Навука ў вершах і тэорыя муці. Хто аказаўся самым арыгінальным на антынавуковай канферэнцыі?

12 Oct, 2018.

У фізічнага факультэта БДУ свята: сёлета яму споўнілася 60 гадоў! Сярод канцэртаў і весялосці ёсць і навуковая частка – V Міжнародная антынавуковая канферэнцыя. Шэсць дакладчыкаў разабралі па костках з’явы, якія, на жаль, не вывучаюць ва ўніверсітэцкай праграме. А суддзі – сапраўдныя навукоўцы, ацанілі і тэарытычны, і жартоўны складнікі. Што ж з гэтага узаемавыключальнага спалучэння атрымалася? Газета “Універсітэт” даведалася, чытай ніжэй.

Вялікі юбілей стаў прычынай, чаму антынавуковую канферэнцыю перанеслі на святочны тыдзень. Звычайна яна праходзіла ўвесну, на Дні фізіка, такім чынам, з апошняй мінула аж паўтара года. Арганізатары кампенсавалі затрымку каштоўнымі прызамі: гэта смартфон, фітнэс-бранзалет і партатыўная зарадка маркі Xiaomi, а таксама бескаштоўнае навучанне англійскай мове ці зніжкі на яго. “Паколькі фізфак – гэта перш за ўсё даследчыцкі факультэт, антынавуковая канферэнцыя адчыняе тыдзень юбілею. У гэтым годзе мы вырашылі пайсці вышэй, Савет маладых навукоўцаў дапамог нам з грантам, таму такія добрыя прызы”, – кажа Надзея Сопат, старшыня АКДФ. Сярод журы Павел Грынчук з Акадэміі навук, Канстанцін Клішчанка – лорд арганізацыйнага камітэта Дзён фізіка БДУ, Гарбачук Мікалай – намеснік дэкана, выкладчыкі Ігар Цімошчанка, Максім Шундалаў і Аляксандр Фядотаў.

Ці ёсць навука ў антынавуковай канферэнцыі? Дакладчыкі могуць распавядаць пра самыя “ненавуковыя” рэчы: абдымкі, таматы, марудныя лекцыі… Але гэта тэмы апошніх гадоў! Навуковы падыход нават да такіх з’яў адчыняе дзверы ў навуку. Тым больш што вывучаць і распавядаць пра такое куды цікавей! Пра што дакладалі новыя “антынавукоўцы”?

Выпускнік фізфака Мікалай Юцоў атрымаў узнагароду за самую цікавую тэму. Ён даследаваў чалавечае цела як універсальную крыніцу энергіі. З дапамогай графікаў і найцікавейшых формул, напрыклад , можна даведацца пра час стварэння новага чалавека – дзіцяці. Але больш увагі Мікалай надаў ляноце, калі чалавек адпачывае на ложку і тым самым захоўвае энергію. “Як мы ведаем з фізікі, кожнае цела імкнецца захаваць энергію, у гэтым сэнсе гэта ідэальны стан цела”, – кажа ён. Але ж… Ні фізічнага, ні псіхалагічнага здароўя гэта не дадае, тым больш у даследаванні бачна, колькі энергіі мы атрымліваем ад узаемадзеяння!

Студэнт фізічнага факультэта Іван Дубовік узяўся за “класічную” тэму. З гумарам распавёў ён аўдыторыі пра фізічныя і хімічныя аспекты алкагольнага ап’янення. “У асноўным спажываць спіртныя напоі пачынаюць на першым курсе, і часцей гэта нядобра заканчваецца”, – падкрэслівае ён. На зразумелых і навукова абгрунтаваных прыкладах Іван паказаў, як важна прытрымлівацца правіл ужывання моцных напояў і што народныя прымаўкі не хлусяць.

Не менш цікавая тэма ў аспіранткі і выпускніцы біялагічнага факультэту Анастасіі Лядванскай: яна разгледзела адукацыю ў БДУ як аснову храматаграфічнай ачысткі. І сапраўды: спачатку ёсць маса абітурыентаў, якая потым размяркоўваецца па факультэтах і спецыяльнасцях, потым – больш вузкае дзяленне па спецыялізацыях. Гэта агульнае, а ёсць такія заканамернасці і ў поле і нават стылі адзення студэнтаў.

Студэнты факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій абралі даволі абстрактныя тэмы. Яўген Адамейка пусціўся ў філасофскія разважанні на тэму “Ты – тое, што спажываеш”. Адзін з яго відавочных тэзісаў, што, з’еўшы банан ці бургер, чалавек не становіцца ім, адсылае больш да метафізічнага разумення праблемы, але з-за абмежаванага часу тэму не атрымалася раскрыць. Марыя Кальчэўская, якая вучыцца на другім курсе, выступіла з фантастычнай тэмай “Вялікае перасяленне. МУТЬ (Марсіянская ўніверсальная тэорыя)”. Дзе любімыя большасцю каты сталі першаасновай быцця, моцна звязанымі з Марсам, а рух планет тлумачыцца тым, што каты, як з клубкамі, у іх гуляюць. Канешне, такая тэорыя выклікала шмат пытанняў, але Маша добра на іх адказвала. Дзяўчына прыдумала вельмі цікавую тэорыю, дзе ўсё з усім звязана і добра прыпраўлена гумарам. За гэта яна атрымала ўзнагароду за самую лепшы жарт.

Ужо двухразовым пераможцам антынавуковай канферэнцыі стаў студэнт фізфака Мікіта Паўлюкевіч. Яго “Лабараторная для душы”, якую ён прачытаў вершамі, кранула амаль усіх у аўдыторыі. Мікіта ўзняў праблему таго, што мы робім шмат навуковых лабараторных, трэніруем розум, цела на занятках па фізкультуры, а вось пар “для душы”, на жаль, няма. У вобразе паэта-барда студэнт  напомніў пра вечнае. Журы амаль аднагалосна аддало яму перамогу. Дарэчы, новы тэлефон Мікіце быў вельмі патрэбны. Няўжо, калі ёсць матэрыяльная туга, успамінаеш пра душэўнае?

Надзея МАРХЕЛЬ
Фота аўтара
print

Вам таксама можа спадабацца: