Як ацаніць свой жыццёвы баланс? У БДУ прайшла інтэрактыўная выстава “Свет псіхалогіі”

11 Oct, 2018.

У рамках штогадовага фэсту практычнай псіхалогіі ў БДУ з 17 верасня па 9 кастрычніка 2018 года прайшлі інтэрактыўныя выставы “Свет псіхалогіі”, арганізаваныя псіхалагічнай службай. Яны ўяўлялі сабой інфармацыйна-асветніцкае мерапрыемства, падчас якога ўдзельнікі даведаліся пра напрамкі дзейнасці псіхалагічнай службы, формы і метады працы, пра прынцыпы кансультатыўнай дзейнасці, пра групавыя формы працы, разнавіднасці псіхалагічнай практыкі. Выставы былі арганізаваны на ўсіх факультэтах, даўшы кожнаму студэнту магчымасць пагрузіцца ў дзіўны свет псіхалогіі. Асаблівая ўвага была нададзена студэнтам-першакурснікам, якія разам з куратарамі, наведаўшы выставу, змаглі пагутарыць з псіхолагам і сацыяльным педагогам, якія курыруюць дадзены факультэт, задаць пытанні рознай тэматыкі і адразу атрымаць адказ, а таксама паўдзельнічаць у віктарынах, конкурсах, прайсці цікавыя тэсты і шмат чаго іншага.

Так, апрача нагляднай інфармацыі на выставе былі прадстаўлены розныя інтэрактыўныя (заснаваныя на актыўным узаемадзеянні) тэхналогіі. Напрыклад, экспрэс-дыягностыкі, з дапамогай якіх можна было даведацца ўласцівасці характару і тэмпераменту, пра свае моцныя бакі асобы і схаваныя магчымасці, таксама праверыць свае сілы ў рашэнні інтэлектуальных галаваломак і нават ацаніць свой жыццёвы баланс па 12 сферах жыццядзейнасці.

Не абышлося і без прыемных неспадзевак. На адной з выстаў чырвоную стужачку пераразаў намеснік дэкана па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях біялагічнага факультэта Віталь Сахвон, тым самым абвясціўшы пра адкрыццё выставы на біялагічным факультэце. Студэнцкія куратарскія службы факультэта радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій прыдумалі лагатып і дэвіз сваёй групы, тым самым падкрэсліўшы сваю індывідуальнасць і стварыўшы святочны настрой, а студэнты філалагічнага факультэта пакінулі памяць пра выставу ў выглядзе крэатыўных і арыгінальных фота.

Псіхалагічная служба выказвае велізарную падзяку адміністрацыі факультэтаў за шчырую цікавасць і спрыянне ў правядзенні выстаў. Спадзяёмся, што правядзенне такіх выстаў павялічвае псіхалагічную культуру студэнтаў, стварае пазітыўную атмасферу супрацоўніцтва і сацыяльна-псіхалагічнага дабрабыту.

Ірына ПАПОК

print

Вам таксама можа спадабацца: