Універсітэцкі “Гай” адкрыў 29 верасня свае зялёныя дзверы для згуртаваных каманд першакурснікаў розных факультэтаў у межах штогадовага спартыўна-турысцкага конкурсу БРСМ “Кубак першакурсніка БДУ”. За невялікі перыяд навучання яны змаглі аб’яднацца ў дружныя калектывы, прадэманстраваць свае навыкі журы, прайсці тэматычныя этапы і атрымаць запаветны кубак.
Сабраць каманду, прыдумаць яркую візітоўку і запамінальны творчы нумар, зняць відэа на тэму “Дыскатэка 2000-х” і зрабіць сумеснае фота, паспяхова прайсці ўсе пікеты з разнастайнымі конкурсамі, дадаць аптымістычную і сяброўскую атмасферу ў калектыў – ідэальны план для атрымання кубка.
Сумеснае пераадоленне перашкод на шляху да перамогі, эмацыйны ўздым і забаўляльная праграма, пошук сяброў і паплечнікаў – арганізатары змаглі здзівіць юных студэнтаў! Кожны атрымаў свой кубак: для некаторых ён выяўляўся ў добрым настроі і новых знаёмствах, для іншых – яшчэ і ў форме прызоў.
Журы прыйшлося старанна папрацаваць пры падвядзенні вынікаў: пры паказе творчых нумароў удзельнікі ўжываліся ў ролю, як прафесійныя артысты. Харэаграфічныя пастаноўкі каманды ФСК, майстэрства галоўнага героя каманды ФМА, супастаўленне анёлаў і дэманаў першакурснікаў філалагічнага факультэта – і гэта толькі малы пералік з прадстаўленняў каманд, што ўрэзаліся ў памяць!
Запаветны кубак апынуўся ў руках у актывістаў БРСМ факультэта міжнародных адносін. На другім месцы – каманда ваеннага факультэта, якая ўразіла ўсіх спалучэннем харызмы і спартыўнага пачатку, бронза – у філалагічнага факультэта.