Развіццё студэнцкага самакіравання абмеркавалі на III Міжнародным моладзевым форуме “Моладзь. Інтэграцыя. Развіццё”, які прайшоў у БДУ з 29 па 31 кастрычніка і сабраў каля 70 удзельнікаў з 16 краін Еўропы і Азіі.
“М.І.Р.” у БДУ ўжо ў трэці раз. На міжнародны форум прыйшло больш за пяцьсот заявак. Па выніку было ўхвалена каля пяцідзесяці: гэта старшыні студэнцкіх аб’яднанняў з Нідэрландаў, Славакіі, Германіі, Японіі і іншых краін.
Ключавым мерапрыемствам стаў круглы стол па пытаннях развіцця студэнцкага самакіравання і далейшага супрацоўніцтва са Студэнцкай асамблеяй. Замежныя ўдзельнікі форуму прадставілі розныя мадэлі студэнцкага кіравання, самакіравання, распавялі пра ролю моладзевага ўплыву на прыняцце рашэнняў у ВНУ. Акрамя таго, былі разгледжаны пытанні рэалізацыі сумесных праектаў паміж БДУ і ВНУ-партнёрамі. Ужо распрацаваны праект па адукацыйным турызме. Беларускія студэнты змогуць наведваць замежныя ВНУ-партнёры і падрабязна вывучаць сістэму адукацыі за мяжой, а таксама знаёміцца з культурай краіны.
Гэты праект ужо рэалізуецца. У лістападзе 2017 г. дэлегацыя БДУ наведала Латвійскі ўніверсітэт. Напярэдадні форуму студэнты вярнуліся з Малдоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе ў рамках паездкі абмеркавалі пытанні, якія тычацца адукацыйнага і навуковага супрацоўніцтва ВНУ. Былі расстаўлены акцэнты ў працы з міжнароднымі праграмамі і ў навуковых дасягненнях малдоўскай ВНУ.
Удзельнікі міжнароднага форуму папрацавалі ў чатырох тэматычных воркшопах. На семінары “Праектная дзейнасць, фінансавае суправаджэнне студэнтаў у рамках міжнародных праграм і праектаў” разглядаліся пытанні міжнародных абменаў і магчымасцяў навучання за мяжой. Намеснік начальніка ўпраўлення міжнародных сувязяў Аляксандр Рытаў распавёў пра адукацыйныя праграмы, стажыроўкі, даступныя як студэнтам БДУ, так і замежным гасцям.
На семінары “Нефармальная адукацыя моладзі як элемент комплекснай падрыхтоўкі кіраўнічых кадраў” начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аляксей Багамазаў прадставіў вынікі апытання студэнтаў па тэме дадатковай адукацыі і фарміравання лідарскіх якасцяў. Характэрна, што ў апошнія гады ўсё больш студэнтаў ставяцца да студэнцкіх арганізацый як да рэальнай формы прафесійнага развіцця.Найбольшую цікавасць выклікала секцыя “Удзел студэнтаў у стварэнні “прадпрымальніцкай экасістэмы” ўніверсітэта”, якую мадэраваў намеснік начальніка УВРМ Рыгор Пасрэднік. Пытанне фінансавання студэнцкіх праектаў – актуальная праблема як для студактыву, так і для адміністрацыі. У двухбаковым фармаце былі разгледжаны магчымыя рашэнні з улікам практыкі замежных ВНУ.
Пра добраахвотніцкую дзейнасць распавяла начальнік аддзела моладзевых праграм і праектаў УВРМ Наталля Ярашэвіч. Гэты семінар прысвечаны студэнцкім добраахвотніцкім ініцыятывам, дзе ўдзельнікі дзяліліся сваім досведам.
Тэма, якую мы абмяркоўвалі, з аднаго боку без формул, без складаных паняццяў. З іншага боку, гэта якраз тая тэма, якая стварае базіс для жыцця, – падзялілася Наталля. Так, меркаванне аднаго прадстаўніка замежнага ўніверсітэта – гэта яшчэ не ўвесь досвед краіны. Аднак меркаванні цікавыя. Напрыклад, у Германіі студэнты дапамагаюць за грошы. Універсітэт мае фонд каля паўмільёна еўра ў год на арганізацыю студэнцкіх мерапрыемстваў. І пытанне “дапамагчы – не дапамагчы” больш звязана з тэмай “зарабіць – не зарабіць”. Студэнт з Японіі ўвогуле спытаў, навошта дапамагаць тым, каго не ведаеш. Толькі краіны з падобным менталітэтам (Беларусь, Украіна, Малдова) аб’ядналіся ў разуменні сэнсу валанцёрства. Аддаючы іншым, атрымліваеш больш. Досвед і softskills прымаюцца як вынік валанцёрства”.
У змяшаных групах студэнты дэманстравалі досвед сваіх універсітэтаў у рэалізацыі задач. Мадэратары ў рэжыме нон-стоп задавалі тэмы для дыскусіі, ператварыўшы проста лекцыі ў эфектыўныя практыкумы.
Вы высока паднялі планку правядзення такіх карысных форумаў, – адзначыў прадстаўнік Малдоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Койцан. – Толькі я паспеў падумаць пра структуру самакіравання – як у тую ж хвіліну мне расклалі ўсё па паліцах. Прадуктыўна! Мы ўжо ведаем, які праект хочам рэалізаваць сумесна з беларусамі. І нават выведзем яго на еўрапейскі ўзровень!”
Ні хвіліны на адпачынак, і гэта выдатна. За пару дзён – неверагодная колькасць адказаў на цікавыя для нас пытанні. Прыемна, што беларускія студэнты такія актыўныя. Тут, у Беларусі, створана выдатная пляцоўка, каб студэнт стаў профі ў любой сферы! – падзяліўся Алішэр Жумабай, удзельнік з Казахстана. – З’язджаю не толькі з багажом уражанняў, але і з папкай ідэй для калегаў”.
Ідэі ёсць і ў студэнтаў БДУ. Досвед калегаў з Нідэрландаў плануюць выкарыстоўваць у рэарганізацыі навучальнага працэсу. Студэнты Амстэрдамскага ўніверсітэта прымаюць актыўны ўдзел у фарміраванні выкладчыцкага складу. Калі група лічыць выкладчыка некампетэнтным, то дэканат абавязаны прапанаваць іншага педагога. Падобную практыку ў БДУ праводзіць студэнцкі савет па якасці адукацыі. Арганізацыя працуе толькі на асобных факультэтах і пакуль мае пераменны поспех. Ініцыятыву падтрымліваюць толькі некаторыя дэканы. Адной з формаў уліку студэнцкага меркавання можа стаць правядзенні анлайн-анкетавання. Кожны студэнт зможа прайсці яго ў асабістым кабінеце. Апытанне накіравана на ацэньванне запатрабаванасці і актуальнасці прадмета, узроўню ведаў выкладчыка, педагагічных здольнасцяў выкладчыка, аб’ектыўнасці выстаўлення адзнак выкладчыкам.
Атрыманы на форуме досвед дапаможа не толькі адкрыць новыя праекты, але і рэарганізаваць ужо наяўныя. Гэта тычыцца і самога “М.І.Р.”. Арганізатары абяцаюць: праект стане больш маштабным.
Форум расце вельмі вялікімі тэмпамі. Ён ужо выйшаў за межы таго фінансавання і таго фармату, якімі мы валодаем, – падзяліўся меркаваннем галоўны каардынатар форуму старшыня Студэнцкай асамблеі БДУ Яўген Харук. У будучыні хочам бачыць мадэратараў і спікераў з Еўропы. Наперадзе – апгрэйд для нашых гасцей”.
У БДУ дынамічна прасоўваецца студэнцкае міжнароднае супрацоўніцтва шмат у чым дзякуючы Студэнцкай асамблеі – вышэйшаму прадстаўнічаму органу студэнцкага самакіравання ў нашым універсітэце. Асамблея прадстаўляе інтарэсы студэнцтва БДУ перад органамі кіравання ВНУ, выкладчыцкім корпусам, грамадскімі і дзяржаўнымі арганізацыямі, умацоўвае міжуніверсітэцкія сувязі. Пад эгідай асамблеі працуюць сем студэнцкіх арганізацый, кожная з якіх зацікаўлена ў атрыманні міжнароднага досведу.
Арганізатарамі форуму выступілі Студэнцкая асамблея БДУ і Інфармацыйны пункт Савета Еўропы ў Мінску.