«My dream is to fly over the rainbow, so high!» («Мая мара – лётаць над вясёлкай, так высока!») – такое паведамленне вылучаецца сярод лічбаў і паказчыкаў, якія прымаюцца ад універсітэцкага нанаспадарожніка BSUSat-1. Мара спраўдзілася – 29 кастрычніка ў 03.43 па нашым часе з касмадрома ў Кітаі апарат паспяхова выведзены на арбіту вышынёй больш за 500 кіламетраў над паверхняй Зямлі. Ён стаў першым у сістэме беларускай адукацыі і трэцім беларускім аб’ектам на калязямной арбіце. Такім чынам, БДУ ўвайшоў у сотню ўніверсітэтаў, якія адправілі на арбіту спадарожнікі ўласнай распрацоўкі. Пра тое, як ствараўся апарат, распавялі некаторыя яго распрацоўшчыкі.
Уладзімір САЕЧНІКАЎ, навуковы кіраўнік Цэнтра аэракасмічнай адукацыі БДУ, загадчык кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій ФРКТ БДУ:
– Наш факультэт рыхтуе кадры для аэракасмічнай галіны, лепш за ўсё гэта рабіць на канкрэтных праектах. Найбольш зручным варыянтам уяўляецца так званая «Лятучая навучальна-навуковая лабараторыя». Спачатку мы канцэнтраваліся на пэўных элементах распрацоўкі, напрыклад, на карыснай нагрузцы ці службовых сістэмах апарата, удзельнічалі ў шэрагу праграм Саюзнай дзяржавы, дзе рабілі модулі і вузлы малых і звышмалых апаратаў класа CubeSat. Каля 5 гадоў назад вырашылі, што нам патрэбны ўласны нанаспадарожнік.
Працуючы над BSUSat-1, мы фактычна асвоілі поўную скразную тэхналогію: ідэя, пастаноўка задач і мэты, стадыя распрацоўкі і інтэграцыі, поўны комплекс тэхналагічных і лётных выпрабаванняў, запуск, вывад апарата ў працоўны рэжым, атрыманне і апрацоўка дадзеных, перадача іх канечным карыстальнікам. Пры невялікіх габарытах ён абсталяваны сістэмамі энергазабеспячэння, кіравання, арыентацыі і стабілізацыі, тэлекамунікацыі, комплексам тэхналагічнай і навуковай карыснай нагрузкі. На спадарожніку ўсталявана лічбавая камера, радыяцыйны спектрометр, інфрачырвоны дэтэктар і іншае спецыяльнае абсталяванне. Наземныя сродкі кіравання і прыёму дадзеных – таксама распрацоўка нашых спецыялістаў. Вядома, задача была вельмі няпростай, але вырашальнай.
Паколькі гэта складаны навукова-тэхнічны праект, былі задзейнічаны спецыялісты рознага профілю. Над універсітэцкім нанаспадарожнікам працавала каманда з больш як 20 чалавек, прычым палова з іх – студэнты, магістранты і аспіранты. Свой унёсак зрабілі прадстаўнікі некалькіх структур універсітэта, сярод іх факультэты радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій, фізічны, хімічны і механіка-матэматычны, Цэнтр аэракасмічных тэхналогій. Дапамагалі ў працы беларускія прадпрыемствы: «Пеленг», «Полімайстар», «Агат», NTLab, «Віцязь», «Інтэграл», «БелДІМ». У гэты ж праект прыцягваліся работнікі з акадэмічных арганізацый.
5 фактаў пра BSUSat-1:
1. Ён выведзены на арбіту вышынёй 520 кіламетраў.
2. Павінен праслужыць каля 5 гадоў.
3. Першы сігнал быў атрыманы праз 3 гадзіны пасля запуску.
4. Амаль за 95 хвілін здзяйсняе абарот вакол Зямлі.
5. Над ім працавала каманда
з больш як 20 чалавек.
Наш апарат сустракаецца пад дзвюма назвамі. Першае імя Cubel-1 было зарэгістравана пры атрыманні дазволу на выкарыстанне частаты ў Міжнародным саюзе электрасувязі, а ўжо калі апарат быў у стадыі распрацоўкі, вырашылі, што яго лепш назваць BSUSat-1.
Варыянтаў па пляцоўцы для запуску было шмат: Расія, Індыя, Кітай, Амерыка, Японія. Аднак яны шмат у чым не задавальнялі. Напрыклад, меркавалася зрабіць запуск з Міжнароднай касмічнай станцыі, але ў такім разе тэрмін службы апарата быў бы 4–6 месяцаў. Былі нават прапановы па балістычным запуску на эксперыментальнай ракеце, але апарат праіснаваў бы літаральна месяц. На арбіце 520 кіламетраў, на якую ён выведзены, чакаецца, што праслужыць каля 5 гадоў.
Першы час у космасе апарат існаваў у эканомным рэжыме, цяпер мы ўжо паступова ўключаем яго бартавыя сістэмы, правяраючы іх працаздольнасць. Тут галоўнае не спяшацца. Мы запланавалі працэс у тры этапы: мінімум, медыум і поўная праграма. Цяпер мы знаходзімся на медыум-праграме. Першую планку пераадолелі ў рэкордныя тэрміны за кошт прыцягнення радыёаматараў, практычна за суткі мы атрымалі поўную тэлеметрыю. Першы сігнал з BSUSat-1 быў атрыманы праз тры гадзіны пасля запуску, мы яшчэ не паспелі прыехаць з касмадрома. Потым удакладненыя параметры арбіты раскідалі па ўсім свеце, далей пачалі масава прымаць дадзеныя. Нанаспадарожнік раз на паўтары гадзіны здзяйсняе абарот вакол Зямлі, але ён не заўсёды трапляе ў нашу зону радыёбачнасці. На шчасце, яго прымаюць ужо больш за сто радыёстанцый па ўсім свеце і перадаюць інфармацыю нам. Таму тэлеметрыю мы атрымліваем з гэтага апарата, напэўна, большую, чым з вялікага нацыянальнага спадарожніка.
Якія наступныя праекты нас чакаюць? У рамках Нацыянальнай праграмы па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы на 2016–2020 гг. перад намі стаяць задачы па навукова-адукацыйным забеспячэнні аэракасмічнай галіны. Яны ўключаюць тры праекты: стварэнне лабараторыі аддаленага доступу для дыстанцыйнага навучання, запуск яшчэ аднаго штучнага спадарожніка, а таксама распрацоўка мабільных комплексаў прыёму і апрацоўкі дадзеных. Службовыя сістэмы, якія забяспечваюць працаздольнасць спадарожніка BSUSat-1, выкарыстоўваюцца не толькі ў касмічных апаратах, але і ў самых розных транспартных сістэмах ад найпрасцейшага навігацыйнага і кантрольнага абсталявання да беспілотнага наземнага і паветранага. Таму атрыманы досвед будзе выкарыстоўвацца пры распрацоўцы самага шырокага спектра рознай тэхнікі.