«Гэта былі самыя лепшыя вакацыі!» 5 сезон праекта «Студэнт БДУ на тыдзень» завершаны

15 Nov, 2018.

Падчас восеньскіх і веснавых школьных вакацый БДУ ўвасабляе мары абітурыентаў. Дзіва што: хто не марыць пабыць студэнтам і паглядзець, як вучаць і вучацца на жаданым факультэце? Праект, распачаты на факультэце журналістыкі,
з 29 кастрычніка па 3 лістапада ахапіў 15 факультэтаў і каля 120 абітурыентаў.

Для таго, каб стаць студэнтам, вучні 10 і 11 класаў напісалі матывацыйны ліст. На філалагічны факультэт «залічылі» рэкордных 14 абітурыентаў, на астатнія па 6-10. За пяць дзён новыя «студэнты» наведалі пары, пагутарылі з адміністрацыяй і зазірнулі на творчыя мерапрыемствы. Праект «Студэнт БДУ на тыдзень» – адзін з самых моцных ва ўніверсітэце. Ён выйграў конкурс «Найлепшы моладзевы праект» і не абдзелены ўвагай СМІ. І нездарма: за 4 сезоны праз праект прайшлі 250 школьнікаў, вялікая частка з іх паступіла ў БДУ, і кожны з іх на практыцы «пратэсціраваў», ці падыходзіць яму абраныя факультэт і спецыяльнасць.

Кожны дзень абітурыенты адкрывалі для сябе новыя прадметы, зразумелі, што вывучае кожная спецыяльнасць.

Галіна Аўхімовіч: «Увесь тыдзень прайшоў вельмі насычана, былі як і цяжкія і незразумелыя пары, так і цалкам прыдатныя для школьнікаў.Я навучалася на беларускай філалогіі, і ў далейшым збіраюся туды паступаць».

Ксюша: «Чаму я сапраўды дзіўлюся, дык гэта выкладчыкам: кожны з іх так дакладна ведае свой прадмет і так даступна яго тлумачыць, што нават мне (а я яшчэ не скончыла і школу) зра­зумелы матэрыял чацвёртага курса».

Абітурыенты хімфака патрапілі і на забаўляльную праграму «Восеньскі фэст».

Кацярына: «Імправізаваныя столікі з пачастункамі, агні і ўтульныя пледы, прыгожыя галасы выканаўцаў і гучанне гітары – усё гэта частка той казачнай атмасферы, з якой не хочацца развітвацца. Дзякуй студэнцкаму саюзу за арганізацыю свята, не толькі за магчымасць прыняць удзел у адукацыйным працэсе, але і за гэтыя чароўныя хвіліны».

У канцы тыдня некаторыя дзеці сустрэліся з адміністрацыяй. У Інстытуце бізнесу за гарбатай і тортам з намеснікам дырэктара Наталляй Усцюшэнкай і намеснікам дэкана факультэта бізнес-адміністравання Наталляй Панамаровай абітурыенты распавялі пра свае ўражанні ад лекцый і семінараў і зносіны са студэнтамі.

Дар’я Белая: «Гэты праект рэальна цудоўны, менавіта дзякуючы яму атрымалася даведацца пра жыццё студэнтаў знутры, адчуць усю атмасферу ўнівера і проста пагрузіцца ў гэты перыяд жыцця, яшчэ не з’яўляючыся студэнтам».

А арганізатары ўжо запрашаюць на веснавы тыдзень праекта. Да хуткай сустрэчы!

Надзея МАРХЕЛЬ

print

Вам таксама можа спадабацца: