BSUSat-1. Як будавалася “Лятучая навучальна-навуковая лабараторыя”?

20 Nov, 2018.

НДЛ інфармацыйна-вымяральных сістэм ўвайшла ў праект нанаспадарожніка больш за тры гады таму. Пра тое як, ствараўся апарат BSUSat-1, распавёў Сяргей СЕМЯНОВІЧ, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі.

– Супрацоўнікі лабараторыі ўвайшлі ў праект нанаспадарожніка больш за тры гады таму. З тых часоў мы так захапіліся ім, што нават даво­дзілася прытарможваць нашы асноўныя праекты.

Першапачаткова праца над «электронным» складнікам праекта нас не палохала: за плячыма лабараторыі быў вопыт стварэння складаных індустрыяльных прыбораў і ўнікальнай медыцынскай тэхнікі. Але арбітальныя ўмовы эксплуатацыі зусім іншыя. Гэта перапады тэмпературы, касмічныя выпраменьванні, вібрацыя на этапе запуску ракеты – вар’яцкія перагрузкі. Каб электроніка не рассыпалася і захавала працаздольнасць на арбіце, даводзілася рабіць мноства тэстаў і наземных эксперыментаў. Акрамя рашэння канструктарскіх, фізічных і хімічных задач камандзе прыйшлося справіцца з невідавочнымі складанасцямі па юрыдычным і мытным афармленні запуску, з пра­блемамі транспарціроўкі і нават з кур’ерскай місіяй па дастаўцы грузу на касмадром. Мы ганарымся, што прайшлі гэтыя этапы.

BSUSat-1 – гэта касмічны апарат невялікіх памераў – 20x10x10 сантыметраў і з масай крыху больш за 1,6 кг. Аднак у гэтыя памеры нам удалося змясціць усе неабходныя падсістэмы. Вядома, пры распрацоўцы апарата мы адштурхоўва­ліся ад стандарту CubeSat, які ў свой час прыдумаў Каліфарнійскі і Стэнфардскі ўніверсітэты.

З чаго складаецца апарат? Яго каркас выраблены з алюмініевага сплаву – лёгкага, трывалага і з высокай цеплаправоднасцю, бо на нізкай калязямной арбіце тэмпе­ратура на адной грані спадарожніка можа быць +50°C, а на процілеглай -10°C. Ёсць падсістэма энерга­забеспячэння, радыёсувязі, розныя мікрамеханічныя і аптычныя датчыкі, бартавы камп’ютар для працы з карыснай нагрузкай, фотакамера і іншае.  Пяць граняў спадарожніка аблеплены высока­эфектыўнымі сонечнымі панэлямі з ККД каля 30%. У склад навуковай нагрузкі апарата ўваходзяць айчынныя электронныя модулі –навігацыйны прыёмнік, гама-спектрометр, радыяцыйна ўстойлівая мікра­схема памяці. У апарата створана цікавая сістэма антэн радыёсувязі, яны раскрыліся ў розныя бакі, як вушы зайца, толькі пасля аддзялення спадарожніка ад ра­кетаносьбіта. Ёсць у спадарожніка кіраваная падсістэма арыентацыі, рэалізаваная з дапамогай 3 уза­емна перпендыкулярных ЭМ-шпулек, што дазваляюць адштур­хоў­вацца ад сілавых ліній магнітнага поля Зямлі.  Больш за тры гады ствараўся і выпрабоўваўся лётны ўзор спадарожніка, каля года ўзгаднялі кантракт па яго запуску, паўгода пайшло на стварэнне і выпраба­ванне адмысловай прылады (дыплоера), з дапамогай якога спадарожнік аддзяліўся ад ракетанось­біта. Два тыдні вялі падрыхтоўчыя работы на касмадроме. На памяць засталася арыгінальная чырвоная стужка Remove Before Flight, з дапамогай якой вымаюць ключ з апарата пасля мантажу на ракетаносьбіце ў знак гатоўнасці да запуску. Мы маглі назіраць, як ракета ляцела пару хвілін, хоць увесь яе палёт да ­арбіты складаў дзесьці 12 хвілін. Правялі тры гадзіны нервовага ­напружання да першага пачутага радыёсігналу, яшчэ гадзіны аддалі на расшыфроўку першай тэлеметрыі, якая пацвярджае праца­здольнасць спадарожніка. Слоган «Лятучая навучальна-навуковая лабараторыя» дастаткова дакладна апісвае прызначэнне спадарожніка. Студэнты ўжо цяпер могуць адпраўляць каманды для спадарожніка, атрымліваць і ана­лізаваць арбітальныя дадзеныя, вывучаць іанасферу. Таксама змогуць адпрацоўваць алгарытмы кіравання, выконваць эксперыменты, якія ім не дазволяць зрабіць на вялікіх спадарожніках. Акрамя таго, ёсць яшчэ адна грамадская функцыя ў спадарожніка. Адно з патрабаванняў Міжнароднага цэнтра, які каардынуе радыёчастоты інтэрнацыянальнай супольнасці радыёаматараў – гэта папулярызацыя радыёсувязі. Наш спадарожнік зможа выконваць ролю бясплатнага тэлеграфа-рэпітара. Ужо два тыдні адначасова з тэлеметрыяй спадарожнік перадае ў радыёэфір паведамленне „Наша мара – лётаць над вясёлкай, так высока“. Каля 95 хвілін доўжыцца адзін віток вакол Зямлі, і толькі каля 10 хвілін спадарожнік даступны для радыёсувязі любому радыё­аматару. Такім чынам, радыёаматары з усяго свету змогуць адпраўляць электронную тэлеграму сваім калегам. Плануем зладзіць і конкурсы для радыёаматараў – ­перадаваць радыёпазлы з беларускімі сімваламі. Усё гэта прыдумана для таго, каб, рашаючы галаваломку, радыёаматары сачылі за спадарожнікам і адначасова атрымлівалі ад яго інфармацыю і перадавалі нам. Больш актуальнай інфармацыі пра спадарожнік – гэта аператыўны кантроль яго стану і пашырэнне межаў для касмафізічных эксперыментаў.Пажадаем доўгага арбітальнага жыцця спадарожніку.

Алёна ЛЯЎШЭНЯ
 
print

Вам таксама можа спадабацца: