BSUSat-1. Нанаспадарожнік у космасе, а што далей?

22 Nov, 2018.

Не так даўно апарат БДУ BSUSat-1 быў ведзены на арбіту вышынёй больш за 500 кіламетраў над паверхняй Зямлі з касмадрома ў Кітаі. Про тае, як перадаецца інфармацыя з нанаспадарожніка і як далей з ей працуюць выкладчыкі і студэнты, распавялі нашы навукоўцы.

Аляксандр СПІРЫДОНАЎ, старшы выкладчык кафедры фізікі і аэракасмічных тэхналогій ФРКТ:

– Стаялі задачы правесці папярэдні разлік арбіты апарата, правесці мадэляванне яго руху, распрацаваць навігацыйна­балістычнае забеспячэнне, праграмы па апрацоўцы тэлеметрыі і карыснай нагрузкі.

Аналізуючы інфармацыю паслястартавай дынамікі арбітальных параметраў касмічных апаратаў, запушчаных з кітайскага касмадрома Цзюцюань, мы правялі папярэдні разлік нашай арбіты. Да запуску касмічнага апарата выклалі гэту інфармацыю для ўсіх радыёаматараў, каб адразу пасля запуску яго сігнал можна было паспяхова прыняць. Але маніторынг руху апарата па арбіце – пастянны працэс, трэба сачыць за перамяшчэннем яго цэнтра мас, вызначаць і кіраваць яго вуглавым становішчам у прасторы. Прынятую інфармацыю ад датчыкаў трэба калібраваць, уводзіць паправачныя каэфіцыенты, каб выразна ведаць і арыентацыю апарата, і працаздольнасць усіх яго сістэм.

Адзначу важны момант, што самі студэнты выкарыстоўваюць і пішуць праграмныя прадукты па мадэляванні і прагназаванні руху касмічнага апарата, мадэлююць яго рухі з візуалізацыяй і магчымасцю разліку балістычных характарыстык, параметраў яго радыёсігналаў. Гэта дазваляе паспяхова прымаць і апрацоўваць інфармацыю з касмічнага апарата, вызначаць яго арыентацыю і выконваць алгарытмы па яго кіраванні. Акрамя гэтага мы таксама апрацоўваем дадзеныя і з нашых беларускіх касмічных апаратаў і малых касмічных апаратаў іншых універсітэтаў. Працуем са здым­камі дыстанцыйнага зандавання, бартавых сістэм і навуковай апаратуры. Такім чынам, студэнты навучаюцца на рэальных прыкладах.

Да запуску ўласнага спадарожніка ў адукацыйным працэсе мы выкарыстоўвалі інфармацыю, якую прымалі ад іншых апаратаў, у выніку чаго заставаліся «пасіўным бокам», мы не мелі магчымасці на штосьці паўплываць. Зараз мы можам кіраваць спадарожнікам, праводзіць эксперыменты і нават скарэкціраваць гэты эксперымент у працэсе, калі штосьці пайшло не так. Заўважыў, калі студэнты «судакранаюцца» з універсітэцкім лятучым аб’ектам, яны пачынаюць думаць інакш: з запалам бяруцца за вучобу, захапляюцца гэтым працэсам.

Уладзімір ЧОРНЫ, вядучы інжынер­электроншчык Цэнтра аэра­­­касмічнай адукацыі БДУ:

– Мне пашчасціла стаць першым у свеце, хто дэкадзіраваў тэлеметрыю са спадарожніка BSUSat­1. Гэта адбылося праз 15 гадзін пасля запуску.

Першыя сігналы са спадарожніка былі зарэгістраваныя аўтаматычнай станцыяй глабальнай сеткі SatNOGS ужо праз 3 гадзіны пасля запуску, але яны не былі дэкадзіраваныя. Дзякуючы таму, што на радыёспектры гук нашага спадарожніка мае ўнікальную форму і падобны, як кажуць, да бусла, я быў упэўнены, што гэта сігналы BSUSat­1. Але для таго, каб дака­заць гэта, патрэбна было дэкадзіраванне тэлеметрыі.

Цяпер ад радыёаматараў па ўсім свеце мы бесперапынна атрымліваем і аналізуем тэлеметрыю, у якой змяшчаюцца дадзеныя пра тэмпературы, токі і розныя іншыя параметры, якія вызначаюць стан апаратуры.

Мы правялі спаборніцтва, і 20 чалавек, якія адправілі тэлеметрыю на наш сервер у першы тыдзень пасля запуску, атрымаюць прызы. За ўніверсітэцкім спадарожнікам бесперапынна назірае 341 аўтаматычная станцыя сеткі SatNOGS, і праведзены 274 запланаваныя запісы радыёсігналаў пралётаў BSUSat­1. Сёння на нашым серверы ўжо прынята 2017 дэкадзіраваных тэлеметрычных пакетаў.

У Міжнародным саюзе электрасувязі наш спадарожнік зарэгістраваны як радыёаматарскі. Гэта агульнапрынятая практыка для ўніверсітэцкіх нанаспадарожнікаў, якая дазваляе зэканоміць значныя сродкі за аплату радыёчастотнага рэсурсу. У першыя ж дні палёту Міжнародны радыёаматарскі саюз прапанаваў нам найвышэйшую ўзнагароду для спадарожніка – радыёаматарскі «Оскар». Каб яго атрымаць, трэба выканаць шэраг умоў. Мы выканалі ўсе, акрамя адной: даць радыёаматарам магчымасць абменьвацца інфармацыяй праз спадарожнік. Для гэтага на BSUSat­1 маецца лічбавы рэтранслятар, які зараз адключаны, але пасля правядзення навуковых і адукацыйных эксперыментаў ён будзе ўключаны.

У праекце ўніверсітэцкага спадарожніка я выступаю не толькі як навуковец, але і як радыёаматар, з‘яўляюся выканаўцам абавязкаў начальніка калектыўнай аматарскай радыёстанцыі БДУ. На базе нашай калектыўнай радыёстанцыі арганізавана першая наземная станцыя кіравання спадарожнікамі (ужо хутка будзе адкрыта другая). Дзверы нашай калектыўнай радыёстанцыі адчынены для студэнтаў БДУ і для ўсіх, хто жадае далучыцца да радыёаматарскага руху.

Для даведкі: у Міжнародным радыёаматарскім саюзе BSUSat­1 зарэгістраваны на У. Чорнага. Ён з‘яўляецца адным з самых усходніх назіральнікаў міжнароднай сеткі SatNOGS, і таму тэлеметрыя, атрыманая ім, унікальная. За апошні год ён прыняў, дэкадзіраваў і паслаў ­ на сервер больш за мільён пакетаў тэлеметрычнай інфармацыі. Таксама ён з‘яўляецца адным з лідараў сярод радыёаматараў па колькасці прынятых спадарожнікаў.

Павел ПЯТРОЎ, старшы выкладчык кафедры фізічнай электронікі і нанатэхналогій ФРКТ:

– Атрыманая інфармацыя радыёаматарамі ад BSUSat­1 акумулюецца на створаным намі інтэрнэт­партале bsusat.com.

Гэты рэсурс адкрыты, таму загружаную ў базу дадзеных тэлеметрыю могуць свабодна скачаць і выкарыстоўваць не толькі супрацоўнікі і студэнты БДУ, але і ўся сусветная супольнасць радыёаматараў і навукоўцаў. Сайт bsusat.com арыентаваны на міжнародную супольнасць, таму мы зрабілі яго англамоўным. Хуткім часам будзе створана версія сайта на рускай мове.

Загрузка тэлеметрыі адбываецца наступным чынам: радыёаматары падчас пралёту нанаспадарожніка BSUSat­1 наладжваюць свае прыёмныя станцыі на працоўныя частоты нашага спадарожніка, прымаюць тэлеметрыю і перадаюць дадзеныя па інтэрнэце на сервер праекта, дзе гэта інфармацыя захоўваецца, дэкадзіруецца і аналізуецца. Мы адмініструем гэты сервер, а таксама вэб­сайт, на якім адлюстроўваецца аператыўная інфармацыя пра тэлеметрыю: хто яе прыняў, час прыёму, параметры спадарожніка.

Галоўны наш абавязак у праекце – падтрыманне сайта ў працоўным стане 24/7, каб карыстальнікі ў любы момант маглі адправіць дадзеныя на сервер праекта для кантролю параметраў палёту спадарожніка. Бесперапынна ідзе камунікацыя з замежнымі радыёаматарамі. Каля 20 чалавек з розных краін рэгулярна адпраўляюць нам тэлеметрыю.

На партале прадугледжана магчымасць адсочваць месцазнаходжанне карыстальнікаў. Зразумела, што часцей за ўсё на сайт заходзяць з Беларусі, але ў цэлым статыстыка паказвае, што партал карыстаецца папулярнасцю ў 36 краінах свету.

На галоўнай старонцы размясцілі невялікі блог, тут размешчана гісторыя стварэння праекта, можна ўбачыць фатаграфіі, даведацца больш пра выпрабаванні, якія праводзіліся, а таксама пазнаёміцца ў цэлым з навуковай праграмай БДУ.

Варта адзначыць, што дадзеныя працы выконваюцца з прыцягненнем студэнтаў і магістрантаў. Праект паказаў, што ўніверсітэт здольны вырашаць шырокае кола складаных навукова­тэхнічных задач.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: