Чым можна зацікавіць пакаленне Z? Кацярына Гаспадарык пра новыя формы матывацыі студэнтаў эканамфака [+відэа]

27 Nov, 2018.

Кацярына Гаспадарык са студэнтамі на інжынернай канферэнцыі EPAM

БДУ – гэта вялікі калектыў, сям’я. Мы хочам распавесці пра людзей, якія тут працуюць. Праект «Новы погляд» уяўляе сабой душэўныя размовы з тымі, хто сваёй працай робіць універсітэт лепшым. Сёння праект распавядзе пра Кацярыну ГАСПАДАРЫК.
 
Яна амаль год таму стала загадчыцай кафедры аналітычнай эканомікі і эканаметрыкі эканамічнага факультэта БДУ, пры гэтым цяпер з’яўляецца старшынёй савета маладых навукоўцаў эканамфака. Вучонае званне – дацэнт. Госця рубрыкі распавяла пра СНДЛ «Рэйтынгавае агенцтва», пра Еўразійскую сту­дэнцкую алімпіяду па аналітычнай экано­міцы і прагназаванні, пра конкурс па фінансавай і лічбавай пісьменнасці сярод школь­нікаў, а таксама падзялілася сваім мерка­ваннем пра тое, як правесці цікавыя заняткі.

Пра адукацыю і кар’еру

Мінчанка Кацярына Гаспадарык атрымала дзве вышэйшыя адукацыі. Навучаючыся на 3 курсе ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце па спецыяльнасці «Лінгвіст, выкладчык англійскай і нямецкай моў. Спецыяліст па камп’ютарнай лінгвістыцы», вырашыла ажыццявіць сваю даўнюю мару – стаць эканамістам. Так, паступіла на эканамічны факультэт і паралельна вучылася ў дзвюх ВНУ.

– Калі атрымала дыплом эканамфака, зразумела, што хачу і далей развівацца ў дадзеным кірунку. Тады пачала праводзіць даследаванні, пісаць навуковыя артыкулы. Выйграла грант Erasmus на навучанне ў магістратуры Балонскага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Эканоміка і рыначная палітыка». Гэта быў незабыўны час новых ведаў, знаёмстваў, іншага падыходу да навучання, – кажа загадчыца кафедры. – Некаторыя практычныя навыкі і тэхнікі арганізацыі заняткаў пераняла з досведу замежнай ВНУ і выкарыстоўваю ў сваёй працы. Напрыклад, пры ўніверсітэце Балонні дзейнічаў спецыяльны даследчы фонд, які ўзаемадзейнічаў з рэальным сектарам і запрашаў вядомых прафесараў, спецыялістаў галіны да чытання лекцый па асобных тэматыках. Сёння для правядзення заняткаў у БДУ таксама запрашаю практыкаў, уладальнікаў бізнесу, каб студэнты разумелі, што цяпер прымяняецца ў сферы, чым жыве рэальны сектар.

Як распавядае Кацярына Гаспадарык, з першых дзён у БДУ яна звязана з кафедрай аналітычнай эканомікі і эканаметрыкі. Вучылася пры кафедры, а атрыманыя тут веды вельмі спатрэбіліся за мяжой, не было разрыву шаблону, што там вучаць аднаму, а на эканамфаку іншаму. Пасля магістратуры паступіла ў аспірантуру БДУ без іспытаў, паколькі была сярод лаўрэатаў конкурсу рэспубліканскіх навуковых прац студэнтаў. Навучанне вялося па спецыяльнасці «Матэматычныя і інструментальныя метады эканомікі». Адзначым, з 2014 па 2017 гады яна з’яўлялася старшынёй савета маладых навукоўцаў эканамфака. У  гэты кастрычнік была зноў абрана на гэты пост.

– Пазней была стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь для маладых навукоўцаў, – узгадвае яна. – Уклаўшыся ў тэрміны, паспяхова абараніла дысертацыю на тэму «Методыкі доўгатэрміновага прагназавання эканамічнага росту і мадэлі тэхналагічнай канвергенцыі». Абаранілася ў 2015 годзе, праз год атрымала званне дацэнта, летась прапанавалі заняць пасаду загадчыка кафедры. Усе гэтыя даты выпалі на снежань, гэты месяц для мяне сімвалічны ў кар’еры.

Сфера яе навуковых інтарэсаў – мадэляванне і прагназаванне працэсаў зберажэння, стратэгіі мадэрнізацыі і патэнцыялы краін Еўразійскага саюза, фінансавая аналітыка. У будучыні яна хацела б стварыць курс па эканамічным росце, што звязана з тэмай дысертацыі, магчыма, на англійскай мове.

Кафедра аналітычнай эканомікі і эканаметрыкі

Яна адказвае за эканоміка-матэматычныя дысцыпліны на факультэце. Выкладчыкі кафедры чытаюць такія прадметы, як статыстыка, эканаметрыка і прагназаванне, эканоміка-матэматычныя метады і мадэлі, тэорыя гульняў, нацыянальная эканоміка Беларусі, матэматычная эканоміка, стратэгічнае планаванне, макраэканамічнае прагназаванне, аналітыка ў банку і шматлікія іншыя. У 2017 годзе быў прыняты дэкрэт прэзідэнта «Пра развіццё лічбавай эканомікі», у адпаведнасці з гэтым увялі новы спецкурс «Лічбавая эканоміка».

– Кафедра выпускаючая, кожны год каля 50 маладых людзей атрымліваюць дыплом па спецыяльнасці «Эканоміка», кваліфікацыя «Эканаміст-аналітык». Адпаведна набор складае 10 бюджэтных месцаў, астатнія – платныя, – тлумачыць Кацярына Генадзьеўна. – На кафедры працуе каля 35 чалавек, улічваючы і сумяшчальнікаў, і асноўных выкладчыкаў.

Не так даўно на кафедры быў адкрыты новы напрамак – студэнцкая навуковая даследчая лабараторыя «Рэйтынгавае агенцтва», дзе паглыблена вывучаюцца тэндэнцыі эканомікі.

– У рамках лабараторыі запрашаем лектараў, праводзім дадатковыя семінары, удзельнічаем у канферэнцыях. Мы ўжо праводзілі кейс-чэмпіянат сярод слухачоў, сёлета хочам выйсці на больш высокі ўзровень. Сумесна са студэнтамі мы за гэты год апублікавалі 9 аналітычных артыкулаў у галіновых часопісах для банкіраў і рэальнага сектара, склалі рэйтынгі банкаў, – працягвае Кацярына Генадзьеўна.

Варта адзначыць, што Кацярына Гаспадарык заклала асновы правядзення штогадовай Еўразійскай студэнцкай алімпіяды па аналітычнай эканоміцы і прагназаванні. Гэты інтэлектуальны конкурс стымулюе цікавасць студэнтаў да вывучэння фундаментальных эканоміка-матэматычных дысцыплін. Першы тур алімпіяды – завочнае рашэнне прапанаваных задач, а другі – выкананне прыкладнога даследавання з выкарыстаннем камп’ютарных праграм.

– Сёлета алімпіяда праходзіла ўжо ў 4-ы раз. У БДУ прыязджаюць студэнты розных ВНУ не толькі нашай краіны, але і іншых дзяржаў. З кожным годам удзельнічае ўсё больш каманд, былі дзеці з Расіі, Казахстана, Арменіі. Алімпіяда выяўляе і падтрымлівае таленавітую моладзь, развівае творчыя здоль­насці студэнтаў. Таксама гэта добры спосаб умацаваць сувязі паміж эканамічным факультэтам БДУ і іншымі ўстановамі адукацыі, – дзеліцца Кацярына Генадзьеўна.

Таксама яна сумесна з загадчыкамі кафедраў карпаратыўных фінансаў Ірынай Карачун і банкаўскай эканомікі Аляксеем Караткевічам з’яўляецца суарганізатарам конкурсу «Фінансавая і лічбавая пісьменнасць пакалення Z» сярод школьнікаў, які право­дзіцца сумесна з Асацыяцыяй беларускіх банкаў. Гэта інтэлектуальнае спаборніцтва для школьнікаў, якім даспадобы вывучаць ­фінансава-эканамічныя пытанні, неабходныя для паспяховага жыцця. Студэнты вы­рашаюць тэставыя задачы, пішуць міні-эсэ. У сваю чаргу яны таксама з’яўляюцца па­тэнцыйнымі абітурыентамі ўніверсітэта.

Асобную ўвагу варта надаць праекту Economic Business Club, дзе Кацярына Гаспадарык выступае ў ролі кіраўніка. Гэта супольнасць студэнтаў эканамічнага факуль­тэта, заснаваная для правядзення бізнес-сустрэч, кейс-чэмпіянатаў, інтэлектуальных алімпіяд і аналітычных праектаў. Напрыклад, за гэты навучальны год студэнты паспелі даведацца на лекцыях пра памылкі этыкету ў бізнесе, дзе хаваюцца падводныя камяні пры даследаванні рынку, у чым стандартныя прабелы маркетынгу і продажаў. Таксама былі сустрэчы на тэму доўгатэрміновага развіцця пенсійнай сістэмы, прасоўвання бізнесу анлайн, камунікацыі як канкурэнтнай перавагі, практыкі міжнароднага бізнесу. У лістападзе студэнты прынялі ўдзел з дакладамі на англійскай мове ў III міжнароднай канферэнцыі Carpe Scientiam, якую право­дзіць МДУ імя М. В. Ламаносава.

Погляд на навучанне

Кацярына адзначае, што час патрабуе змен. Удасканальваюцца тэхналогіі, змяняецца соцыум, адбываецца мноства падзей у сферы бізнесу і эканомікі. Выкладчыку таксама даводзіцца пераглядаць свае падыходы да падачы інфармацыі.

– За 9-гадовую выкладчыцкую дзейнасць заўважыла, як змяняюцца студэнты. На мой погляд, раней маладыя людзі былі больш матываваны самастойна атрымліваць веды. З кожным годам гэта паступова сыходзіць, і трэба прыдумляць новыя формы для іх матывацыі. Студэнты новага пакалення Z (якія нарадзіліся прыкладна з 1995 года, сінонім тэрміна «лічбавы чалавек») прывыклі да пастаяннага стымулявання і адначасовага выканання некалькіх задач. Доўгія манатонныя лекцыі для іх цяжкія, неабходна валодаць сучасным тэхнічным інструментарыем, інакш студэнту становіцца нецікава на занятках.

Загадчыца кафедры распавядае, што выкладчыку трэба ўвесь час пракачваць свае веды, бо штодня дадаюцца новыя дадзеныя. У студэнтаў таксама ёсць чаму павучыцца: тэхналагічнай прасунутасці, адкрытасці мыслення, рашучасці, рэалістычнаму і практычнаму падыходу да жыцця. На занятках студэнты робяць праекты, выносяць на абмеркаванне цікавыя ім звесткі, у сваю чаргу Кацярына Генадзьеўна вучыць маладых лю­дзей правяраць крыніцы, выкарыстоўваць міжнародныя базы дадзеных, ацэньваць інфармацыю і аналізаваць яе, умець правільна падаваць інфармацыю і даносіць яе да аўдыторыі.

– Як пісаў Льюіс Кэрал у кнізе «Аліса ў Залюстрэччы», «каб заставацца на месцы, трэба бегчы з усёй моцы, а каб кудысьці патрапіць, трэба бегчы прынамсі ўдвая хутчэй», – разважае загадчыца кафедры. – Гэта выклік часу: трэба змяняцца, спазнаваць новае. Якраз у гэтым дапамагаюць студэнты, за апошні час я ў іх многаму навучылася. Напрыклад, яны прапанавалі выкарыстоўваць папулярнае мабільнае прыкладанне Trello. Цяпер у ім вывешваецца інфармацыя па ­праектах, распісваюцца планы, абавязкі, чэк-лісты. Тут даём анонсы мерапрыемстваў, указваем тэрміны. Фактычна ўкараняем CRM-сістэму (прыкладное праграмнае забеспячэнне для аўтаматызацыі ўзаема­дзеяння з заказчыкамі) у працэс навучання.

Па словах Кацярыны Генадзьеўны, таксама са студэнтамі распрацоўваюцца розныя формы ўзаемадзеяння, каб матэрыял лягчэй успрымаўся: праекты, гульнявыя формы, прэзентацыі (у тым ліку на англійскай).

– Цяпер маладыя людзі атрымліваюць асалоду ад залатога часу – студэнцтва. Мая парада – пашыраць сферу ведаў, наведваць семінары, канферэнцыі. Пасля таго, як паслухаеш іншых, некаторыя пытанні ўспрымаюцца інакш, бачыш, што з гэтага можна прымяніць у тваёй практыцы, заводзіш новыя знаёмствы, якія спатрэбяцца ў будучыні. Я б параіла развіваць сябе не толькі дзякуючы ўніверсітэту – сучасны свет дае для гэтага мноства магчымасцяў. Напрыклад, у рамках нашага Economic Business Club мы выпус­каем спецыяльныя рубрыкі для студэнтаў, дзе кожны тыдзень публікуем топ-спіс: напрыклад, кнігі па напрамках, лекцыі па са­маразвіцці, карысныя тэрміны і гэтак далей. Да таго ж гэтыя матэрыялы лёгка знайсці, яны будуць карысныя не толькі студэнтам-эканамістам.

Гутарыла
Алена ЛЯЎШЭНЯ
Відэа:

print

Вам таксама можа спадабацца: