У гэтым навучальным годзе філфак БДУ пачаў актыўна ўкараняць інавацыйныя падыходы ў выкладанне філалагічных дысцыплін. 5 кастрычніка сваю аўтарскую навукова-практычную распрацоўку ў навучальнай дзейнасці прадставіла кафедра рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры. Аўдыторыі прэзентавалі рэпартажную відэастужку «Вандраванне да пазнання і творчасці: анталогія творчых заданняў».
Адпраўны пункт – творчасць, канчатковая мэта – стварыць новы ўнікальны прадукт: кадры відэастужкі прадэманстравалі, як праходзілі эўрыстычныя заняткі-вандраванне ў групе замежных студэнтаў з выкарыстаннем метаду праектнай працы. Перад навучэнцамі было пастаўлена адкрытае заданне – распрацаваць прэзентацыйны каляндар пра Мінск.
– Гэта методыка інавацыйнага характару, якая разлічана на экспарт адукацыйных паслуг, гэта значыць на тое, каб выклікаць цікавасць у замежных студэнтаў і адпаведным чынам пазіцыянаваць наш універсітэт, – распавядае аўтар заняткаў-вандравання загадчыца кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры Ірына ТАЯНОЎСКАЯ. – Студэнты з вялікай цікавасцю ўспрымаюць падрыхтоўку ўласных адукацыйных прадуктаў, паколькі такая дзейнасць дае ім магчымасць самавыяўлення. Якая б ні была індывідуальнасць студэнта, у рамках інавацыйнага навучання кожны зможа знайсці сябе. Мне здаецца, самае галоўнае ў распрацаваных намі занятках – тое, што кожны студэнт можа адчуць сябе чалавекам-творцам.
У практыка-арыентаванай распрацоўцы заняткаў-вандравання ўвасобіліся ідэі праектна-эўрыстычнага навучання, пабудовы асацыяграм ключавых паняццяў і выкарыстання эйдас-канспектаў. Апошні, дарэчы, можа весціся выкладчыкам на дошцы падчас заняткаў. Эйдас-канспект – гэта форма апорнага канспекта, у якой сінтэзуюцца логіка і эмоцыі, за кошт чаго перадаецца цэласны вобраз бачання тэмы. Важнасць такога канспекта ўзрастае пры працы з замежнай аўдыторыяй, якой неабходная нагляднасць.
– Класічна эйдас-канспект выкарыстоўваецца на занятках па літаратуры, дзе ёсць зварот да мастацкага тэксту. Аднак мы на кафедры трактуем тэрмін «эйдас-канспект» нашмат шырэй і лічым, што ён можа быць дастасоўны на любой навучальнай дысцыпліны, таму што гэта апора на асацыятыўнае, эмацыйна ўзбагачанае ўспрыманне студэнта, якое нясе пэўны асобасна значны сэнс, – тлумачыць Ірына Таяноўская.
На прэзентацыі выкладчыкі і студэнты падчас прагляду відэастужкі абмеркавалі важныя ў эўрыстычным навучанні пытанні: ці можна ацэньваць пастаўленыя студэнтамі праблемныя пытанні па тэме акадэмічным балам? Наколькі пры пастаноўцы адкрытага задання апраўдана даваць узоры і ўводзіць элементы тлумачэння ў аўдыторыі студэнтаў-замежнікаў? Абавязковая ці факультатыўная роля рэфлексіі ў адукацыйным працэсе?
На стварэнне канцэпцыі заняткаў-вандравання паўплывалі супрацоўнікі кафедры рыторыкі і методыкі выкладання мовы і літаратуры, кваліфікаваную дапамогу ў распрацоўцы аказа-ла навучальна-метадычная лабараторыя інавацый у адукацыі БДУ. Серыю мерапрыемстваў па ўкараненні інавацыйных падыходаў у выкладанні на філалагічным факультэце неўзабаве плануецца працягнуць, у прыватнасці, адкрытай лекцыяй-дыялогам старшага выкладчыка кафедры класічнай філалогіі Ю. А. Сядзінінай-Баркоўскай.
Валерыя БАНДАРЧЫК