З 20 па 27 верасня Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт расчыніў дзверы для творчых дэлегацый розных краін у рамках міжнароднага фэсту студэнцкіх і моладзевых тэатраў “Тэатральны куфар–2018”.
Прыглушанае святло, сум на тварах артыстаў, выбліскі камер і фінальныя словы вядучых: “Наш фэст завершаны! Будзем з нецярпеннем чакаць сустрэчы з вамі, дарагія сябры, у новым, 2019, годзе!”
Вось і завяршыліся рэпетыцыі і праўкі рэжысёраў, фэставыя клубы, вечар сяброўства і чарада спектакляў, якія змянялі адзін аднаго і пакідалі неверагодны духоўны ўздым у гледача. Сем дзён праляцелі неўзаметку.
“Kufar-in-Motion” пад кіраўніцтвам Анастасіі Махавай у рамках закрыцця фэсту – рухі цела, музыка, якая інтрыгуе, пачатковая недаказанасць, якая змагла зайграць фарбамі ва ўяўленні гледача. Лёгкія дрыжыкі артыстаў, якія былі прыкметны нават няўзброенаму воку, ад чакання вынікаў гледачовага галасавання і меркавання прафесійнага журы.Тэатр “Кішэнь” (г. Кемерава, Расія) за пастаноўку “Іншыя” ўзнагароджаны гран-пры і ўзнагародай “Найлепшы аматарскі спектакль”.
— У чым сакрэт падбору каманды: прафесіяналы ці артысты-аматары?
— Мы заўсёды падбіраем людзей не па тым, што яны могуць на сцэне, а як яны сябе паводзяць у жыцці. Таму сярод нас усе сябры!
— У кожнай каманды ёсць шэраг традыцый, якія яны заўсёды бяруць з сабой. Тэатр “Кішэнь” не выключэнне?
— Выкарыстоўваем стары правераны спосаб – “пуга і пернік” (рэмарка рэжысёра Лунёвай Ю. П.); заўсёды выкарыстоўваем крычалку “Юлія Пятроўна, малайчына!”, а перад пачаткам спектакля лічым агульную колькасць чалавек, дружна “качаем” і прамаўляем лічбы ўсе разам.
— Хто вам дапамагаў у напісанні сцэнарыя для пастаноўкі?
— Кожны з нас зрабіў унёсак у асобныя нумары, а ў далейшым з гэтага атрымаўся спектакль, які і прайшоў праверку часу!
— Вы атрымалі запаветную “перамогу”, якія будуць вашы далейшыя дзеянні?
— Дахаты і адпачываць! Калі паклічуць на “Куфар–2019”, мы з радасцю прыедзем ізноў.
Гран-пры атрымаў і тэатр Creative Theatre Company за спектакль “Мама Ерма” (г. Тэгеран, Іран), а таксама перамогу ў намінацыях “Найлепшы прафесійны спектакль”, “Найлепшая актрыса” – Фатэмэ Скандары.
— Фатэмэ, вобраз “Мамы Ермы” мае непасрэдную сувязь з вашай краінай?
— У нашай краіне, у Іране, на жаль, многія жанчыны пачуваюцца як галоўная гераіня. Журы адзначыла, што я ўжылася ў ролю Ермы. Гэта прыемна, бо для мяне яна сапраўдны герой! Жанчына, якая хацела ісці супраць правілаў, хацела быць аптымісткай, нягледзячы на свае памылкі і жыццёвыя праблемы. Так, Ерма – ганьба сваёй сям’і (нібы “паршывая авечка”), але яна хоча і спрабуе змяніць гэты свет.
— Пра будучыя планы рэдка кажуць загадзя, спасылаючыся на забабоны. А што скажаце вы?
— Арыенціровачна праз 6 месяцаў мы вернемся з прадстаўленнем у Беларусь. Можа, у наступным годзе будзем і на “Куфры”.
Тэатральныя пастаноўкі гэтага года прадэманстравалі высокі ўзровень аддачы рэжысёраў і прафесіяналізму каманд, крэатыўнасць мыслення пры ўпісванні новага жыцця ў традыцыйныя творы і стварэнне чароўных спектакляў.
Пра пераможцаў ”Тэатральнага куфра БДУ- 2018” можна даведацца тут.