Бацькоўскі месяц у БДУ: вопыт пакаленняў і традыцыйныя каштоўнасці

26 Oct, 2018.

Захаванне сямейных каштоўнасцяў – важная задача не толькі дзяржавы, але і ўніверсітэта. Псіхалагічная служба БДУ ўжо ў другі раз правяла “Бацькоўскі месяц”. Гэтым разам у вельмі цікавай форме: чатыры тыдні кастрычніка прысвечаны “старэйшым” бацькам, маці, бацьку і будучым бацькам. Шматстайнасць формаў і тэм уцягнула студэнтаў у абмеркаванне асноватворных каштоўнасцяў і паглыбіла іх разуменне сябе. Чым быў насычаны гэты месяц, распавядзе газета “Універсітэт”.

“Некалькі гадоў назад у БДУ была прынята праграма сямейнага выхавання, якую рэалізуюць усе факультэты і падраздзяленні. Ініцыятар – Псіхалагічная служба БДУ. Сёлета мы вырашылі аб’яднаць сямейныя святы. Дзень пажылых людзей (1 кастрычніка), Дзень маці (14 кастрычніка), Дзень бацькі (23 чэрвеня) і Дзень сям’і (15 мая)”, – кажа метадыст Алена Усціненка.

Месяц адкрыў тыдзень “старэйшых” бацькоў – нашых дзядуляў і бабуль, прымеркаваны да Міжнароднага дня пажылых людзей. Студэнты знайшлі крэатыўныя варыянты для таго, каб людзі ва ўзросце не пачуваліся самотнымі і пакінутымі, і сышліся на тым, што самае галоўнае – часцей ім нагадваць, што іх любяць і памятаюць. У інтэрнаце № 3 каля 70 чалавек сабрала псіхалагічная гасцёўня “Сувязь пакаленняў і шануем свае карані”. “Усе падзяліліся невялікімі гісторыямі, асабістымі ўспамінамі, пра якія ў звычайных размовах рэдка згадваюць”, – падзялілася студэнтка Вікторыя Мярзлова. А на гістарычным і хімічным факультэтах студэнты запоўнілі дрэва “Сілы роду” мноствам сваіх цёплых пачуццяў да продкаў.

Наступны тыдзень быў прысвечана маці. Глыбокае апусканне і “Кола сямейнага балансу” атрымаліся з праектам ФФСН PsyFox, студэнты працавалі з метафарычнымі картамі. У інтэрнатах № 4 і № 7 гаварылі пра мам і ўсведамлялі свае пачуцці да іх. Упершыню адбылася сустрэча круглагадовай псіхалагічнай групы для дзяўчат “Я гаспадыня свайго жыцця”, ахвотнікаў палепшыць свой эмацыйны дабрабыт. У інтэрнатах праходзілі відэасалон і кансультаванне “Маці і дзіця: дыялог даўжынёю ў жыццё”.

Тыдзень бацькі пачалася з гульні “Хто ў хаце гаспадар?”. Група падтрымкі “Роля бацькі для дачкі: чаму можа навучыць толькі тата” паказала, што ў сям’і і выхаванні бацька іграе далёка не апошнюю ролю. Часта здараецца такое, што галоўная для нас мама, а тата – сіла, апора і абарона на другіх ролях. Але без таты складана стаць паўнавартаснай асобай і сфарміраваць здаровыя адносіны. Таксама два дні праходзіла псіхалагічнае кансультаванне “Праблема бацькоўства. Мужчына ў зменлівым свеце” і анлайн-брыфінг.

Завяршыў “Бацькоўскі месяц” тыдзень будучых бацькоў. На круглым стале “Навошта патрэбныя дзеці” студэнты з работнікамі Псіхалагічнай службы БДУ абмеркавалі традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. “Кожны раз мы пераконваемся, што важна і трэба казаць пра традыцыйныя каштоўнасці. Цешыць, што большасць студэнтаў арыентавана на сям’ю і дзяцей, для іх важная не толькі кар’ера, але і сямейнае шчасце”, – дзеліцца Алена Усціненка.

На працягу ўсяго месяца праходзілі дыягностыкі на гатоўнасць да сям’і, брыфінгі на платформе “Укантакце”. На кожны тыдзень псіхалагічная служба падрыхтавала кансультаванні, круглыя сталы, псіхалагічныя гульні, брыфінгі, відэасалоны і групы псіхалагічнай падтрымкі. Калі ў вас ёсць пытанні пра сям’ю і пабудову адносін, звяртайцеся да Псіхалагічнай службы БДУ.

Надзея МАРХЕЛЬ

print

Вам таксама можа спадабацца: