На распрацоўку апарата пойшоў не адзін год. Многія, хто ўдзельнічаў у праекце, за гэты час скончыў магістратуру і застаўся працаваць на факультэце радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій. Як ішла праца над BSUSat-1 і як паўплываў гэты праект на прафесійныя навыкі распавялі навуковыя супрацоўнікі лабараторыі інфармацыйнавымяральных сістэм.
Максім СУРАЎЦАЎ, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі інфармацыйнавымяральных сістэм кафедры інфарматыкі і камп’ютарных сістэм ФРКТ:
– Пісаў магістарскую дысертацыю пра сістэму энергазабеспячэння спадарожніка, гэтым жа напрамкам займаўся пры стварэнні апарата.
У мае абавязкі ўваходзіла праверыць сістэму энергазабеспячэння і ўсе яе функцыянальныя вузлы. Гэта сістэма іграе вялікую ролю ў жыццяздольнасці спадарожніка. Сістэма кантралюе струмень энергіі, якая паступае, і перанакіроўвае яго ва ўсе важныя функцыянальныя вузлы спадарожніка: на зарадку бартавых акумулятараў, на сістэмы радыёсувязі, на бартавы камп’ютар, на фотакамеру, на гамаспектрометр і іншыя. Маёй задачай было зрабіць безадмоўную сістэму, каб яна працавала нават у выпадку адмовы мікракантролера. Акрамя таго, займаўся зборкай і канфігурацыяй спадарожніка, удзельнічаў у тэсціраванні апарата.
Наконт графіка скажу, што спачатку ў нас быў звычайны працоўны дзень, а калі з’явіўся кантракт і вызначаныя тэрміны, тады часу праца стала адымаць больш – 12–13 гадзін у дзень, працавалі і па выхадных. А здавалася б, спадарожнік зусім невялікі.
На спадарожніку ўсталяваны не толькі купленыя камплектуючыя, ёсць шмат нашых распрацовак, сярод іх вольная ад сонечных элементаў грань, пераходныя платы і іншыя.Калі казаць пра запуск апарата, то, наогул, за тры тыдні ў Кітаі ў нас было так, што прымаючы бок часта змяняў графікі, даводзілася падладжвацца. Шмат часу сыходзіла на пераезды і пералёты. Мы жылі ў горадзе, размешчаным адносна недалёка ад касмадрома – прыкладна за 200 кіламетраў, у выніку пераезд займаў некалькі гадзін.
Пасля запуску мы адразу ж паехалі ў аэрапорт, таму ўсю аператыўную інфармацыю здабывалі на шляху, але пры гэтым інтэрнэт часта абрываўся. Акрамя таго, кітайскія калегі паведамілі, што з камерай, усталяванай побач з пускавым кантэйнерам нашага спадарожніка, адбыліся нейкія непаладкі і яны не могуць гарантаваць аддзяленне. У такім становішчы мы спрабуем загрузіць інфармацыю з сайтаў радыёаматараў і даведацца хоць нейкую інфармацыю пра стан нашага спадарожніка. І праз некаторы час нашы калегі ў Мінску змаглі атрымаць першую інфармацыю ад спадарожніка і пацвердзілі, што гэта ўсётакі наш апарат. Вось тады мы, нарэшце, адчулі палёгку.Гэты праект прынёс у маё жыццё ўнікальны досвед. Гэта знаёмства з касмічнай галіной, праца ў камандзе ў напружаным становішчы, стараннасць, цярпенне і многае іншае. Прыемна бачыць, што ўкладзеныя высілкі былі не марныя і прынеслі свой плён.
Дзмітрый БУЧЫНСКІ, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі інфармацыйнавымяральных сістэм кафедры інфарматыкі і камп’ютарных сістэм ФРКТ:
– Я распрацоўваў модуль радыёсувязі, які прымае каманды з Зямлі і размяркоўва іх па бартавых сістэмах. І, наадварот, збірае дадзеныя ад сістэм спадарожніка і адпраўляе іх па радыёканале.
Акрамя гэтага пры дапамозе дадзенага модуля можна адсачыць месцазнаходжанне спадарожніка. Яшчэ займаўся тым, што тычыцца сувязі з наземным цэнтрам кіравання. Даводзілася вырашаць і іншыя праблемы, якія ўзнікалі падчас працэсу. Праца заняла больш часу, чым мы чакалі. Даводзілася пераправяраць абсалютна ўсё. Але мы справіліся.
Я прысутнічаў пры запуску спадарожніка, які прайшоў у Кітаі. Нашы кітайскія калегі паказалі прафесіяналізм і ў дапамозе ніколі не адмаўлялі. Вялікую частку працы мы прарабілі ў Беларусі, па прыездзе на касмадром заставалася толькі зафіксаваць канструкцыю, каб пры запуску падчас трасяніны не было пашкоджанняў, пачысціць сонечныя панэлі, пераканацца ў працаздольнасці механізму раскрыцця антэн. Далей ішла праверка дыплоера і мантаж на пліту, якая несла нанаспадарожнік разам з асноўнай нагрузкай.
Калі ракета паднялася ў неба, палёгкі мы яшчэ не адчулі. Бо з кожным выкананым крокам «планка мінімум» паступова паднімалася. Выдыхнулі толькі тады, калі пацвердзілася, што атрыманы з космасу сігнал сапраўды належыць нашаму спадарожніку.
Я прыйшоў у праект яшчэ студэнтам. Паколькі ён стаў для мяне першым маштабным, я б назваў яго вяхой свайго жыцця. Прыйшлося акунуцца ў мноства галін навукі, сутыкнуцца з многімі пытаннямі, пра што нават не задумваўся спачатку. І, як мне здаецца, я даволі нядрэнна падцягнуў свае прафесійныя навыкі.Сяргей ВАСІЛЕНКА, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі інфармацыйнавымяральных сістэм кафедры інфарматыкі і камп’ютарных сістэм ФРКТ:
– Я займаўся праграмаваннем платы бартавога камп’ютара, сістэмай арыентацыі і стабілізацыі спадарожніка, таксама адначасова і іншымі пытаннямі.
Напрыклад, знайсці кампанент за межамі краіны, дамовіцца пра набыццё. У стварэнні нанаспадарожніка ўдзельнічаю з 5 курса. Пісаў па гэтай тэме і дыпломную працу, а потым і магістарскую дысертацыю.
Калі апарат быў сабраны і калегі павезлі яго на касмадром, тады адчуў палёгку, бо я зрабіў усё, што мог. Заставалася верыць у самае лепшае.
На дадзены момант мы толькі атрымліваем ад спадарожніка інфармацыю, каманды не адпраўляем. Расшыфроўваем дадзеныя, сочым за яго функцыянаваннем. Пакеты высылаюць нам на сайт ці загружаюць у сусветную базу дадзеных тэлеметрычнай інфармацыі нанаспадарожнікаў. Расшыфроўваць пакеты могуць усе ахвотныя, адпаведная праграма выкладзеная для вольнай закачкі.
Запуск спадарожніка ў космас мабілізаваў сілы ўніверсітэта. Тут сабраўся вялікі калектыў. Апроч прафесійнага росту можна было ў напружаных умовах адчуць падтрымку кіраўніка. У праекце было ў каго павучыцца не толькі ў прафесійным плане, але і асобасным.
Алёна ЛЯЎШЭНЯ