Эпоха камсамола. Уладзімір Навумовіч: “Адкрылі мемарыяльны знак у памяць студэнтаў і выкладчыкаў БДУ, якія загінулі ў гады вайны”

31 Oct, 2018.

Гутарка з камсамольскім актывам у камітэце камсамола БДУ (2-гі паверх галоўнага корпуса ўніверсітэта)

Мільёны савецкіх юнакоў і дзяўчат прайшлі школу ВЛКСМ з моманту стварэння і да самароспуску арганізацыі ў 1991 годзе. Ленінскаму саюзу моладзі споўнілася 100 гадоў 29 кастрычніка. Пра тое, якім быў той час, распавёў Уладзімір Навумовіч, былы сакратар камітэта камсамола БДУ з 1973 г. па 1975 г., член Саюза пісьменнікаў Беларусі, дацэнт філалагічнага факуль­тэта, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (2018 г.).

“Мы–філфакаўцы”. Справа налева: Ганна Мыслівец, Рыгор Галавачанка, Ірына Шымановіч, Уладзімір Навумовіч. Ля ўваходу ў рэспубліканскую бібліятэку імя У. І. Леніна па вул.Чырвонаармейскай (сёння Нацыянальная бібліятэка)

– На маё студэнцтва выпаў той час, калі студэнцкія будаў­нічыя атрады толькі зараджаліся. Была пагалоска: калі хочаш стаць актывістам камсамола, ты павінен быць у будатрадзе. Гэта была адна з прыкмет будучага сакратара камітэта камсамола. Як спяваецца ў песні, мы ехалі па туман і па пах тайгі, па тую энергетыку, якую выпраменьваюць новыя нязвыклыя землі. Першыя будаўнічыя атрады па­чыналіся на досвітку туманнай юнацкасці, не было так салодка напачатку. Але справа ішла на карысць, студэнты набывалі рабочую кваліфікацыю, потым мелі будаўнічую прафесію, станавіліся прафесіяналамі, сапраўдны­мі майстрамі ў розных галінах.

Падарункі–дзецям падшэфнага дзіцячага садка ад камітэта камсамола БДУ

Працу на бульбе, несумненна, трэба ўспомніць, тое, як у засушлівых і прапаленых сонцам стэпах Крыма збіралі ўраджай. Што яшчэ можна казаць: сту­дэнцкае жыццё – гэта лекцыі і каханне, бібліятэка і каханне, будатрад і каханне, бульба і каханне. Каханне заўсёды было асноўным складнікам нашага жыцця.

Падчас конкурсаў студэнцкай мастацкай самадзейнасці

Яшчэ ганаруся, што да 30-годдзя Вялікай Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне мы адкрылі мемарыяльны знак у памяць студэнтаў і выкладчыкаў БДУ, якія загінулі ў гады вайны. Мемарыяльны знак узвялі на сродкі, заробленыя студэнтамі ў будатрадах. Ведаеце, абеліск у форме расколатага вінтоўкай ромба. Маю дачыненне да надпісу на знаку: «Светлай памяцi тых, што ад роднага ўнiверсiтэта пайшлi на свяшчэнную бiтву з фашызмам i смерцю герояў палеглi ў змаганнi, каб вечна свяцiла над нашай Радзiмаю сонца свабоды». Памятаю, як у той дзень 5 мая 1975 года на адкрыцці прысутнічалі пра­фесары, дацэнты, студэнты, кіраўніцтва ўніверсітэта: У. М. Сікорскі, А. Я. Малышаў, Т. Я. Дударава, Л. В. Валадзько і іншыя. Вялізнае мора людзей ва ўніверсітэцкім гарадку, двор як вулей, людзей вокам не акінуць. Я зачытваў клятву, якую мы самі пісалі. Узгадваю, што да адкрыцця помніка ў дворык БДУ часта прыходзіла адзінокая жанчына. Яе сын вучыўся на хімічным факультэце, служыў на флоце і там загінуў. Яна жыла побач з універсітэтам, казала, што нават няма куды пакласці кветкі ў памяць сына. Тады вырашылі, што гэты помнік патрэбны.

На летніх вайсковых зборах студэнтаў-хімікаў БДУ. Справа налева: прарэктар па адміністратыўна-гаспадарчай частцы БДУ С. М. Касячэнка, дэкан факультэта радыёфізікі і электронікі дацэнт А. А. Лабуда,сакратар камітэта камсамола БДУ У. А. Навумовіч, кіраўнікі ваеннага студэнцкага палатачнага гарадка

У перыяд разрадкі напружання пасля Хельсінскіх пагадненняў у жніўні 1975 года паміж двума берагамі праз акіян мяне абралі як адзінага ад БССР удзельніка чацвёртай Сустрэчы савецкай і амерыканскай мола­дзі ў Чыкага, якая праходзіла для пабудовы мастоў дружбы праз Атлантыку. На той час я быў сакратаром 11-тысячнай кам­самольскай арганізацыі, пісь­меннікам, ленінскім стыпендыятам, толькі што абараніў кандыдацкую дысертацыю. Абставіны таго заакіянскага палёту перададзеныя мной у рамане «Не, і як яго сказаць». Цікавы факт, што пачатак такіх моладзевых абменаў быў пакладзены менавіта ў Мінску. У сталіцу БССР тады, яшчэ ў 1972 г., прыляцела каля сотні маладых людзей з ЗША. Іх сустрэлі з уласцівай нам гасціннасцю. Праведзены разам час, размовы пра эканоміку, культуру і адукацыю паслужылі асновай для стварэння сяброў­скіх кантактаў. Потым адбылося больш за дзесяць такіх штогадовых сустрэч. Гэта была народная моладзевая дыпламатыя.

Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: