Сваімі ўспамінамі пра ВЛКСМ падзяліўся Пётр БРЫГАДЗІН, дырэктар Інстытута бізнесу. Ён быў сакратаром камітэта камсамола БДУ з 1979 г. па 1981 г.
– У склад камітэта камсамола ўніверсітэта я быў абраны ў 1973 годзе, затым быў намеснікам сакратара камітэта, начальнікам штаба працоўных спраў, а потым узначаліў арганізацыю. Тады камітэт ЛКСМБ БДУ быў з правамі райкама, наш штат вызваленых работнікаў складаўся з 11 ставак.
Што мне запомнілася? Мне запомніўся энтузіязм. Не маючы сур’ёзных фінансаў і рычагоў уплыву, мы прыдумлялі праекты, якія аб’ядноўвалі моладзь. Будатрады былі сапраўднай школай станаўлення. Мы накіроўвалі студэнцкія будатрады ў самыя розныя куткі Савецкага Саюза. Мне пашчасціла ўзначальваць зборны беларускі студэнцкі атрад на Камчатцы, працаваць галоўным інжынерам зборнага атрада ў Сібіры, камандзірам зборнага атрада ў Мінскай вобласці.
Невыпадкова наш камсамольскі актыў складаўся з камандзіраў і камісараў студэнцкіх атрадаў. Калі чалавек змог вывесці шматлікую каман арганізаваць яе працу, побыт, бяспечныя ўмовы працы, значыць, у ім быў стрыжань, такія станавіліся кіраўнікамі. На працы не спалі начамі, кантралявалі і ўтрымлівалі моладзь у рамках дысцыпліны. Адзначу, за мае 5 гадоў на пасадзе намесніка сакратара і сакратара камітэта ЛКСМБ БДУ студэнты вярталіся з працоўных семестраў цэлымі і здаровымі.
Запомніўся яшчэ адзін наш праект – адкрыццё моладзевага кафэ «Гаўдэамус». Знайшлі памяшканне на вул. Кастрычніцкай, дзе на той момант была сталовая. Думалі, як атрымаць палову гэтай сталовай.
У выніку дамагліся дазволу мясцовых уладаў, райкама партыі. Як толькі вырашылі арганізацыйныя моманты, распачалі працу. Прыдумлялі, прыцягвалі спецыялістаў, актыў працаваў часам усю ноч.
Мастак Сяргей Салохін напісаў карціны, усталяваў перагародку з разьбой па дрэве. Была зробленая гіпсавая ляпніна на сценах, выкладзены паркет. Шкло і падсветку зрабілі на шклозаводзе «Нёман». Дапамог камітэт камсамола завода. Барную стойку зрабілі з чырвонага дрэва, якое праўдамі і няпраўдамі дасталі ў Стоўбцах.
А дзе было ўзяць сродкі? У той час рэктарам быў акадэмік Уладзімір Белы, віцэ-прэзідэнт Акадэміі навук, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Характар – нардычны, але да камсамола ставіўся па-бацькоўску. Калі да яго звяртаўся па дапамогу, то ён пытаўся: «Ты хто такі? Сакратар камітэта камсамола! Дык дзейнічай!» І мы прыдумлялі суботнікі, дамаўляліся з будаўнічымі арганізацыямі, зараблялі грошы. Пасля ўсіх нашых намаганняў кафэ адкрылі. У гэтым жа будынку на першым паверсе зрабілі палітычны дыскусійны клуб «Палітыкус».
Маладыя людзі – гэта адна песня на ўсе часы. Але думаю, што матывацыя ў нас была ў разы мацнейшай. Ва ўніверсітэт было складана трапіць, быў велізарны конкурс. Мы ў большасці былі бедныя, для нас стыпендыя шмат значыла. Цяпер іншы тэмп жыцця. Мне бачыцца, што зараз моладзь жыве ў больш спакойным і забяспечаным рытме, чым мы. Аднак калі раней камсамол мог завабіць студэнтаў 1–2 праектамі, то цяпер гэта павінны быць разнапланавыя мерапрыемствы, каб студэнты захацелі паўдзельнічаць у іх.
Алена ЛЯЎШЭНЯ