краіны. Удзельнікамі выставы сталі больш за 60 універсітэтаў і адукацыйных арганізацый, а наведалі яе больш чым 5 тысяч школьнікаў і студэнтаў. Узбекскія абітурыенты і іх бацькі змаглі азнаёміцца з умовамі навучання ў БДУ. Вялікую цікавасць яны выяўлялі да завочнай формы атрымання вышэйшай адукацыі і ў магістратуры.
Дзякуючы высокім пазіцыям БДУ ў міжнародных рэйтынгах, наш універсітэт уваходзіць у спіс 500 вышэйшых адукацыйных устаноў, для якіх не патрабуецца праходжанне працэдуры настрыфікацыі ў Рэспубліцы Узбекістан.
Па словах начальніка аддзела па працы з замежнымі грамадзянамі ўпраўлення міжнародных сувязяў Жанны САВЕЛЬЕВАЙ, у апошнія гады ва Узбекістане назіраецца тэндэнцыя да павелічэння ліку навучэнцаў. У 2016 г. у ВНУ краіны паступалі 663 тыс. чал., у 2017 г. – больш за 729 тыс. чал., у 2018 г. – 810 тыс. абітурыентаў. Пры гэтым у краіне ўсталяваны наступныя квоты па прыёме на навучанне грамадзян Узбекістана ў ВНУ на 2018/2019 навуч. г.: бакалаўрыят – 80 965 чал. (у тым ліку па дзяржаўных грантах 17 669 чал.); магістратура – 5 903 чал. (1 552 чал.).
У наш час асноўнай праблемай у сферы вышэйшай адукацыі Узбекістана з’яўляецца адносна невялікі ахоп моладзі сістэмай вышэйшай адукацыі. Хуткі рост насельніцтва Узбекістана значна ўзмацніў канкурэнцыю пры паступленні ў айчынныя ВНУ, і сітуацыя з кожным годам становіцца ўсё больш напружанай.
Урад Узбекістана спрабуе вырашыць праблему, напрыклад, шляхам увядзення дыстанцыйнай анлайн-адукацыі, аднак пакуль гэты напрамак знаходзіцца на апрабацыі і не атрымаў масавага распаўсюджання. Такім чынам, БДУ мае магчымасць узмацніць свае пазіцыі ў сферы пастаўкі адукацыйных паслуг Узбекістану.
У наш час на рынак Узбекістана актыўна прасоўваюць свае паслугі такія краіны, як Расія, Германія, Паўднёвая Карэя, Турцыя, Вялікабрытанія, ЗША і іншыя, у тым ліку шляхам адкрыцця сумесных адукацыйных структур і рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм. Больш за 60 % тых узбекскіх студэнтаў, што выязджаюць, скіроўваюцца на навучанне ў Расійскую Федэрацыю, 12 % – у Казахстан, 6 % – ва Украіну і г. д.
У Беларусі навучаецца 87 грамадзян з Узбекістана.
Падчас працы на выставачным стэндзе дасягнута дамоўленасць аб супрацоўніцтве з 2 рэкрутынгавымі агенцтвамі па накіроўванні на навучанне ўзбекскай моладзі ў БДУ. Іх прадстаўнікам перададзены матэрыялы пра факультэты і спецыяльнасці, кошты навучання, а таксама праведзены перамовы наконт накіравання дакументаў на навучанне, умоў залічэння ўзбекскай моладзі ў БДУ.
Як распавяла Жанна Савельева, 20–23 верасня на базе адукацыйнай кампаніі EVA-consulting былі арганізаваны рэкламныя прэзентацыйныя семінары «Дні адчыненых дзвярэй БДУ» для ўзбекскіх абітурыентаў, выязное сумоўе па рускай мове. У семінарах прынялі ўдзел каля 230 чалавек, з іх 130 зарэгістраваліся на праходжанне сумоўя па рускай мове. Па выніках выпрабаванняў па рускай мове адабрана і рэкамендавана на навучанне ў БДУ ў 2018/2019 навуч. г. 109 чал. З кандыдатамі на навучанне і іх бацькамі праведзены перамовы пра ўмовы навучання, пражыванне і кошты кантракта. На сёння па дадзеным праекце ў БДУ прыбылі 14 чалавек. Іх прыём яшчэ працягваецца.
Таксама адбыліся перамовы з прарэктарам па вучэбнай рабоце Ташкенцкага дзяржаўнага інстытута ўсходазнаўства (ТДІУ) Надзірам Абдулаевым пра адкрыццё сумесных адукацыйных праграм дзённай платнай формы навучання па схеме «2+2» у сферы падрыхтоўкі спецыялістаў-усходазнаўцаў на базе ТДІУ. Мяркуецца адкрыць сумесную падрыхтоўку ў лістападзе 2018 г.
Разам з тым узбекскія партнёры прапанавалі разгледзець магчымасць адкрыцця сумеснай падрыхтоўкі беларускіх студэнтаў па дадзенай праграме па схеме «2+2» на базе БДУ па наступных напрамках: усходняя філалогія, усходняя філасофія і культура, цюркскія мовы, эканоміка краін Паўднёвай Азіі і Азіяцка-Ціхаакіянскага рэгіёна.