Эпоха камсамола. Віктар Шадурскі : “Калі здарыўся землятрус у Арменіі, адразу сфарміравалі атрад, сабралі рэчы для пацярпелых”

6 Nov, 2018.

Удзельнікі беларуска-балгарскага студэнцкага будатрада імя Л. Карастаянавай (ліпень 1982 г., Нясвіжскі раён)

Дэкан факультэта міжнародных адносін Віктар ШАДУРСКІ быў сакратаром камітэта камсамола БДУ з 1989 г. па 1990 г. Ён рассказаў, чым яму запомніўся гэты час, і пра тое, як камсамольцы праводзілі лета.

– З камсамолам быў звязаны з першых дзён ва ўніверсітэце, на 5 курсе стаў вызваленым работнікам – намеснікам сакратара камітэта камсамола БДУ па інтэрнацыянальным выхаванні. Затым улетку 1986 і 1987 гг. кіраваў за­нальным штабам студэнцкіх атрадаў у Карэліі. Незабыўныя ўражанні! Пазней, ужо кандыдатам гіс­тарычных навук, быў абраны сак­ратаром камітэта камсамола. Мне было ўсё цікава, асабліва падабалася праца з замежнымі сту­дэн­тамі, тэма міжнародных сувязяў.

Студэнцкія будаўнічыя атрады даюць самую вялікую ежу для ўспамінаў. Кіраўнікі і актыў атрадаў – залаты фонд камсамола. У наш час такім шляхам студэнты маглі ўбачыць свет, дарогу аплачвала прымаючае прадпрыемства. Таксама была добрая магчымасць зарабіць. Звычайна была такая практыка: першы год ці два працавалі ў Бе­ларусі, а далей з’язджалі за мяжу. Напрыклад, дзяўчаты адпраўляліся ў Малдову і Краснадарскі край, а хлопцы – у Карэлію, Цюмень, Якуцію, на БАМ. Былі і атрады, якія выязджалі ў Балгарыю, Германскую Дэмакратычную Рэспубліку.

ЛСБА «Феміда» юрфака БДУ на фестывалі ў Петразаводску (жнівень 1986 г.). Камандзір занальнага штаба – В. Шадурскі

Вядома, існавала нямала складанасцяў, у прыватнасці, шмат­тысячны камсамол БДУ не меў уласных фінансавых сродкаў, па сутнасці, усё трымалася на запале. Маштабныя мерапрыемствы арга­нізоўвалі і фінансавалі практычна з уласных сродкаў. Займаліся валанцёрствам, праводзілі дні факультэтаў, конкурсы, вечары сяб­роўства. Падарожнічалі як маглі, квіткі каштавалі нядорага, але іх было цяжка дастаць. Калі здарыўся землятрус у Арменіі, адразу сфарміравалі атрад, сабралі рэчы для пацярпелых. Яшчэ збіралі грошы для ліквідацыі наступстваў ката­строфы на Чарнобыльскай АЭС. Актыўна працаваў дыскусійны клуб «Палітыкус», у якім бралі ўдзел студэнты з розных краін. Тут адточвалі сваё майстэрства ў аналізе міжнароднага становішча.

Мы працягвалі традыцыю прыязджаць у Вязынку і праводзіць там фэсты. Моладзі гэта падаба­лася. Дапамогу з электратэхнікай аказвалі ваенныя. У дадатак яны прывозілі палявую кухню і раніцай пасля начной дыскатэкі ў лесе варылі кашу.

Лічу, мы арганізоўвалі вельмі цікавыя і эмацыйна афарбаваныя мерапрыемствы, прысвечаныя Су­с­ветнаму фэсту моладзі ў Маскве (1985). Вырашылі захапіць сту­дэнцтва якасна новым мерапры­емствам – мітынгам-канцэртам, дзе былі песні, танцы і ўрыўкі з дакументальных фільмаў. Уключалі кінастужкі пра Фідэля Кастра, выходзілі лацінаамерыканцы з пес­нямі пра Чэ Гевару, выступалі афганскія студэнты. А пад канец ве­чара вырашылі зачытаць зварот студэнтаў БДУ. Гэтую функцыю вырашыў узяць на сябе. Памятаю, поўная ўніверсітэцкая актавая зала, у якой раскідалі ўлёткі з балкона. Я выйшаў – цішыня, і потым мы ўсе як адзін зачытвалі гэты зварот. Прыйшло разуменне, што мерапрыемства атрымалася.

Сёння маладыя людзі ў большай ступені індывідуалісты. Цяпер вы­шэйшая бытавая і эстэтычная культура, ёсць зручныя сродкі інфармацыі і камунікацыі. На маё меркаванне, цяперашняя моладзь больш прывыкла да камфорту, мыж былі менш патрабавальныя ў гэтым плане. «Маладосць» – вечная катэгорыя. Цябе ўсё вабіць, шмат ілюзій, шмат чаго хочацца паспрабаваць. Аднак, як і раней, людзям важна, каб яны былі запатраба­ваны, каб іх заўважылі. Камсамол даваў такую магчымасць. Яшчэ больш магчымасцяў існуе сёння.

Алена ЛЯЎШЭНЯ

print

Вам таксама можа спадабацца: