Экскурсіі і сюрпрызы ад прафкама работнікаў: як разнастайна правесці вольны час

29 Oct, 2018.

 

Канцэрты, спектаклі і выставы і экскурсіі  – усё тое, што прыўносіць у наш вольны час разнастайнасць, – асноўныя напрамкі дзейнасці культурна-масавай камісіі Пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў БДУ.

Старшыня камісіі Алена Кінчы­кава расказала, як плануюць мерапрыемствы, імкнучыся ўлічыць пажаданні ўсіх, і чаму немагчыма дагадзіць кож­наму.

Алена Кінчы­кава (у цэнтры)

Камісія па культурна-масавай рабоце актыўна ўдзельнічае ў арганізацыі і правядзенні шматлікіх агульнаўніверсітэцкіх мерапрыемстваў, найбліжэйшае і, мабыць, галоўнае з іх – святочны канцэрт, прысвечаны 97-годдзю БДУ «Музыка на ўсе часы». Сёлета прафкам падрыхтаваў для супрацоўнікаў сюрпрыз: розыгрыш каштоўных прызоў, таму захоўвайце запрашальныя білеты да закан­чэння канцэрта. Працуе культурна-масавая ў супрацоўніцтве з ін­шымі камісіямі прафкама – спартыўна-масавай, камісіяй па рабоце сярод жанчын, ахове сям’і і мацярынства, працы з ветэранамі вайны і працы. «Сумесна мы, напрыклад, праводзім мерапры­емствы да Дня маці, арганізуем паездкі ў дзіцячы дом.

Паездка ў дзіцячы дом

Калі ездзілі да дзяцей у мінулым годзе, запрасілі ветэранаў працы БДУ, якія рас­павялі пра наш універсітэт, па­дзяліліся сваімі цікавымі ўспамі­намі пра вучобу». Таксама прафкам падтрымлівае творчыя калектывы мастацкай самадзейнасці – дзіцячы танцавальны ансамбль «Літарынка» і народны хор «Родніца», які, дарэчы, шукае маладыя таленты і чакае ўсіх ахвотных.

Паездкі па Беларусі – яшчэ адзін напрамак работы культурна-масавай камісіі. Экскурсіі карыс­таюцца вялікім попытам: работнікі вельмі мабільныя, многія часта ездзяць па свеце, а вось куткі роднай краіны практычна не бачаць.

Падчас экскурсіі ў Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр

– Экскурсіі арганізуюцца мак­сімум на 45 чалавек, а жадаючых нашмат больш, таму часам мы практыкуем па дзве экскурсіі па адным напрамку. Ездзім і ў буйныя гарады, і ў аграгарадкі, бо кожны куток краіны – гэта чыясьці малая радзіма. Вельмі спадабалася экскурсія ў Вялікі тэатр оперы і балета. Яе я ладзіла ўпершыню ў мінулым годзе для дзяцей супрацоў­нікаў. Да гэтага, вядома, шмат хто быў на пастаноўках у гэтым тэатры, а вось трапіць за кулісы і паглядзець на яго знутры давялося ўпершыню, было цікава.

Алена Уладзіміраўна кажа, што часцяком работнікі спыня­юць яе ў калідорах галоўнага корпуса з пытаннямі: «Калі паедзем? Куды?» Попыт ёсць, таму планы на нас­тупны год у старшыні амбіцыйныя: узімку, калі надвор’е не спрыяе паездкам, арганізаваць экскурсію па закуліссі Белдзяржцырка, вясной з’ез­дзіць у Брэсцкую крэпасць, зва­дзіць ветэранаў вайны і працы ў музей ВАВ, а таксама працаваць у напрамку вытворчых экскурсій. Вось экскурсійны тур у Ліду ўключае наведванне завода «Нёман».

Зараз камісія вядзе падрыхтоўку да Новага года, гэты напрамак дзейнасці, як адзначае старшыня, самы маштабны:

– Праца пачынаецца яшчэ ў верасні, калі мы абзвоньваем буйныя тэатральныя і канцэртныя пляцоўкі. Даведваемся пра прапановы, параўноўваем цэны, выбіраем пастаноўкі, выкупляем квіткі. Мы стараемся з рознымі пляцоўкамі наладжваць сувязі, весці шчыльнае супрацоўніцтва, у выніку якога атрымліваем ад іх зніжкі. У пры­ватнасці, цесныя адносіны скла­ліся з канцэртнай залай «Мінск», у іх мы выкупляем квіткі на нава­годнія прадстаўленні ўжо трэці год запар. Квіткі на гэтыя прадстаўленні для дзяцей, як і пада­рункі – цукерачныя наборы, цал­кам аплачвае прафсаюз.

Больш складана ідуць справы з арганізацыяй паходаў у тэатры для дарослых:

– У нас членаў прафсаюза болей за 6000. І перад намі заўсёды паўстае пытанне: «Колькі білетаў выкупляць?» Былі выпадкі, калі мы набывалі 200 білетаў у тэатр, а потым рэалізоўвалі іх не без складанасцяў, г. зн. гэты момант вельмі цяжка пралічыць. Вядома, нашы работнікі вельмі дапытлівыя, усім цікавяцца, але трэба разумець, што мы не можам улічыць інтарэсы абсалютна ўсіх.

Старшыня культурна-масавай камісіі запэўнівае, што, калі ёсць магчымасць, заўсёды ідзе насустрач:

– Два гады запар была сітуацыя, калі шматдзетнаму работнiку не хапала білетаў для дзяцей на на­вагоднія прадстаўленні. Я размаў­ляла з прадстаўнікамі канцэртнай залы «Мінск», і яны пагадзіліся паставіць дадатковыя крэслы. Мы стараемся ўсім дапамагчы і задаволіць жаданні, наколькі магчыма. Мне б хацелася, каб работнікі праяўлялі ініцыятыву, я гатова выслухаць усе прапановы па нашай працы і ўзяць на заметку нейкія ідэі.

Прапановы па кожным канкрэтным мерапрыемстве разам з інфармацыяй пра суму выдаткаў на яго старшыня культурна-масавай камісіі выносіць на абмеркаванне прэзідыума прафкама, пасяджэнне якога праходзіць два разы на месяц. У выпадку, калі калегіяльна прапа­нова адобрана, уся інфар­мацыя размяшчаецца на сайце прафкама і рассылаецца па электроннай пошце старшыням прафбюро падраздзяленняў. Алена Уладзімі­раў­на заклікае: «Будзьце актыўнымі, сачыце за інфармацыяй і падтрымлівайце кантакт са сваімі старшынямі».

Валерыя БАНДАРЧЫК

print

Вам таксама можа спадабацца: